Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год у культурнай традыцыі беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 30 сьнежня). Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае фальклярыст Лія Салавей.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Сучасны чалавек ужо з восені жыве ў чаканьні Новага году — чаканьні нейкіх цудаў, які перадусім сам сабе і стварае. Ён шукае новыя ўборы, думае, дзе, як і з кім сустрэць Новы год. Увогуле ў сучаснай культуры Новы год зьяўляецца ці ня самым галоўным сьвятам. А якое месца займала навагодняе сьвята ў традыцыйнай культуры беларусаў?”

(Лія Салавей: ) “У традыцыйнай культуры беларусаў сьвяткаваньне Новага году не было вылучанае як асобнае сьвята, а ўключалася ў сыстэму калядных урачыстасьцяў. Спачатку адзначалі Божае нараджэньне. Затым — Новы год зь вялікай колькасьцю абрадавых дзеяньняў. А на завяршэньне сьвяткавалі вадохрышча. Ствараўся непарыўны ланцуг урачыстасьцяў, аб’яднаных каляднымі сьвятымі або крывымі вечарамі”.

(Ракіцкі: ) “А якія абрады былі характэрныя для ўласна навагодняга сьвята?”

(Салавей: ) “Найперш характэрнай была багатая, тлустая або шчодрая куцьця. Яна спраўлялася ўвечары напярэдадні Новага году. На Новы год ужо днём адбываліся абрадавыя абыходы шчадроўшчыкаў — пераапранутых сьпевакоў, людзей у масках. Яны вадзілі каня, жорава і іншых мітычных істотаў. Акрамя таго, былі вельмі характэрнымі варожбы. Моладзь варажыла на свой асабісты лёс, а дарослыя аддавалі пеавагу варажбе на добры ўраджай, на плоднасьць статку. У гульні ўключаліся падлеткі і часам дарослыя, а моладзь каляшлюбнага ўзросту бавіла час танцамі, ігрышчамі, вечарынамі”.

(Ракіцкі: ) “Калі вымаўляем слова “куцьця” (а ў дадзеным выпадку гаворка вядзецца пра багатую, ці шчодрую куцьцю), перадусім маем на ўвазе вячэру як абрад ушанаваньня продкаў. Гэты абрад займае важнае месца ў духоўнай культуры беларусаў. Традыцыйна абрад “куцьці” разьмяркоўваецца па ўсім гадавым цыклі. Куцьця спраўлялася тройчы, але ў чым розьніца паміж імі? Адкуль паходзіць сама назва?”

(Салавей: ) “Назва “куцьця” паходзіць ад назвы абрадавай стравы — кашы з цэлых ячменных альбо пшанічных зярнятаў. Яна была сакральнай стравай. Спраўлялася куцьця тройчы таму, што ўсе сьвяты ў традыцыйнай беларускай культуры абавязкова папярэджваліся абрадам памінаньня продкаў. Перад Раством была куцьця бедная, посная, бо яшчэ не закончыўся пост. А перад Новым годам была куцьця багатая. Яна выкарыстоўвала шмат страваў мясных. Багдановіч пісаў, што як бяз бліна няма масьленіцы, гэтак без каўбасы і тлустай верашчакі няма Калядаў. Але бяз страваў з бульбы”.

(Ракіцкі: ) “А чаму не было страваў з бульбы? Гэта ж, здаецца, апошнія сто-дзьвесьце гадоў ці ня самая папулярная беларуская ежа?”

(Салавей: ) “Сапраўды, любімая цяпер беларусамі бульба ў абрадавы пералік страваў не ўваходзіла. Лічылася, што калі штосьці падасі з бульбы, то продкі, якія ня ведалі пра гэтую страву, пакрыўдзяцца і могуць пашкодзіць урадлівасьць палёў”.

(Ракіцкі: ) “У сучасным сьвеце навагодні вечар вельмі вясёлы, пазначаны асаблівым нейкім шаленствам. Бо людзі разьвітваюцца зь мінулым годам і радасна чакаюць новага году як новага жыцьця. А высьвятляецца, што ў традыцыі шанавалі продкаў. Шчодрая куцьця таксама мела ўрачысты характар? А мо ўсё ж дазвалялася крыху павесяліцца ў гэты вечар?”

(Салавей: ) “Хоць у гэты вечар і ўжывалі алькагольныя напоі, але паводзіны людзей былі строга рытуальнымі. Усе ўдзельнікі вячэры адчувалі прысутнасьць душаў памерлых”.

(Ракіцкі: ) “А як адбываўся гэты абрад?”

