Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскі чэмпіён Ігар Макараў Новы год у абяцанай новай кватэры не сустрэне


Ігар Карней, Менск Як зьбіраюцца сустракаць Новы год вядомыя ў краіне людзі? Пра гэта запытаўся ў некаторых зь іх наш карэспандэнт. Найбольш папулярным адказам, як і трэба было чакаць, стаўся намер адзначыць прыход Новага году сярод родных і блізкіх сяброў.

Узорам сямейнага стылю сьвяткаваньня – былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір.

(Чыгір: ) “Як заўсёды, у сям’і. Сьвята сямейнае, таму толькі ў сям’і”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ў вас традыцыйны спосаб адзначэньня?”

(Чыгір: ) “Так”.

Адмаўляюцца ад экстравагантных спосабаў увайсьці ў чарговы каляндарны год і людзі, схільныя да нестандартных учынкаў. Так, мастак Артур Клінаў катэгарычна заяўляе:

(Клінаў: ) “Ніякіх пэрфомансаў. Жонка ў гэты год патрабуе нейкую кампанію, дома адзначаць ня хоча, дык паедзем да рэжысэра Андрэя Кудзіненкі, ён запрашаў, а там ужо будзем імправізаваць – як атрымаецца”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, працяг можа быць розны?”

(Клінаў: ) “Натуральна, усё можа быць. Але адмыслова, прынамсі, я сёлета не рыхтаваў нічога”.

А вось у прадстаўнікоў яшчэ адной галіны, гэтым разам спартовай, калядныя ды навагоднія сьвяты ёсьць рэдкай магчымасьцю пабыць дома. Праўда, алімпійскі чэмпіён у дзюдо Ігар Макараў спадзяваўся, што сьвяты супадуць яшчэ і з абяцаным на вышэйшым узроўні навасельлем. Аднак у дадзеным выпадку абяцанка якраз і атрымалася “цацанкай”.

(Макараў: ) “Буду сустракаць Новы год у Гомелі. Новай кватэры няма, і тое, што казалі наконт Менску – увогуле нуль. Проста людзям трэба нагаварыць, што ў краіне на Новы год усё цудоўна. Насамрэч, нічога такога няма нават і блізка. Яно і зразумела: навошта народ настройваць на горшае? Трэба шмат разоў паўтарыць, што ўсё нармалёва. Таму і ў мяне ўсё выдатна”.

Праўда, радасьці ў голасе алімпійскага чэмпіёну чамусьці няшмат. Гэтаксама ня самым вясёлым атрымліваецца Новы год і ў палітоляга Аляксандра Фядуты: у гэты дзень ён памінае сваю маці.

(Фядута: ) “31 сьнежня – гэта яшчэ і дзень нараджэньня маёй нябожчыцы-маці, таму зараз для мяне гэта яшчэ трохі і сумны дзень. Але заўжды 31-га я сустракаю зь сям’ёй. Я вельмі хачу, каб будучы год быў добрым і сьветлым, але, на жаль, разумею, што, магчыма, будзе інакш”.

Далёкія ад аптымізму і ўдзельнікі ўсё больш віртуальнага комік-дуэту “Саша і Сірожа”. Папулярных пэрсанажаў у 2004 годзе прымусілі да тэлевізійнай эміграцыі, а спробы вярнуцца ў эфір на Першым музычным канале аказаліся марнымі. Гаворыць “Саша”, ён жа Аляксей Хацкевіч.

(Хацкевіч: ) “Звычайна мы сустракаем Новы год дома, зь сям’ёй, а потым куды-небудзь ідзем. Летась у майстэрні сустракалі, а аднойчы і ўвогуле ў дарозе. У любым выпадку спрабуем адзначыць так, каб запомнілася. Але зараз назапасілася нейкая стомленасьць. Да таго ж, вірус гуляе, таму лепей сьвяткаваць у сям’і, ну яго на фіг. Ня хочацца нейкіх лішніх рухаў рабіць”.

Пачуць асаблівых плянаў на адзначэньне Новага году так і не ўдалося. Праўдападобна, Новы год насамрэч ёсьць для беларусаў самым сямейным сьвятам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG