Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымая ў Беларусі “аранжавая рэвалюцыя”?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 29 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: філёзаф Аляксандар Грыцанаў і юрыст Яўген Лабановіч.

(Валер Карбалевіч: ) “У гісторыі дастаткова вядомая зьява, калі палітычны выбух у адной краіне аказвае рэвалюцыйны ўплыў на іншыя. Дасьледчыкі кажуць пра дзеяньне “прынцыпу даміно”. У 1848–1851 гады ў Эўропе адбыліся буржуазныя рэвалюцыі. У 1917–1923 гады па Эўропе прайшла чарговая рэвалюцыйная хваля. Можна прыгадаць і зусім блізкія падзеі: “аксамітавыя” антыкамуністычныя рэвалюцыі 1989–1991 гадоў. Некаторыя экспэрты сьцьвярджаюць, што краіны СНД стаяць напярэдадні чарговага этапу “аксамітавых рэвалюцый”. Ці можа ўкраінская “аранжавая рэвалюцыя” аказаць нейкі ўплыў на Беларусь? Ці можа яна неяк ускалыхнуць тую атмасфэру фаталізму і безвыходнасьці, якая тут пануе?”

(Аляксандар Грыцанаў: ) “Рэвалюцыі ва ўсіх дзяржавах СНД будуць абавязкова. Таму што галоўныя задачы антынамэнклятурнай рэвалюцыі 1991 году не былі вырашаныя. Таму падзеі ў Грузіі, Украіне — зьвёны аднаго ланцуга. Посткамуністычная намэнклятура павінна сысьці. Гэта першае. Другое. Павялічваецца ціск дэмакратычных краінаў на недэмакратычныя. Цяпер на Беларусь цісьне Польшча, у нейкім сэнсе, Літва. Хутка мы ўбачым ціск з боку Ўкраіны. Іншая справа, што ў Беларусі своеасаблівы стан справаў”.

(Яўген Лабановіч: ) “Вельмі невялікі ўплыў можа аказаць ўкраінская “аранжавая рэвалюцыя” на Беларусь. Але ён ёсьць, бо ўсё ў гэтым сьвеце ўзаемазалежыць адно ад другога. І урокі Ўкраіны будзе вывучаць і беларуская ўлада, і апазыцыя. Таму нейкія зьмены, магчыма, адбудуцца. Падзеі, якія адбыліся ў Грузіі і Ўкраіне — выключэньне з правілаў на прасторы СНД. Бо ў гэтых дзьвюх краінах быў найбольш мяккі варыянт аўтарытарных рэжымаў. Што тычыцца іншых краінаў, такіх, напрыклад, як Беларусь, Казахстан, Азэрбайджан, то там вельмі жорсткія рэжымы.

Але я хацеў бы пагадзіцца з сваім суразмоўцам, што рэвалюцыі будуць ва ўсіх краінах СНД. Бо для гэтага ёсьць падмурак. Я маю на ўвазе тых людзей, якія жывуць ужо 15 гадоў без СССР. Яны ўжо маюць іншую сыстэму каштоўнасьцей. Таму на працягу 20–25 гадоў такія рэвалюцыі адбудуцца ва ўсіх гэтых краінах, і ў Беларусі, і нават у Расеі”.

(Карбалевіч: ) “Наўрад ці ў чыстым выглядзе досьвед украінскай “аранжавай рэвалюцыі” можна выкарыстаць у Беларусі. Усё ж такі існуе шмат адрозьненьняў паміж краінамі ў палітычнай сыстэме, сацыяльна-эканамічным ладзе, маштабе рэгіянальных адрозьненьняў і іншыя. Як вы лічыце?”

(Грыцанаў: ) “Па-першае, Ўкраіна была алігархічнай рэспублікай. Па-другое, тая сярэдняя кляса, які трохі ствараецца ў Беларусі, ва Ўкраіне адсутнічае. Па-трэцяе, Украіна была дзяржавай клянаў, якія змагаліся паміж сабою. А ў Беларусі існуе адзін супэрклян. Па-чацьвёртае, у Беларусі няма сродкаў, каб фінансаваць нейкі рэвалюцыйны рух. Ва Ўкраіне такія сродкі былі. Таму для Беларусі больш важнай будзе дапамога з-за мяжы”.

(Лабановіч: ) “Адрозьненьні Беларусі ад Украіны напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў — сыстэмныя. Па-першае, ва Ўкраіне існаваў паўнамоцны парлямэнт, у якім прысутнічаюць апазыцыйныя сілы. У Юшчанкі была найбольшая фракцыя ў Вярхоўнай радзе. Па-другое, ва Ўкраіне існавала вялікая колькасьць незалежных СМІ. А ў Беларусі цяпер не існуе СМІ, якія б былі сродкам камунікацыі паміж апазыцыяй і грамадзтвам.

