Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вы будзеце сустракаць Новы год? – апытаньне сярод вядомых беларускіх дзеячаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Наш карэспандэнт папрасіў распавесьці пра сустрэчу Новага году, прыгадаць цікавыя сьвяточныя гісторыі былога старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, кіраўніцу Хэльсынскага камітэту Тацяну Процьку і вядомага мастака Аляксея Марачкіна.

Усе мае суразмоўцы сказалі, што для іх Новы год — гэта найперш сьвята сямейнае. І сёлета, як і ў папярэднія гады, яны будуць сустракаць яго дома. Станіслаў Шушкевіч прыгадаў такую навагоднюю гісторыю:

(Шушкевіч: ) “Гэта ў нас сямейнае сьвята. Адна была гісторыя вось якая. Калі я стаў старшынём Вярхоўнага Савету і сустракаў новы 1992 год у сваёй двухпакаёўцы, да мяне прыставілі ахову. І ў калідоры сядзеў міліцыянт, такі чалавек ва ўзросьце. Дык вось мы рыхтуемся да Новага году, жонка мне кажа: “Дык што ж там чалавек сядзіць?” І мы яго запрасілі. Ён вельмі саромеўся, адмовіўся выпіць нешта такое алькагольнае. Але нам было вельмі прыемна, і яму, здаецца, было прыемна, што мы пасядзелі разам. Пасьля ён сказаў, што ня можа тут доўга быць. І вось мы сустрэлі Новы год з чалавекам, які ня быў з нашай сям’і, але мне гэта вельмі прыемна ўспомніць. Сёлетні Новы год буду сустракаць у сям’і. Мы яшчэ канкрэтна не дамовіліся, хто ў нас будзе, але думаю два-тры чалавекі з нашай сям’і”.

А Тацяна Процька гаворыць, што перад гэтым Новым годам ёй зрабіў сваеасаблівы падарунак сьледчы пракуратуры:

(Процька: ) “Я заўсёды сустракаю з нашай сям’ёй — з бацькамі, усімі сваімі сёстрамі, братам і іхнымі сем’ямі ды іхнымі дзецьмі. Бо Новы год — гэта сямейнае сьвята, і людзі павінны сабрацца, паразважаць над тым, што было ў гэтым годзе добрага, дрэннага. Нейкія высновы зрабіць і пажаданьні на новы год. Дзякуй Богу, што ён заканчваецца. Бо менавіта сёлета на мяне была заведзеная крымінальная справа, але пад Новы год сьледчы зрабіў мне падарунак і крымінальная справа спыненая. Бо ў маіх дзеяньнях няма ніякіх небясьпечных для грамадзтва рысаў”.

А Аляксей Марачкін проста падзяліўся сваімі думкамі пра год адыходзячы і спадзяваньнямі на будучыню:

(Марачкін: ) “Новы год, натуральна, сьвята сямейнае. І для мяне трэба так сустракаць Новы год, каб назаўтра была сьветлая галава. Бо як пачнеш першы дзень Новага году, такія будуць і астатнія. Ёсьць такая прыкмета. Таму мяркую, што я буду ў майстэрні ў першы дзень. Новы год, ён крыху вясёлы й сумны. Вясёлы, можа, і ня дужа сёлета, а сумны, можа, таму, што яшчэ на адзін год пастарэў. Ну а зь іншага боку, дзякуй, што гэты год праляцеў, я яго пражыў. Спрадзяваньняў шмат на новы год, бо гэты высакосны, шмат няшчасьцяў прынёс. Гэта глябальная катастрофа ў Інданэзіі, і што ў нас адбываецца тут. Мы пад уражаньнем. Пад уражаньнем і пераменаў ва Ўкраіне, думаем: а што ў нас зьменіцца? І ўспамінаеш Уладзімера Караткевіча і яго словы: “Сьпіць народ, нібы зерне ў зямлі”. Але зерне ўсё ж такі прарасьце ў зямлі, я думаю, што гэта будзе нармальна”.
XS
SM
MD
LG