Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апошняе слова Міхаіла Марыніча: “Перамены ўжо ў дарозе”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міхаіл Марыніч заявіў у судзе, што яго перасьледуюць як патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнты.

У сваім апошнім слове перад абвяшчэньнем прысуду Міхаіл Марыніч яшчэ раз заявіў, што не прызнае сябе вінаватым, прааналізаваў доказы выстаўленага абвінавачаньня і выклаў свой погляд на прычыны, паводле якіх яго перасьледуюць беларускія ўлады.

Марыніч лічыць, што яго перасьледуюць за дэмакратычныя погляды, за імкненьне стварыць у краіне грамадзянскую супольнасьць і жаданьне вярнуць павагу да закону, правоў чалавека, забясьпечыць прыстойны ўзровень жыцьця для кожнага грамадзяніна Беларусі. “Менавіта з прычыны маёй грамадзянскай пазыцыі арганізаваная кампанія дыскрэдытацыі мяне перад грамадзкасьцю, каб не дапусьціць мяне да ўдзелу ў будучых прэзыдэнцкіх выбарах”, — заявіў Міхаіл Марыніч.

Абвінавачаньні ў захоўваньні незаконнай зброі і ў крадзяжы маёмасьці арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” Міхаіл Марыніч назваў “цынічнымі і сфабрыкаванымі ў КГБ на замову ўлады”. Міхаіл Марыніч лічыць, што гэтыя абвінавачаньні не былі даказаныя ў судзе і патрабуе свайго апраўданьня.

Пры канцы сваёй прамовы Міхаіл Марыніч заявіў: “Я глыбока перакананы, што беззаконьне супраць мяне, гвалт і цынізм раней ці пазьней вернуцца да заказчыка і выканаўцаў. Я веру і ведаю: чакаць засталося нядоўга, перамены ў дарозе. Высокі суд, хай Пан Бог пашле вам сілы і мужнасьці. Я прашу аднаго: быць аб’ектыўнымі, прыняць справядлівае рашэньне. Ня ведаю, ці можна мне, з гэтай клеткі, але як нармальны чалавек я віншую высокі суд і ўсіх прысутных з Калядамі й Новым годам. Хай будзе дабро, шчасьце і ўдача”.

Прысуд Міхаілу Марынічу быў абвешчаны ў 16.30. Пяць гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

***

Нагадаем пра некаторыя іншыя гучныя палітычныя справы апошніх гадоў

28 сьнежня Менская гарадзкая пракуратура распачала крымінальную справу на вядомага палітыка Андрэя Клімава. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня падазраецца ў абразе прэзыдэнта Беларусі. Справа была распачатая пасьля зьяўленьня кніг Андрэя Клімава “Відавочныя ісьціны”, “Я зрабіў свой выбар” і “Прагулкі з вампірам”. Нагадаем, у сакавіку 2000 году Андрэй Клімаў, які, будучы дэпутатам, падпісаў заяву ад імпічмэнце Аляксандра Лукашэнкі, ужо быў асуджаны за розныя эканамічныя парушэньні да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

У тым жа 2000 годзе з фармулёўкай «за перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае асобай, якая займае адказную пасаду» быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна былы прэм''ер-міністар Міхаіл Чыгір. Крымінальная справа супраць Чыгіра была пачатая адразу пасьля таго, як ён узяў удзел у арганізаваных апазыцыяй альтэрнатыўных выбарах прэзыдэнта вясной 1999 году.

Палітычна матываваным многія называлі і працэс над былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым. Ён быў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве й крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці й пакараны чатырма гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці
XS
SM
MD
LG