(Салавей: ) “Гаспадар і гаспадыня зьбіралі ў хаце ўсю сям’ю. На куце на сене стаяла каша-куцьця. Гаспадар браў гаршчок з ручніком і тры разы абыходзіў знадворку хату і стукаў у акно. Яго пыталіся: “Хто там?” Ён адказваў: “Сам Бог ідзе, добры год нясе”. І яго запрашалі: “Дык хадзіце ў хату!” Ён заходзіў, ставіў гаршчок з кашай на стол, і гэтую страву каштавалі першай. Адкладалі крыху продкам. І па чарзе ад кожнай новай стравы пакрыху адкладвалі на асобны посуд продкам.

Найболей цікавым мне падаецца рытуал у форме дыялёгу паміж гаспадаром і гаспадыняй. У беларусаў ён практыкаваўся яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя, а ўпершыню ён быў занатаваны ў 12 стагодзьдзі Саксонам Граматыкам у храме Сьветавіда на высьпе Руяне (сучасная назва Руген), заселеным у той час славянамі-паганцамі. Толькі там гэты абрад адбываўся ў храме і на восеньскае сьвята ўраджаю. А ў нас на Новы год. Хаваючыся за вялікі мядовы пірог, сьвятар пытаўся ў людзей: “Ці бачыце вы мяне?” І яму адказвалі: “Не, ня бачым”. Тады ён ім выказваў пажаданьне, каб на наступны год увогуле яго за пірагом ня бачылі. Гэта значыць, каб пірог быў яшчэ большым. Толькі ў беларусаў гэты абрад на навагоднюю куцьцю адбываўся паміж гаспадаром і гаспадыняй. Гаспадар браў бохан хлеба, закрываўся ім і тое ж пытаньне задаваў гаспадыні. А ў канцы казаў ёй: “Каб ты мяне ня бачыла за вазамі, за снапамі…”

(Ракіцкі: ) “А як уключаліся ў абрад Куцьці ўпрыгожаньне елкі, чаканьне Сьвятога Міколы?”

(Салавей: ) “Зусім елка ў нас не выкарыстоўвалася як навагодні атрыбут. Гэта вельмі позьняя зьява. Прыйшла яна да нас зь Нямеччыны і пашырылася ў нас у 20 стагодзьдзі. Хату беларусы ўпрыгожвалі саламянымі павукамі. На падлозе ляжала жытняя салома, а павукі падвешваліся да столі. У сваёй аснове яны мелі дванаццаць аднолькавай даўжыні саломінак, якія зьвязваліся ў крышталічную структуру. Па-першае, яны зьяўляліся сымбалем году і павінны былі магічна ўзьдзейнічаць на ўраджай жыта, каб расло яно высока. Павукі падвешваліся да столі, і дзеці павінны былі, гуляючы, высока падкідваць саломку”.

(Ракіцкі: ) “А яшчэ якія спадзяваньні на новы год выказвалі людзі? Ці загадвалі жаданьні? Што жадалі адзін другому? Ці існавала такая традыцыя?”

(Салавей: ) “На багатую Куцьцю была традыцыя магічнага абраду абясшкоджаньня марозу. Гаспадар, набраўшы першую лыжку апошняй стравы, клікаў мароза: “Мароз, мароз, хадзі куцьцю есьці! Каб ты не марозіў ячмяню, пшаніцы, гароху, сачавіцы, проса і грэчкі — усяго, што мне трэба пасеяць”. А гаспадыня, набраўшы лыжку куцьці, падыходзіла да акна, што насупраць печкі, стукала ў шыбу і казала: “Мароз, мароз, хадзі куцьцю есьці, каб не марозіў расады, агуркоў, гарбузоў, морквы, буракоў і ўсяго, што мне трэба пасадзіць і пасеяць”. Іншым разам палохалі драцяной пугай, калі ён надумаецца зьявіцца вясной”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, нашыя продкі стараліся забясьпечыць сабе болей спрыяльныя ўмовы жыцьця ў новым годзе. З дапамогаю надпрыродных сілаў, душаў продкаў і ўласнымі намаганьнямі імкнуліся ня толькі падтрымаць стабільнасьць, але нешта палепшыць у сваім побыце. А з радасных рытуалаў што б вы вызначылі? Як ні як, Новы год жа”.

(Салавей: ) “Хадзілі пераапранутыя шчадроўшчыкі са сьпевамі. Людзі цешыліся, калі яны заходзілі да іх у двор ці хату. Лічылася, што гэта добры знак. Тым болей, што яны жадалі ўсялякіх дабротаў. Хадзілі і дзеці, звычайна, гэта рабілі школьнікі з бурсаў (інтэрнатаў). Яны “хадзілі ў жачкі”, на Новы год сьпявалі пад вокнамі: “Я маленькі жачак — божы рабачак, хаджу, жабрую, гаспадароў віншую”. Адным словам, зьбіралі сабе падарункі, віншуючы гаспадароў. Усе гэтыя абыходы лічыліся вельмі добрым знакам. Яны зьвязвалі людзей у адну грамаду, у адно цэлае, ствараючы асаблівую культурную аўру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG