Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2005 годзе стане лягчэй атрымліваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жытла


Юлія Шарова, Менск Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік краіны. Цяпер банкі будуць крэдытаваць амаль увесь кошт жытла ды ўдвая зьнізяць працэнты па крэдытах. Ці сапраўды ў шматлікіх беларускіх сем’яў зьяўляецца болей шанцаў набыць сабе кватэру пры дапамозе дзяржавы?

Ва ўказе №625 гаворыцца, што цяпер банкі могуць выдаваць крэдыт у памеры да 90% ад кошту жытла — астатнія грошы мусіць заплаціць сама сям’я, якая будуе кватэру. Раней выдавалі ня больш за 75%. Працэнт па льготных крэдытах будзе 5% гадавых (раней было 10%). Такія ўмовы атрыманьня крэдытаў будуць для грамадзянаў, якія стала жывуць у населеных пунктах з колькасьцю насельніцтва звыш 20 тысяч чалавек. Правілы распаўсюджваюцца і на крэдытныя дамовы, падпісаныя пасьля 14 красавіка 2000 году.

На думку начальніка ўпраўленьня жыльлёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры Ўладзімера Падвалодзкага, такі дакумэнт дазволіць шмат каму зь беларусаў хутчэй вырашыць кватэрнае пытаньне.

(Падвалодзкі: ) “У нас больш за 500 тысяч сем’яў стаяць на ўліку агулам па краіне. Усе, хто стаіць на ўліку, маюць права на льготныя крэдыты. А чарга — панятак адносны. Чаргі як такой у прынцыпе няма. Яны ўсе стаяць на ўліку, і калі чалавеку прапануюць першаму ісьці, напрыклад, у жыльлёва-будаўнічы каапэратыў, а ён ня згодны, чакае, можа быць, нечага больш выгаднага, значыцца, прапануюць другому, трэцяму, чацьвертаму, пятаму”.

Паводле спадара Падвалодзкага, у час, калі жытло будавалася толькі за бюджэтныя сродкі, чарга на кватэру па краіне складала больш за 600 тысяч сем’яў. У будучыні яна яшчэ болей зьменшыцца, спадзяецца прадстаўнік Міністэрства архітэктуры.

Эканаміст Валеры Дашкевіч між тым мяркуе, што беларускім банкам ды наагул усёй айчыннай эканоміцы будзе няпроста справіцца з новымі задачамі ў справе крэдытаваньня жытла.

(Дашкевіч: ) “Гэтыя спробы за кошт будаўніцтва жытла ажывіць унутраны рынак спажывецкі даволі рызыкоўныя. Цяпер нашае эканамічнае становішча не настолькі добрае, каб выдаткоўваць вялікія сумы на будаўніцтва жытла, якія будуць вяртацца цягам дзесяці, дваццаці, а можа й болей гадоў. Гэта не найлепшае выйсьце”.

Паводле спадара Дашкевіча, беларускія банкі змогуць спраўна выдаваць льготныя крэдыты толькі ў тым выпадку, калі насельніцтва па-ранейшаму ахвотна будзе класьці туды грошы на дэпазыты. Прыцягваць іншыя рэсурсы банкам складана, пагатоў яны абцяжараныя задачай крэдытаваць прадпрыемствы.
XS
SM
MD
LG