Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды”. (Частка пятая — апошняя)


Аляксандар Уліцёнак, Менск Мы заканчваем своеасаблівы тыдзень знаёмства з “дулінамі”, якія накруціў рэдакцыі прызнаны майстра дасьціпнага слова.

Шчыра прызнаюся: для мяне гэтая кніга — найбольшы творчы плён мінулага году. Калі ж разабрацца — дык хіба толькі аднаго? Дзякую Гросмайстру слова за “гарачае” лета, а ён у адказ: “Давай лепш апошняе пачытаю!” Дык слухаем, дзядзька Рыгор!

(Барадулін: ) “Год малпы зьмяняе год сіняга пеўня, і ў мяне склаліся радкі:

Лятуць намеры нашы ў высі. Рашучасьці, як грошай, мала. Чаго мы сёньня дамагліся, Нам сьмела малпа паказала. Няхай бы сіні певень гэны Гарласта так пракукарэкаў, Каб разбудзіць хоць нашы гены, Бо мы ж ня з племя недарэкаў...

А то часам хочацца сказаць: жуе Беларусь... Жуе й сьпіць... Але аднойчы прачнецца. Наш сьветлы дзень чакае нас. І дачакаецца... Жыве Беларусь!”

Шкадаваньне праспаных шанцаў на лепшае адразу нагадала барадулінскія радкі з эпіграмы на Аляксея Знаткевіча:

Зрабілася роднае шчэ радней. І зразумеў, што набытак у стратах Незашораны Аляксей...

Гэта падказка беларусам ад дзядзькі Рыгора: варта рабіць высновы з пройдзенага, і каб хутчэй прыйшлі перамены да лепшага, трэба працаваць па-іншаму! З на парадак большай энэргіяй. Як, напрыклад, рупіцца адзін зь лепшых палітычных аглядальнікаў і радыё, і Беларусі Юры Дракахруст:

Да працы заляцаецца Дракахруст, І яна адпаведнаю платай адказвае.

Ёсьць праца — будзе і плён, адно цьвердзіць мудры паэт. І спасылаецца пры гэтым на лідэра свабодаўскай каманды, нястомнага Аляксандра Лукашука:

Рашучаму інтэлігенту, Сур’ёзнаму Лукашуку, Рафінаванаму дашчэнту, Пан посьпех падае руку. З кім можна пану павітацца, Падказвае паненка праца.

Такім чынам, рэцэпт посьпеху паводле дзядзькі Рыгора не вызначаецца асаблівай мудрагелістасьцю: спрадвеку тое самае кажуць і ў народзе. А Барадулін жа — паэт народны... З падслуханага сярод людзей нарадзілася і яшчэ адна яго эпіграма. Адрасаваная Валянціну Жданку, яна вельмі хораша пасуе зусім хуткаму Новаму году:

Ні злосьцю, ні пустою зьвягай Зьмяніць нічога немагчыма, А дабрынёю і развагай І задуменнымі вачыма, Такімі, як у Валянціна, Льга ўсё зыначыць цьвёрда й чынна...

Паэт пасьлядоўны: хоць кніжка “Дуліна ад Барадуліна” перасыпаная эпіграмамі, аднак яна прасякнутая дабрынёй і любоўю. Таму й выклікала надзвычай шырокі рэзананс. Людзі няспынна тэлефануюць у рэдакцыю: дзе можна дастаць зборнік? А як працавалася над кніжкай, з Рыгорам Барадуліным мастаку Генадзю Мацуру?

(Мацур: ) “Формаўтварэньні яго літаратурных твораў падаліся мне вельмі зразумелымі. Вельмі лёгка яго слова візуалізавалася на старонках кнігі. Відаць, гэта нейкае ўнутранае разуменьне адно аднаго. Прызнаюся, гэта рэдкая зьява, каб тое, што ты робіш у кнізе, яшчэ падабалася і аўтару. Ды яшчэ такой велічыні, як Рыгор Барадулін. Хацелася толькі б пажадаць больш працаваць з такімі аўтарамі, за якіх можна схавацца і рабіць ўсё, што заўгодна, усё, што захочаш...”

Вось радкі з эпіграмы на карэктарку зборніка Аляксандру Макавік:

Беларуска шляхетная Макавік Па-шляхетнаму Родную мову пялегуе...

Слова ў адказ — шляхетнай прыгажуні Сашы:

(Макавік: ) “Я ўдзельнічала ў выданьні ранейшых кніг радыйнай Бібліятэкі Свабоды, і па-мойму, “Дуліна ад Барадуліна” — самая шчасьлівая зь іх кніжка. Яна рабілася надзіва лёгка, хутка і ці ня ў стане эўфарыі, бо ўсе мы з выдавецкай групы — і наборшчыца, і мастак, і рэдактар, і я былі зачараваныя тэкстам і атуленыя захапленьнем дзядзькі Рыгора, які на ўсе новыя ідэі што да макету, ці разьмяшчэньня тэкстаў (а ідэі проста вульканілі), ці маіх запытаў пра тое ці іншае вушацкае слоўца (пуляты страх, ці ўпірлівая чараўніца) адказваў нязьменна: “Выдатна! Проста выдатна!” Я вельмі ўдзячная дзядзьку Рыгору за давер і за шчодрую хвалу, бо той ягонай эпіграме на мяне хочаш ня хочаш трэба ўжо адпавядаць. Зычу дзядзьку Рыгору вясёлых сьвятаў і моцнага здароўя! А чытачам жадаю новых барадулінскіх кніжак!”

А зусім хутка за Новым годам — юбілей Рыгора Іванавіча: семдзесят! Перад тым і тады мы ізноў пачуем характэрны голас, які ўжо стаў родным для тысяч слухачоў Радыё Свабода! Да новых сустрэч у Новым годзе зь нязьменна новым, кожны раз непаўторным Рыгорам Барадуліным!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG