Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цэнтар Менску будзе запоўнены офіснымі будынкамі й паркоўкамі


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка загадаў паскорыць працы ў справе рэканструкцыі і забудовы гістарычнага цэнтру Менску. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсьліў, што дзяржаўны бюджэт мусіць быць задзейнічаны толькі ў надзвычайных выпадках, а фінансаваць будаўніцтва мусяць інвэстары — перадусім, беларускія. За аснову абраны праект інстытуту “Менскпраект”. Адмыслоўцы згадваюць, што рашэньнем кіраўніцтва менавіта гэтай арганізацыі былі зьнесеныя некалькі гістарычных будынкаў па вуліцы Замкавай, уключна са старой сынагогай.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі найперш зьвяртае ўвагу на тое, як адбываўся конкурс праектаў разьвіцьця гістарычнага цэнтру сталіцы. Ён перакананы, што бальшыня людзей пра конкурс увогуле ня ведала, а патрапіць у Ратушу, дзе былі выстаўленыя працы, было немагчыма.

(Харэўскі: ) “Ніводзін сярэдні чалавек туды не патрапіў. Туды ня трапілі ні журналісты незалежных выданьняў, ні фатографы. І вось на такім тле адбывалася тое, што завецца “грамадзкае абмеркаваньне” гэтых праектаў у Ратушы. То бок, там ужо было ўсё вырашана загадзя”.

Інстытут “Менскпраект” плянуе завершыць працы ў гістарычным цэнтры Менску за 15 гадоў. Я запытаўся ў спадара Харэўскага: якія плюсы і мінусы, зь ягонага гледзішча, мае ўхвалены Аляксандрам Лукашэнкам праект?

(Харэўскі: ) “Што зьвяртае на сябе ўвагу ва ўсіх праектах — гэта аднаўленьне царквы Сьвятога Духа. І гэта безумоўны плюс. Што адмоўнае? Гэта ўварваньне несувымерных элемэнтаў, відавочна дысгарманічных са старой архітэктурай. Замест таго, каб ісьці ў пэрспэктыве шляхам разбораў эстэтычна і маральна неадпаведных будынкаў з мэтай стварэньня паркавых і зялёных зонаў, ідзе інтэнсіўнае засваеньне тэрыторыі з мэтай выкарыстаць кожны квадратны мэтар, каб спагнаць максымальную арэндную плату”.

Спадар Харэўскі ўдакладняе, што гаворка пра шматлікія офісныя будынкі і паркінгі, будаўніцтва якіх ужо пачалося ў раёне вуліцы Нямігі. На ягоную думку, замест таго, каб разгрузіць гістарычны цэнтар, плянуецца яго максымальна запоўніць. Харэўскі разам з калегамі спадзяваўся, што дзеля гэтага прынамсі будзе рэалізаваная старая ідэя з тунэлем, які, да таго ж, напалову ўжо збудаваны.

(Харэўскі: ) “Ёсьць закансэрваваны тунэль пад Верхнім горадам, які будаваўся ў комплексе з мэтрапалітэнам. І было б лягічна з боку вуліцы Кастрычніцкай “урэзацца” у гару з тым, каб машыны “выляталі” ужо на праспэкце Машэрава. Дэ факта праца зробленая, і штосьці такое чакалася. Але атрымалася, што пад выглядам стварэньня нібы пешай зоны (а гэта, зь іхнай лёгікі, тое, што вакол Ратушы — ты ходзіш туды, куды міліцыянт не пускае) наадварот — адбываецца ўварваньне ўсё новых і новых элемэнтаў і інтэнсіфікацыя руху”.
XS
SM
MD
LG