Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія беларускія імпрэзы будуць у Менску ў навагоднюю ноч?


Альгерд Невяроўскі, Менск Многія актывісты Маладога фронту будуць сустракаць новы 2005 год на менскіх плошчах. Яны рыхтуюць беларусам свае падарункі. Некалькі дзясяткаў маладафронтаўцаў, пераапранутых у бел-чырвона-белых Дзядоў Марозаў, выйдуць да ўсіх асноўных елак гораду, дзе звычайна сустракаюць Новы год многія менчукі. Такім чынам яны будуць віншаваць людзей са сьвятам і раздаваць ім падарункі. Звычайна гэта каляндарыкі на новы год з адпаведнай беларускай сымболікай.

Такія акцыі на Новы год актывісты Маладога фронту ладзяць ужо некалькі гадоў запар. Яны гавораць, што людзям гэта вельмі падабаецца, і многія гараджане разам з маладафронтаўскімі Дзядамі Марозамі крычаць на плошчах – “Жыве Беларусь!” Часам ўдзельнікаў такіх акцыяў спрабуе затрымаць міліцыя, але людзі абураюцца такімі паводзінамі міліцыянтаў. Таму міліцыянты звычайна маладафронтаўцаў адпускаюць тут жа на месцы.

Пра тое, якая галоўная мэта такіх акцыяў распавядае адзін зь лідэраў Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Самая першая мэта – гэта наблізіць людзей да Беларусі. Таму што калі нехта сустрэне новы год пад воклічамі “Жыве Беларусь!”, калі там сотні чалавек гэта гукаюць, то застанецца гэта, я думаю, на ўсё жыцьцё, праз гэта мы можам дайсьці да яго як да беларуса, дабрацца да ягонай душы”.

Ці будуць у Менску ў ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня яшчэ якія-небудзь беларускамоўныя імпрэзы? Навагоднія відовішчы з выступам як прафэсійных так і самадзейных артыстаў будуць адбывацца ноччу на Кастрычніцкай плошчы і каля елак ва ўсіх раёнах Менску. Ня выключана, што там будуць гучаць беларускамоўныя выступы.

Але галоўнай беларускамоўнай навагодняй імпрэзай ў Менску стане выступ музыкаў зь вядомага праекту “Крамбамбуля” ў новым клюбе “Ізюм”, што каля Палацу прафсаюзаў. Лідэр “Крамбамбулі” й гурту “N.R.M” Лявон Вольскі гаворыць, што сёлета рок-гурты сталі запрашаць на розныя навагоднія імпрэзы значна менш чым летась. Нагадаю, што ў гэтым годзе ўлады выдалі неафіцыйнае распараджэньне не перадаваць кампазыцыі “N.R.M”, “Нэйра дзюбеля”, “Палацу”, “Драм экстазі” і Аляксандра Памідорава ў FM-эфіры, пасьля таго, як яны выступілі на адным зь мітынгаў апазыцыі.

Ці гэта ёсьць прычынай таго, што рок-музыкаў не запрашаюць у навагоднюю ноч выступіць перад менчукамі? Пра гэта гаворыць Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Справа ў тым, што такія рок-каманды ў нас лічацца “не фарматам” наогул у краіне, іх вельмі рэдка запрашаюць, толькі такія нацыянальна вызначаныя ці стылёва вызначаныя людзі, а гэта здараецца рэдка. Таму ў нас запрашаюцца ў асноўным такія поп-калектывы. У гэтым годзе менш запрашэньняў, чым было летась. Гэта можа палягаць на нейкай забароне, а можа быць, прычына папросту ў тым, што няма грошай у людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG