Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі офіс АБСЭ будзе працаваць і ў 2005 годзе


Уладзімер Глод, Менск Гэта выцякае з таго, што ніводная з краінаў, што уваходзяць у Арганізацыю бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе, не скарысталася сваім правам парушыць так званую “працэдуру маўчаньня”. Згодна з правіламі АБСЭ, любая краіна з гэтай міжнароднай арганізацыі, якая палічыла б, што менскі офіс больш не патрэбны, магла паведаміць пра гэта да 12-й гадзіны 28 сьнежня. Паводле паведамленьня зь Вены, дзе месьціцца штаб-кватэры АБСЭ, ніхто ўзгаданым правам не скарыстаўся. Як сустрэлі гэтую навіну ў Беларусі?

Нагадаю, што офіс АБСЭ, які ўзначальвае нямецкі дыплямат Эбэргардт Гайкен, пачаў працаваць 1 студзеня 2003 году. Ягоным папярэднікам была місія АБСЭ, якую ачольваў іншы нямецкі дыплямат – Ганс-Георг Вік.

Зразумела, што ў Беларусі ня могуць не параўноўваць працу гэтых дзьвюх каманд. І тут адзначаюць, што місія праяўляла больш актыўнасьці, чым офіс. Але я хачу падкрэсьліць, што такое параўнаньне ня вельмі карэктнае. Справа ў тым, што і місія, і офіс атрымлівалі ад АБСЭ пэўныя паўнамоцтвы, пэўны мандат, усё гэта зацьвярджалася кіраўніцтвам гэтай міжнароднай арганізацыі. І тут трэба адзначыць, што паўнамоцтвы каманды Гайкена аб’ектыўна намнога меншыя, чым былі ў каманды Віка.

Беларускія афіцыйныя ўлады здолелі зьменшыць паўнамоцтвы офісу. Цяперашні мандат абмяжоўваецца аказаньнем дапамогі беларускаму ўраду ў інстытуцыяльным будаўніцтве, забесьпячэньні вяршэнства закону й разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці згодна з прынцыпамі АБСЭ, а таксама рэалізацыю праектаў у сфэры эканомікі й аховы навакольнага асяродзьдзя. І вось што сказаў мне з гэтай нагоды кіраўнік партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Я думаю, што праблемаў для ўладаў у цэлым наяўнасьць офісу АБСЭ ў Беларусі стварае менш, таму што, на жаль, мандат офісу вузейшы. І хачу выказаць толькі такі спадзеў, што, як і раней, нават у рамках гэтага мандату супрацоўнікі менскага офісу АБСЭ на чале з амбасадарам Гайкенам будуць ажыцьцяўляць аб’ектыўны маніторынг той сытуацыі, якая складаецца з правамі чалавека, з выбарамі, зь інфармацыйным полем у Беларусі”.

Што можна сказаць пра пэрспэктывы працы офісу ў наступным годзе? Яны, як мне падаецца, могуць стаць больш складанымі. Асабліва калі Аляксандар Лукашэнка пойдзе на датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Усе заўважылі, як значна адрозьніваюцца ацэнкі выбарчых кампаніяў экспэртамі й назіральнікамі ад АБСЭ і ад СНД. Калі эўрапейскія адмыслоўцы ўшчэнт скрытыкавалі ўмовы правядзеньня парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі, далі нэгатыўную ацэнку парушэньняў падчас галасаваньня 21 лістапада на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, то з пункту гледжаньня назіральнікаў ад СНД і ў Беларусі, і ва Ўкраіне, калі там дапісалі мільёны галасоў Януковічу, усё было цалкам дэмакратычна. Тут абсалютна розныя падыходы, абсалютна розныя крытэры да выбарчых кампаніяў.

Я папрасіў выказаць свае меркаваньні наконт працы офісу АБСЭ ў Беларусі вядомага знаўцу міжнародных справаў, былога намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Андрэя Саньнікава:

(Саньнікаў: ) “Наагул у АБСЭ даволі крытычная сытуацыя ў самой арганізацыі. Улетку выступілі прэзыдэнты краінаў СНД зь вельмі моцнай крытыкай арганізацыі. Яны незадаволеныя тым, як ацэньваюць назіральнікі ад АБСЭ выбарчыя кампаніі. Гэта сьведчыць пра тое, што краіны СНД, у тым ліку Беларусь, занепакоеныя тым, што менавіта АБСЭ настойвае на празрыстых, дэмакратычных, свабодных выбарах. А гэта не адпавядае інтарэсам тых рэжымаў, якія ўсталяваліся цяпер у бальшыні краінаў СНД.

Што тычыцца працы офісу АБСЭ ў Беларусі, то відавочна, што гэта будзе залежаць ад сытуацыі ў самой арганізацыі, ад сытуацыі ў Беларусі. Я лічу, што пакуль фактарам, які уплываў бы на сытуацыю з дэмакратыяй у краіне, офіс ня стаў”.
XS
SM
MD
LG