Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 30 сьнежня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 30 сьнежня.

“Беларуская крыніца”, 1934 год:

“У Менску 11 г.м. маскоўская выйездная сесія найвышэйшага суду СССР засудзіла на кару сьмерці наступныя асобы: Федаровіча Міколу, Сасноўскага Сьцяпана, Станкевіча Тодара, Станкевіча Уладзімера, Корбута Аляксандра, Гетмана Аляксандра, Корзуна Базыля, Чубкова Аляксандра і Шаймона Сымона. Гэта сьпіс разстрэленых у першай хвалі крывавага бальшавіцкага тэрору на Беларусі, што пачаўся пасьля забойства Кірова ў Ленінградзе. Камуністычны бог усьцяж жадае людзкой крыві і сьлёз. Тэрор, які ва ўсім ССРР, так і Савецкай Беларусі прадаўжаецца далей: арыштоўваюць людзей, вядуць “сьледзтва” і гэтак гатуюць сьвежыя ахвяры ненасытнаму людзкой крывёй камуністычнаму богу”.

“Звязда”, 1964 год:

“Каб пазбегнуць пажару пры наладжванні навагодніх ёлак, не ўжывайце свечак, упрыгожанняў з цэлулоіду і іншых матэрыялаў, якія лёгка загараюцца, не запальвайце феерверкаў, бенгальскіх агнёў і магнію, не абсыпайце ёлку берталетавай соллю, не карыстайцеся ватай і марляй, якія не прамочаны вогнеахоўным саставам. Асвятленне ёлкі дапускаецца толькі электрычнае — нізкавольтавае, зманціраванае праз паніжаючы трансфарматар, лямпачкамі напружаннем 12 вольт”.

“Знамя юности”, 1984 год. Пастанова ЦК КП Беларусі і Савету Міністраў Беларускай ССР “Аб прысуджэньні Дзяржаўных прэміяў Беларускай ССР 1984 году ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры”:

“Прысудзіць Дзяржаўныя прэміі Беларускай ССР за 1984 год. У галіне літаратуры імя Янкі Купалы Бічэль-Загнетавай Дануце Іванаўне — за кнігу паэзіі “Дзе ходзіць басанож”, Макалю Пятру Міхайлавічу (Петрусю Макалю) — за кнігу паэзіі “Смак яблыка”. Імя Якуба Коласа Бугаёву Дзьмітрыю Якаўлевічу — за кнігу крытычных артыкулаў “Талент і праца”. Караткевічу Ўладзімеру Сямёнавічу (пасьмяротна) — за раман “Чорны замак Альшанскі”. У галіне выяўленчага мастацтва Вашчанку Гаўрыілу Харытонавічу — за цыкль палотнаў “Дума аб радзіме”, “Прарыў”, “Мір зямлі маёй”, “Ліпеньскі мёд”.
XS
SM
MD
LG