Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды”. (Частка чацьвёртая)


Аляксандар Уліцёнак, Менск Увесь пераднавагодні тыдзень у нашым эфіры гучаць эпіграмы Рыгора Барадуліна на журналістаў-свабодаўцаў. Яны надрукаваныя ў кнізе “Дуліна ад Барадуліна” ў сувязі з 50-годзьдзем беларускай службы Радыё Свабода. Новы зборнік народнага паэта прэзэнтаваўся гэтымі каляднымі днямі.

Мінулы раз мы спыніліся на тым, як свабодаўцы палітыку асьвятляюць. Мне, шчыра кажучы, больш падабаецца эсэ дзядзькі Рыгора пад назвай “Як беларусы сэксам займаюцца”. Але пра гэта — пад канец. Так бы мовіць, дзеля інтрыгі. А напачатку ўсё ж пра пані палітыку, да якой шмат народу заляцаецца... Сёй-той — небеспасьпяхова! Прыгожы раман, напрыклад, намеціўся ў Юрыя Сьвірка:

Юрась у палітыку ўлез з галавой, Шыкуючы, Досьвед растрачвае свой...

А маладая жонка з малым дзіцяткам? Не хвалюйцеся, Юрыя хапае на ўсіх! Да слаўнай кагорты людзей глыбокіх дзядзька Рыгор адносіць і Сяргея Абламейку, які нарадзіў арыгінальны філязофскі цыкль “Эгаізмы”:

Вагоны эгаізмаў Абламейкі Вязуць усьмешкі з мулкімі бакамі...

У прынцыпе, палітыкаў можна сьмела адносіць да эгаістаў — дужа любяць яны сябе, такіх нібыта самых непаўторных ды разумных! Хоць насамрэч далёка не заўсёды гэта менавіта так. Што тонка й паказвае Віталь Цыганкоў, калі запрашае іх у студыю падыскутаваць:

...Ён вясёла за круглым сталом У кут заганяе любога...

Іншая тактыка ў прызнанага палітычнага “цяжкавагавіка” Валера Карбалевіча. Паводле назіраньняў дзядзькі Рыгора, гэты аналітык бярэ найперш неперадузятасьцю:

Адно, што нельга — Зь недаверам За круглы стол сядаць з Валерам.

Шчырасьць, адкрытасьць сваёй пазыцыі народны паэт Беларусі прыкмячае і ў іншых журналістаў Свабоды. Прынцыповасьць праваабаронцы Алега Грузьдзіловіча такая, што

...калі ўзысьці захоча раптам сонца Не з таго боку, Ён ня дасьць яму!

Ня менш упёрты, цьвердзіць дзядзька Рыгор, і Зьміцер Падбярэскі:

Закон у людзей, Як і ў дрэваў, суровы: З жывога — дубровы, З пасохлага — дровы...

Права рэзаць праўду-матухну, “сякчы з-за пляча” — гэта цытата з Барадуліна, — мае хіба журналіст-эрудыт, глыбокі знаўца канкрэтных праблемаў. Напрыклад, Сяргей Шупа:

Ня звык ён уладам у ладкі біць. Сваю пахвалу адмервае скупа. Прагрэсу падказку можа зрабіць, Як вучню ля школьнай дошкі, Шупа.

Глыбока “бурыць” і дасьледчык беларускай мінуўшчыны Вячаслаў Ракіцкі, лічыць дзядзька Рыгор, і пры гэтым хітравата падміргвае:

Аж вар’яцее цемра злая, Што лёс нам сьветача паслаў, — Залысінамі асьвятляе Шляхі да волі Вячаслаў.

Ці не таму ўдаецца яму своеасаблівая “пастырская” місія, што пра гэта шчыра моліцца сябра Вячаслава, сьвятар і публіцыст Кастусь Бандарук:

Кастусь Бандарук у нябёсы ўзносіць Малітву зьясьненую ў вяках...

Дарэчы, пра непарыўную, заўважную сувязь часоў і пакаленьняў. На Свабодзе працуюць тры журналісты, чые імёны ці прозьвішчы наўпрост зьвязаныя са слыннымі гістарычнымі постацямі Бацькаўшчыны. Вялікае Княства Літоўскае, велічны князь Альгерд і — свабодавец Альгерд Невяроўскі:

Паўтарыць гатоў Альгердаў шлях: Княскі не стамляецца размах!

А вось цёзка славутага Кастуся — Валер Каліноўскі:

...гатовы, цьвелячы бяду, На шыбеніцу, як Кастусь, Валер пайсьці за Беларусь.

Іншым шляхам (дзякуй Богу, ня ленінскім) пайшоў журналіст Севярын Квяткоўскі. Усьлед за вядомым паўстанцам, але ў крыху іншым сацыяльным асяродку:

Як цёзка Налівайкі, Ўзьняць паўстаньне Квяткоўскі можа Ў бары “Радзівіл”.

Як вядома, адна з суседак чаркі — Муза. А дзе натхненьне, там і каханьне. Нямала песень прысьвяціў яму Зьміцер Бартосік, што сталася падставай для такой сакавітай барадулінскай “дуліны”:

Як бард і вяшчальнік, Бартосік слухачак Умее давесьці Да сьмелых гарачак.

Што стаіць за тымі “сьмелымі гарачкамі”? Як хто пакуль ня ведае, спытайцеся, раіць дзядзька Рыгор, у нашага кампутаршчыка Максіма Капрана, які нядаўна нарадзіў трэцяе дзіцё, доўгачаканага сына:

Ён ведае тэхніку ўсёй “Свабоды” І тэхніку, Як памнажаць сям’ю.

Але пра тое, самае цікавае, — наступным, пераднавагоднім ужо днём!
XS
SM
MD
LG