Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як людзі расцэньваюць прысуд Міхаілу Марынічу?


Галіна Абакунчык, Менск Крымінальная справа супраць былога міністра, парлямэнтара і дыплямата Міхаіла Марыніча завершылася прысудам аб пазбаўленьні волі цягам пяці гадоў і канфіскацыі маёмасьці. Палітык пакараны нібыта за крадзеж амэрыканскіх кампутараў і іншай тэхнікі ў грамадзкай арганізацыі, якую ён узначальваў. У гэтым зьвязку Дзярждэпартамэнт ЗША выступіў з заявай у якой гаворыцца, што Амэрыка ня мае прэтэнзіяў да Міхаіла Марыніча, а судовае рашэньне супраць яго ёсьць злоўжываньнем судовай сыстэмай рэжымам Лукашэнкі. Што ведаюць грамадзяне Беларусі пра справу Міхаіла Марыніча і як ацэньваюць вынесенае судом пакараньне — у мінакоў на вуліцах Менску высьвятляла наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “За нібыта крадзеж кампутараў і іншай тэхнікі суд пакараў Міхаіла Марыніча пазбаўленьнем волі цягам пяці гадоў і канфіскацыяй маёмасьці. Ці чулі вы пра гэта й як гэта расцэньваеце?”

(Спадар: ) “Я ня чуў пра гэта, таму нічога дакладанага сказаць не магу. Але ў нашай кране ўсё магчыма”.

(Спадарыня: ) “Гісторыя ведала ўсялякія выпадкі — калі прымаліся і справядлівыя судовыя рашэньні, і несправядлівыя. Але я не настолькі ведаю гэтую справу, каб нешта казаць”.

(Спадар: ) “Я чуў пра гэта, чуў, які прысуд. Шмат, напэўна, усё ж-такі далі. Але ў мяне знаёмец два гады за скрыню цьвікоў сядзеў. А тут усё ж кампутары”.

(Спадарыня: ) “За кампутары пяць гадоў? Я гэтага ня ведала, і гэта для мяне адкрыцьцё. Але гэта мяне зусім не зьдзіўляе, бо тут правы чалавека парушаюцца, я гэта магу сказаць на ўласным пракладзе”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вы чулі пра гэта й што пра гэта думаеце?”

(Спадар: ) “Можа, гэта і надта сувора? Ня ведаю”.

(Спадар: ) “Я чуў пра гэта, і я гэтаму не зьдзіўляюся. У нашай краіне ўжо няма чаму зьдзіўляцца, бо тут можа быць нават тое, што і ўявіць немагчыма”.

(Спадарыня: ) “Пра прысуд я ня чула, але ведаю, што ён недзе сядзеў. Ведаю таксама, што ніякай судовай сыстэмы ў нас няма ўвогуле, бо тут усё куплена”.

(Спадарыня: ) “На жаль, ня ведалі мы, бо гэтай інфармацыі ў прэсе не было. Але гэта жахлівы прысуд, гэта папросту расправа над Міхаілам Марынічам. Бо ў свой час, як вядома, ён быў адным з прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, і гэта ёсьць жорсткая, бесчалавечная, неадэкватная ніякім учынкам, расправа. Гэта яшчэ адзін грэх на сумленьні цяперашняй улады”.
XS
SM
MD
LG