Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрыстас Пургурыдэс пра прысуд Марынічу: “Рэжым Лукашэнкі паказвае сьвету сваё сапраўднае аблічча”


Валер Каліноўскі, Менск Рашэньне Менскага раённага суду аб 5-гадовым турэмным тэрміне для аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі Міхаіла Марыніча выклікала шырокую міжнародную рэакцыю. Гэтае рашэньне ўжо асудзіў Дзярждэпартамэнт ЗША.

Сябра ПАРЭ, дэпутат кіпрыйскага парлямэнту Хрыстас Пургурыдэс, які быў аўтарам справаздачы аб зьніклых палітыках у Беларусі, зазначае, што працягвае пільна сачыць за падзеямі ў Беларусі, і ў тым ліку за справай Міхаіла Марыніча.

(Пургурыдэс: ) “Я быў шакаваны і засмучаны гэтым рашэньнем. Зразумела, што рэжым Лукашэнкі паказвае сьвету сваё сапраўднае аблічча. Я вельмі спадзяюся, што міжнародная супольнасьць пасьля гэтага судовага рашэньня зразумее: калі не рабіць сур’ёзных захадаў супраць гэтага рэжыму і не прымушаць яго адысьці ад улады, падзеі ў Беларусі месяц за месяцам будуць разьвівацца ўсё горш. Гэта трагічная заканамернасьць, якой я вельмі расчараваны, і спадзяюся, што міжнародная супольнасьць будзе рашуча рэагаваць на гэтае судовае рашэньне”.

Хрыстас Пургурыдэс адзначыў, што судовае рашэньне адмыслова было прынятае перад навагоднімі сьвятамі, каб яго не заўважылі ў сьвеце:

(Пургурыдэс: ) “Для такіх дыктатараў, як Лукашэнка, Новы год альбо Каляды ці іншыя сьвяты ня маюць важнага значэньня. Для іх важна сеяць страх сярод людзей, і дзякуючы гэтаму трымаць уладу ў руках, вось іх мэта”.

Хрыстас Пургурыдэс перадаў віншаваньні беларускаму народу з Новым годам і пажадаў, каб налета ў Беларусь прыйшла дэмакратыя.

Юры Паўлэнка, дэпутат Вярхоўнай Рады, сябра палітрады блёку “Наша Ўкраіна” зьвязвае ўзмацненьне рэспрэсіяў у Беларусі з пасьпяховай аранжавай рэвалюцыяй ва Ўкраіне:

(Паўлэнка: ) “Зразумела, што цяпер аўтарытарныя рэжымы, якія сфармаваліся ў краінах былога Савецкага Саюзу, вельмі спалохаліся аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, дзе фактычна грамадзяне зьмялі свой аўтарытарны рэжым. Яны разумеюць, што чарга за імі”.

Юры Паўлэнка зазначыў, што ягоная партыя падрыхтуе адмысловы зварот у сувязі з асуджэньнем Міхаіла Марыніча:

(Паўлэнка: ) “У сувязі з тым, што Беларусь — самая блізкая да Ўкраіны дзяржава, кіраўніцтва Беларусі, якое дзейнічае яшчэ больш жорсткімі мэтадамі ў адносінах да сваіх грамадзянаў, чым гэта было ва Ўкраіне, намагаецца ў зародку зьнішчыць мажлівыя праявы аранжавай рэвалюцыі ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG