Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды”. (частка трэцяя)


Аляксандар Уліцёнак, Менск Гэтыя эпіграмы Рыгор Барадулін зьмясьціў у кнізе “Дуліна ад Барадуліна”, новы зборнік прэзэнтаваўся гэтымі каляднымі днямі.

І ў цыклі “Лета з Барадуліным”, што прагучаў на нашым радыё ў чэрвені-жніўні, і наагул у творчасьці дзядзькі Рыгора асобная песьня — творы, прысьвечаныя цудоўнай палове беларускага народу. Паэт застаўся верны сабе і ў эпіграмах, прысьвечаных свабодаўцам. Якімі ж пабачыў ён, рыцар і праўдаруб у адной асобе, карэспандэнтак радыё? Гэта — само хараство, як, напрыклад, Алена Ціхановіч:

Алене спакорыцца факт любы, Бо ўмее паставіць яго на дыбы. Хто мае густ, На любой пасадзе Ад Ціхановіч будзе ў адпадзе.

А вось яшчэ адзін партрэт — Валянціны Аксак, якая займаецца пытаньнямі творчасьці, культуры:

Пэгас — натурысты рысак, Ды ўмомант паслухмяным стане, Ледзь на яго зірне Аксак. Аброць надзейная ў каханьня.

Чулі: найлепшы эфэкт маем тады, калі ў асобе журналісткі прафэсійнае арганічна спалучаецца з жаноцкім. Але слухаеш бліскучага знаўцу сфэры тонкіх пачуцьцяў, і часам не разумееш, што ён, хітрун, вылучае на першы плян?

Зерне ісьціны рамантыцы ўсьміхаецца Там, дзе і ўмалотна, І ўраджайна.

Гэтыя радкі пра тонкага лірыка Галіну Жарко, якая дасьледуе сацыяльную праблематыку. На той жа дзялцы зьбіраюць свой хлеб “разважная”, па словах паэта, Юлія Шарова, таленавітая Сьвятлана Курс —

...перакладае і піша сама, Таленавіта такі не здарма…

Побач — віленская карэспандэнтка Тацяна Поклад — “свая сярод літоўскае эліты”, карэспандэнтка па ЗША Алеся Сёмуха — “у нью-ёрскім каменным лесе не заблудзіцца панна Леся”, аглядальніца замежных мэдыяў Алена Панкратава: “у працы Панкратава — львіца”. Моцная характарыстыка, пагадзіцеся. Такой пазайздросьцяць і шмат якія мужчыны-свабодаўцы. Ды хіба толькі яны? Паводле дзядзькі Рыгора, беларусам не пашкодзіць браць прыклад з файных беларускіх жанчын. На каго пэрсанальна раўняцца? Вось канкрэтны арыенцір:

Алена Радкевіч і ўявы ня мае, Што значыць такое быць з краю, Крутая, Паказвае саманазваным змаганцам, Як трэба змагацца, А не вагацца!

Раней пры апэляцыі да “моцных” якасьцяў цудоўнай паловы звычна згадвалі хрэстаматыйныя радкі пра нейкую абстрактную кабету, што магла спыніць каня на скаку. А дзядзька Рыгор у сваім свабодаўскім цыклі пэрсаніфікуе такіх гераіняў. Паводле слыннага паэта, яны нашмат больш “крутыя”, бо занятыя годнаю справаю — змагаюцца за праўду, як, напрыклад праваабаронца Любоў Лунёва:

Любові пабойваецца і міліцыя, Бо дзейнічае рашуча Лунёва...

Гэтак сама дзейнічае і Ганна Соусь, якая адстойвае сьвятое ў лёсе нацыі:

Ганна можа ў змаганьні зацята Адстаяць Курапаты...

Па-свойму змагаецца за беларушчыну і Ганна Сурмач, і Натальля Судлянкова, якую ўлады прымусілі падацца ў эміграцыю:

Наша першая бізнэсвумэн, Эмігранткаю стаўшы, Замежжа Вучыць па-беларуску думаць...

І якая выснова з усіх гэтых характарыстык найвышэйшае пробы? Натуральна, надзвычай высокая! Кажуць, самыя амбітныя мужчыны Беларусі пачалі прымервацца да прэзыдэнцкай пасады, пільна вышукваць палітычных канкурэнтаў... Вось адзін зь іх: ды яшчэ які! Больш дакладна — якая? А такая: Вольга Караткевіч!

У Вольгі энэргіі й клёку Хапае, каб быць прэзыдэнтшаю, Каб браць гарады не з наскоку. Пярэчыць праменіста змроку, А змрок, як знарок, ані меншае. Абмытай пяшчотнай залеваю, У сэксе ёй быць каралеваю!

Ау, палітычныя сэкс-сымбалі?! Дзе вы, беларускія Білы Клінтаны? Не чуваць адказу, нямашака герояў... Як кажуць, тое месца ўжо занята. Дзядзька Рыгор ведае, пра што гаворыць, бо ўсё сваё доўгае паэтычнае жыцьцё плённа й шчыльна займаўся гэтай праблемай. Каму ж яшчэ верыць, як не яму? Але пра палітыку — наступным калядным днём!

Гл. таксама • Беларусь чакае рэвалюцыя дулін • “Дуліна ад Барадуліна” (Фатаграфіі з прэзэнтацыі) • Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды” • Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды” (частка другая)
XS
SM
MD
LG