Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камфорт абыдзецца бабруйскім п’яніцам дорага


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Народная воля” ў сёньняшнім нумары паведамляе пра нявыплату заробкаў віцебскім настаўнікам. Напярэдадні Новага году пэдагогам Першамайскага раёну Віцебску замест месячнай зарплаты выдалі ўсяго па 50-60 тысяч рублёў. Больш за ўсё, як зазначае газэта, настаўнікаў зьдзіўляе той факт, што менавіта яны былі ў першых шэрагах тых, хто непасрэдна займаўся сёлетнімі выбарамі й рэфэрэндумам. Настаўнікі зьбіралі бацькоўскія сходы, хадзілі па кватэрах, агітуючы за прадстаўнікоў улады. Адным словам, віцебскія пэдагогі прыклалі шмат намаганьняў дзеля захаваньня ўлады ў цяперашняй кіраўнічай эліты. Чыноўнікі за гэта, паводле “Народнай волі”, абяцалі, што тут кватэрная плата расьці ня будзе, праезд у грамадзкім транспарце не падаражэе, цэны ня падвысяцца, заробкі будуць плаціць своечасова. Аднак, як вынікае з публікацыі, чыноўніцкія абяцаньні ня спраўдзіліся: прадстаўнікі ўлады зараз ігнаруюць сваіх колішніх памочнікаў, пакідаючы іх сам-насам са сваімі праблемамі.

Лунінецкая газэта “Информ-прогулка” паведамляе пра сацыяльна-эканамічную сытуацыю на Лунінеччыне напярэдадні Новага году. Сярод раёнаў Берасьцейскай вобласьці тут склалася найгоршая сытуацыя зь бюджэтнымі выдаткамі. Як тлумачыць газэта, на пачатку 2004 году раённае начальства выдала пазыкі мясцовым сельгаспрадпрыемствам на выплату заробкаў і на набыцьцё паліва і ўгнаеньняў. На гэта пайшло амаль паўмільярда рублёў. Аднак грашовыя пазыкі лунінецкія аграрнікі не вярнулі дагэтуль. Таму зараз, як зазначае “Информ-прогулка”, узьнікла напружаная сытуацыя з выплатай заробкаў мясцовым настаўнікам, мэдыкам, работнікам культуры.

“Камэрцыйны кур’ер”, які выдаецца ў Бабруйску, зьвяртае ўвагу сваіх чытачоў на абвастрэньне ў адыходзячым годзе праблемы п’янства ў раёне. За год у мясцовы мэдвыцьвярэзьнік траплялі звыш 6 тысяч бабруйчанаў. У тым ліку, як сьведчыць статыстыка, кліентамі бабруйскага мэдвыцьвярэзьніка ў 2004 годзе былі 40 студэнтаў ды 10 непаўнагадовых. У 2005 годзе, як піша газэта, у гэтай установе зьменяцца ўмовы знаходжаньня. Кіраўніцтва абяцае абсталяваць мэдвыцьвярэзьнік люстэркамі, нават рыхтаваць для кліентаў сьнеданьне ды паіць гарбатай. Аднак такі камфорт бабруйскім п’яніцам абыдзецца ў 40 800 рублёў.
XS
SM
MD
LG