Па-трэцяе, ва ўкраінскай апазыцыі быў фінансавы падмурак. Я ведаю (у мяне ёсьць сябры ва Ўкраіне), што ніякай заходняй фінансавай падтрымкі штабу Юшчанкі не было. Усе грошы ўкраінскай апазыцыі — гэта сродкі ўкраінскіх прадпрымальнікаў: алігархаў, сярэдніх і дробных бізнэсоўцаў. А ў Беларусі любы прадпрымальнік, які будзе заўважаны ў кантактах з апазыцыяй, страціць свой бізнэс. І ўвогуле прадпрымальніцтва як кляса зьяўляецца ворагам рэжыму Лукашэнкі.

Найбольш істотным адрозьненьнем беларускай сытуацыі ад украінскай палягае вось у чым. Кучма і ягоны рэжым быў інтэграваныя ў сусьветныя працэсы, міжнародныя арганізацыі. Кіраўніцтва Ўкраіны мела добрыя стасункі з эўрапейскімі краінамі і палітыкамі. І міжнародная рэпутацыя для яго — не пустыя словы. Кучму і Януковічу ёсьць што траціць. Акрамя таго, яны маюць уласнасьць за межамі Ўкраіны. І яны разумелі, што калі пойдуць на сілавое вырашэньне канфлікту, то страцяць рэпутацыю рэспэктабэльных палітыкаў, шмат што страцяць. А Лукашэнку няма чаго траціць. Ён ня мае нармальных стасункаў з цывілізаванымі краінамі. І калі Кучма не адважыўся даць загаду на прымяненьне сілы супраць дэманстрантаў, то Лукашэнка такі загад дасьць без сумненьня.

Але Лукашэнка цяпер і ў будучым ня будзе мець той падтрымкі, якую меў Кучма і Януковіч падчас гэтых выбараў. Гэта адзінае адрозненьне паміж Беларусьсю і Ўкраінай, якое на карысьць беларускай апазыцыі”.

(Карбалевіч: ) “Якія ўрокі ўкраінскай “аранжавай рэвалюцыі” могуць зрабіць для сябе беларускія палітыкі, у прыватнасьці, апазыцыянэры?”

(Грыцанаў: ) “Гэта ня столькі ўрокі, гэта праблемы. Найперш, гэта праблема нацыянальнага лідэра. Прычым, як лідэра мужчыны (беларускага Юшчанкі), так і жанчыны (беларускай Цімашэнкі). І пры гэтым лідэр-жанчына павінна ісьці першым нумарам. Па-другое, гэта праблема кантакта з моладзьдзю, студэнтамі, працоўнай клясай, рабочымі. І нарэшце, праблема нацыянальнай самасьвядомасьці. Таму што ў Беларусі адсутнічае такі нацыянальны асяродак, як украінскі захад, які моцна падтрымаў Юшчанку. Вось гэта праграма для працы”.

(Лабановіч: ) “Па-першае, безумоўна трэба адзіны кандыдат, нацыянальны лідэр. І ён павінен зьявіцца не за месяц да выбараў, не за тры, а як мага раней. Ва Ўкраіне ўжо два-тры гады таму ўсе ведалі, што лідэрам апазыцыі зьяўляецца Юшчанка. Гэта галоўны урок, які павінна засвоіць беларуская апазыцыя. Што тычыцца ўлады, то, безумоўна, яна таксама будзе вельмі ўважліва вывучаць сытуацыю ва Ўкраіне. І галоўнаю высноваю для яе будзе ўзмацненьне жорсткасьці рэжыму. Улада будзе спрабаваць не рэгістраваць адзінага кандыдата апазыцыі падчас выбараў, не ўключаць прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі (а ва Ўкраіне прадстаўнікі апазыцыі былі нават у камісіях у Данецкай і Луганскай абласьцях), душыць масавыя акцыі. Карацей, ніякіх добрых для беларускага народу высноваў улада ня зробіць.

Важныя высновы можа зрабіць Расея. Я ведаю, што некаторыя расейскія экспэрты, нават тыя, якія працавалі на Януковіча (напрыклад, Глеб Паўлоўскі), даводзяць, што трэба мяняць адносіны да апазыцыі ў краінах СНД. Таму што яна празь нейкі час можа прыйсьці да ўлады, і трэба гэта ўлічваць. Гэтыя высновы могуць потым прынесьці нейкія дывідэнды беларускай апазыцыі”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы з свайго боку зьвярнуць увагу вось на што. Ва ўкраінскіх падзеях вельмі моцна спрацаваў чыньнік паліттэхналёгій. Мы бачылі на ўкраінскіх вуліцах панаваньне аранжавага колеру, гімн і слоганы, якія пела і гаварыла ўся “аранжавая Ўкраіна”. Дык вось гэты чыньнік, на мой погляд, увогуле адсутнічае ў беларускай апазыцыі. Прычым, распрацоўка і выкарыстаньне паліттэхналёгій якраз і не пратрабуе вялікіх рэсурсаў. Патрэбна толькі разуменьне важнасьці гэтай справы і жаданьне выкарыстаць. А гэтага якраз і бракуе.

Такім чынам, можна лічыць, што ўкраінская “аранжавая рэвалюцыя” ўжо стала гісторыяй. Яе ўплыў на суседнія краіны, просты і ўскосны, будзе вельмі значны. Досьвед і ўрокі ўкраінскай “аранжавай рэвалюцыі” мусяць вывучаць як улады, так і апазыцыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG