Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы вызначаюць галоўныя падзеі 2004 году


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў “Якую падзею 2004 году вы лічыце для сябе галоўнай?” — з такім пытаньнем зьвярнулася да мінакоў на магілёўскіх вуліцах і супрацоўнікаў офісаў у абласным цэнтры наша карэспандэнтка. Магілёўцы вызначылі галоўныя падзеі ў самых розных сфэрах жыцьця.

(Спадарыня: ) “Нічога, акрамя апошняга цунамі, ня згадваецца. Гэта ўразіла колькасьцю ахвяраў”.

(Спадарыня: ) “Жахлівыя, канечне, катаклізмы прыродныя. Спачуваю, перажываю”.

(Спадар: ) “Напэўна, у Бяслане захоп закладнікаў. Буйная падзея, якая зрабіла эфэкт проста ашаламляльны”.

(Спадарыня: ) “Ды так шмат катастрофаў, усяго такога!”

(Спадар: ) “Канечне, рэфэрэндум. Мне падаецца, няхай нават і няправільна, але разам. Так прасьцей выходзіць зь цяжкага становішча”.

(Спадарыня: ) “Адбыўся рэфэрэндум, і мы не задаволеныя гэтым вынікам. І ня толькі я, а шмат хто. Хацелася б нечага новага. Няма свабоды!”

(Спадарыня: ) “Парадавалі, пасьмяшылі, зьдзівілі выбары ва Ўкраіне. Я глядзела гэта як шоў. Проста было цікава”.

(Спадар: ) “Украіна зрабіла на мяне вялікае ўражаньне. Сапраўдныя выбары. Дастойныя кандыдаты і канкурэнцыя. Па-сапраўднаму! Вось так!”

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, якую падзею 2004 году вы лічыце для сябе галоўнай?”

(Спадар: ) “Асабіста мяне больш за ўсё зьдзівіла перамога зборнай Грэцыі на чэмпіянаце Эўропы. Ну і канечне пэнальці, якога не забіў Бэкхэм. У нас у кампаніі потым зьявілася прымаўка, што “ў кожнага ёсьць свой Бэкхэм”.

(Спадар: ) “У асабістым жыцьці? Я пазнаёміўся зь дзяўчынай. Яна мне падабаецца. Гэта самая прыемная навіна і падзея ў мяне”.

(Спадарыня: ) “Сустрэла любімага мужчыну, вось гэта толькі адна радасьць — што зьбіраемся ажаніцца. У грамадзкім жыцьці нібыта нармалёва. Працую, вучуся завочна. Усё нармалёва!”

(Спадарыня: ) “Для мяне гэта Крым, адпачынак у Крыму. Як мы адпачывалі, загаралі, як езьдзілі на экскурсіі, як радаваліся”.

(Спадарыня: ) “У мяне выдатная падзея — сын атрымаў кватэру. А ў грамадзкім жыцьці? Я настаўніца, сваю працу ведаю, ды і ўсё. Галоўнае для мяне здароўе, каб бачыць, як мае ўнукі растуць, і як я зараблю пэнсію, урэшце”.

(Спадарыня: ) “Былі і добрыя, і дрэнныя падзеі. Але ў мяне вялікія надзеі на новы год. І я хачу пажадаць усім вашым слухачам, каб у новым годзе у вас усё было цудоўна. Каб добрых і менавіта памятных падзеяў было ў новым годзе як мага болей”.
XS
SM
MD
LG