Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз стане галоўным прыярытэтам зьнешняй палітыкі новай Украіны


Віталь Цыганкоў, Менск Як мяркуецца, на пасаду новага міністра замежных справаў Украіны будзе вылучаны Барыс Тарасюк, які ўжо раней кіраваў зьнешнепалітычным ведамствам Украіны. У інтэрвію для Радыё Свабода спадар Тарасюк заяўляе, што Эўразьвяз НАТО і ЗША стануць прыярытэтамі зьнешняй палітыкі Ўкраіны.

“Новая Ўкраіна будзе мець справу з Расеяй як раўнапраўны партнэр”, – заяўляе Барыс Тарасюк, які працаваў міністрам замежных справаў Украіны ў 1998-2000 гадах і быў звольнены прэзыдэнтам Кучмам за свой занадта празаходні курс.

Віктар Юшчанка ўжо заявіў, што ягоны першы замежны візыт у якасьці новага ўкраінскага прэзыдэнта будзе менавіта ў Маскву. Але на гэты раз Украіна і Расея павінны ўсталяваць новы тып адносінаў паміж роўнымі бакамі, роўнымі партнэрамі.

Барыс Тарасюк лічыць, што Масква, якая і так згубіла даволі шмат у сваім іміджы з-за ўмешваньня ва ўкраінскія справы падчас выбараў, не зьбіраецца, канфліктуючы з Кіевам, надалей пагаршаць свае стасункі з Захадам.

Апошнія гады Ўкраіны толькі дэкляравалі свае намеры ўступіць у Усясьветную гандлёвую арганізацыю Эўразьвяз і НАТО, але нічога не рабіла, каб адпавядаць дэмакратычным крытэрыям, прынятым у гэтых структурах. Таму зараз, лічыць Тарасюк для Кіева галоўнае пераадолець нэгатыўную спадчыну часоў Кучмы і даказаць шчырасьць сваіх намераў.

(Тарасюк: ) “Першы крок новай адміністрацыі, новага ўраду – прадэманстраваць Эўразьвязу, што зараз ён мае справу зь іншай Украінай, дэмакратычнай, зь дзяржавай з высока разьвітай грамадзянскай супольнасьцю, з нацыяй, падрыхтаванай да пасьлядоўных і канкрэтных намаганьняў дзеля таго, каб адпавядаць крытэрыям сяброўства ў Эўразьвязе”.

Нягледзячы на ўсю важнасьць расейскага накірунку, менавіта Эўраінтэграцыя стане прыярытэтам зьнешняй палітыкі новай Украіны, – заяўляе Барыс Тарасюк, найбольш верагодны кандыдат на пасаду новага міністра замежных справаў Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG