Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ў беларусаў навагоднія ёлкі лысыя і нязграбныя?


Міхал Стэльмак, Менск Нязьменны атрыбут калядных і навагодніх сьвятаў — ёлка. Нягледзячы на павелічэньне ў апошні час прыхільнікаў штучных дрэўцаў, многія беларусы па-ранейшаму аддаюць перавагу жывым ёлкам. Але вось іх якасьць многім псуе сьвяточны настрой.

Назва “лясныя прыгажуні”, што традыцыйна ўжываецца ў дачыненьні да навагодніх ёлак, ёсьць перабольшаньнем. У сапраўднасьці прыгажуняў сярод жывых дрэўцаў, якія прапануюцца ў Беларусі на ёлкавых кірмашах, няшмат. Вось, напрыклад, якімі меркаваньнямі падзяліліся са мной жыхары Менску, што напярэдадні сёлетняга Новага году наведалі адзін са сталічных ёлкавых кірмашоў:

(Cпадарыня Галіна: ) “Яны ня ўсе добрыя. Ёсьць добрыя, а ёсьць і не. Шмат ёлак ломяцца”.

(Спадарыня Ірына: ) “Дзесьці лысаватыя. Дзесьці рэдкія”.

(Спадарыня Натальля: ) “Я такіх ня бяру”.

(Спадарыня Зоя: ) “Мне спадабалася, ёй — не. Усё роўна адзін бок трэба хаваць”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Некаторыя абураюцца, некаторыя не. Хтосьці знаходзіць сваю ёлку, хтосьці не. Усе хочуць, каб яна была пухнатая зьверху данізу”.

Але такіх ёлак, пухнатых зьнізу даверху, на кірмашы няшмат. Прадпрымальнік Сяргей Паўлаў, які атрымаў дазвол на гандаль навагоднімі ёлкамі, паведаміў мне, што набыў іх у адным зь лясьніцтваў Валожынскага раёну. Сам жа ля тамтэйшай вёскі Багданава і займаўся іх нарыхтоўкай:

(Сяргей: ) “Уздоўж дарогі — справа, зьлева. У асноўным усё густа. Робіш прасеку — ходзіш, выбіраеш. Але аднолькава пухнатай ёлка ня будзе, бо там поўнач, а там поўдзень. З аднаго боку лысая. З розных бакоў розныя па пухнатасьці. Гэта прырода, гэта ня штучная”.

Насамрэч, паводле і адмыслоўцаў, лысымі, нязграбнымі, пачварнымі елкі вырастаюць у лесе, дзе пануе прыродная стыхія, дзе няма за імі адмысловага догляду. Гаворыць лясьнічы Драчкаўскага лясьніцтва Смалявіцкага раёну Аляксандар Ракіцкі:

(Ракіцкі: ) “Трэба, каб елка расла на свабодзе. Нішто яе не зацямняла, нішто ёй не перашкаджала. А ў лесе ж дрэвы растуць так, што адно другому перашкаджае, адно з другім змагаецца”.

Паводле спадара Ракіцкага, Драчкаўскае лясьніцтва рэалізавала сёлета жыхарам Менску 1700 навагодніх ёлак. Гэтыя дрэўцы расьлі ўздоўж дарог, лініяў электраперадачаў. Так званыя елкі-самасейкі. Відавочна, даглядаць іх у лясьніцтва не было патрэбы. Гаспадарка без шкадаваньня пазбавілася ляснога “друзу”, які запатрабаваны на спажывецкім рынку. Прадукцыя навагодніх елкавых плянтацыяў на гэтым рынку ў Беларусі пакуль яшчэ рэдкасьць.

Між тым, як лічаць лесаводы, толькі на такіх плянтацыях можна вырасьціць якасную прадукцыю. Прыкладам таму — досьвед цывілізаваных краінаў. Там на адмысловых плянтацыях вырошчваюць калядныя і навагоднія ёлкі на розны густ — ад шаравідных да пірамідальных. Беларусы ж пакуль збольшага непераборлівыя, іх ёлкавы густ, як зазначыла гандлярка Алена Валента, дазваляе рэалізоўваць усё, што дорыць жывая й дзікая прырода:

(Валента: ) “Кожнаму трэба сваё. Камусьці трэба вялікую, камусьці трэба маленькую. Камусьці трэба вузенькую, камусьці шырокую. Камусьці трэба, каб яна была з усіх бакоў кругленькая. Камусьці такая, каб з аднаго боку была голенькая — каб паставіць да сьцяны. Розныя людзі, розныя густы”.
XS
SM
MD
LG