Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турысты, якія вяртаюцца з зоны бедзтва ў Індыйскім акіяне, маюць вялікую рызыку захварэць на трапічную ліхаманку


Ігар Карней, Менск Пазыцыю турфірмаў, прадстаўнікі якіх цьвердзяць, што ў краінах, пацярпелых ад цунамі, значна болей беларусаў, чым сьведчаць афіцыйныя лічбы, сёньня падтрымала і Міністэрства спорту і турызму. У той час, як МЗС Беларусі па-ранейшаму кажа пра 24 грамадзянаў Беларусі, што апынуліся ў зоне катастрофы, у галіновым міністэрстве кажуць пра чатыры дзясяткі беларусаў. Тым часам афіцыйны Менск зьвярнуўся ў ФСБ Расеі з просьбай пра сьпісы беларусаў, якія адляталі ў краіны акваторыі Індыйскага акіяну з расейскіх лётнішчаў.

Пакуль толькі чатыры чалавекі зь Беларусі выказалі жаданьне спыніць адпачынак у краінах, якія патрапілі ў эпіцэнтар разбуральнага цунамі. Гэта муж, жонка і дачка Караткевічы зь Менску (яны адпачывалі на Мальдыўскіх выспах), а таксама жыхарка Віцебску Сьвятлана Драздова, якая прыляцела са Шры-Лянкі. І калі Караткевічы сёньня ад’ехалі ў Менск, то Драздову яшчэ чакаюць у Маскве розныя тэхнічныя працэдуры: падчас бедзтва яна страціла ўсе дакумэнты.

Што да іншых беларусаў, якія выправіліся адзначаць Новы год у экзатычныя мясьціны, то бальшыня зьбіраецца працягваць адпачынак. Прыкладам, адзін з турыстаў, зь якім удалося наладзіць SMS-ліставаньне праз мабільную спадарожнікавую сувязь, сказаў, што зьбіраецца ў Віетнам: маўляў, у Тайляндзе цяпер рабіць няма чаго.

Прыблізна гэта ж гавораць і прадстаўнікі санітарна-эпідэміялягічных установаў. Мэдыкаў непакоіць, што яшчэ большую небясьпеку, чым пагроза новых удараў цунамі, маююць эпідэміялягічны захворваньні. Супрацоўнік лябараторыі НДІ мікрабіялёгіі Аляксандар Ладэйка, які займаецца асабліва небясьпечнымі вірусамі, тлумачыць: найбольш верагодная ў падобных умовах эпідэмія — трапічная малярыя — можа мець сур’ёзныя наступствы.

(Ладэйка: ) “Гэта ліхаманкавыя хворыя з пэрыядычнасьцю абвастрэньня захворваньня ў прамежках 3–5 дзён. Такім чынам адбываюцца тры цыклі. Форма вельмі складаная, са сьмяротнымі вынікамі: парушаецца перанос кіслароду, паражаюцца крывяныя цельцы, таму трапічная форма малярыі сапраўды ня вельмі прыемная. Але калі з хворымі праводзіць прафіляктычныя мерапрыемствы, то гэта, у прынцыпе, згладжваецца”.

Спадар Ладэйка спадзяецца, што за ўсімі беларусамі, якія будуць прыяжджаць з таго рэгіёну, будзе ўсталяваны мэдычны нагляд.

Адмыслоўцаў працягвае хваляваць і іншая статыстыка: канчатковая лічба загінулых. Чаму колькасьць ахвяраў цунамі так імкліва расьце? Пра гэта — адзін з найбольш актыўных беларускіх турыстаў Аляксандар Півавар, які цягам апошніх гадоў па чарзе наведаў Тайлянд, Інданэзію і Шры-Лянку:

(Півавар: ) “Узяць тую ж Інданэзію — так, чатыры буйныя выспы, але ж у масе сваёй гэта дробныя выспы, на якіх таксама жылі людзі. Таму перакананы, што менавіта з гэтай прычыны такая страшная лічба тых, хто загінуў. Шры-Лянка — гэта выспа, дзе жыцьцё засяроджана па пэрымэтры, на ўзьбярэжжы. У цэнтры ўжо горы. А ўвесь усходні бок выспы прыняў на сябе ўдар, а там — найлепшыя гатэлі. Там нават калі штарміць, то ўжо варочае як ката сьляпога. А калі цунамі — то ўсё, што трапляецца на шляху, адразу на бераг выкідае, а потым назад у акіян цягне. Нават у мэтровую хвалю калі скачаш, і калі побач ёсьць камяні, то гэта ўжо неапраўданы ўчынак. А калі хваля 10-мэтровая?”

Як паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Анатоль Арцем’еў, паводле гэтага ведамства, колькасьць турыстаў, якіх накіравалі ў краіны Паўдзённа-Ўсходняй Азіі беларускія турфірмы, складае 41 чалавек. Аднак пры гэтым ня ўлічваюцца турысты, якія адляцелі на ўзьбярэжжа Індыйскага акіяну ад расейскіх кампаніяў. Такім чынам, і новая, у параўнаньні з ранейшай, лічба, не адлюстроўвае рэальнай колькасьці беларускіх турыстаў, якія маглі патрапіць у эпіцэнтар катастрофы.

Тым часам з рэгіёну паступае інфармацыя пра магчымасьць паўторнага цунамі, што рухаецца на паўдзённа-ўсходнюю частку паўвыспы Індастан.
XS
SM
MD
LG