Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: Якія падзеі можна лічыць самымі адметнымі ў 2004 годзе?


Галіна Абакунчык, Менск Якія падзеі 2004 году ў жыцьці краіны грамадзяне Беларусі лічаць найбольш важнымі й якія спадзяваньні ўскладаюць на будучы год? Гэтымі пытаньнямі ў мінакоў на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Якая найбольш значная падзея адбылася сёлета й якія спадзяваньні вы маеце на наступны год?”

(Спадарыня: ) “Гэты год быў пераломны для нашага грамадзтва ў тым сэнсе, што старэйшае пакаленьне жыло ў чаканьні 60-годзьдзя вялікай перамогі, а моладзь стала больш цікавіцца гісторыяй”.

(Юнак: ) “Што значнага адбылося сёлета? Выбары. А добра гэта было, нядобра — ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Рэфэрэндум жа быў, важная падзея для ўсіх нас. На наступны год пра сябе ўжо нічога ня мару, а толькі пра дзяцей, каб у іх усё добра склалася”.

(Спадар: ) “Для мяне найбольш значная падзея гэтага году — гэта ўздым нашага спорту. А на будучы год хачу, каб нашую спартовую краіну ведалі таксама і ў краінах замежжа”.

(Спадарыня: ) “Будзем спадзявацца, што гэты год пеўня будзе лепшым, чым той, што быў: абяцалі ж заробкі падвысіць, працай забясьпечыць”.

(Карэспандэнтка: ) “Якая найбольш значная падзея адбылася сёлета й якія спадзяваньні вы ўскладаеце на наступны год?”

(Спадарыня: ) “Для краіны ўвогуле важна, што вайны няма — вось самае галоўнае. А спадзяваньні? Каб горш не было. Гэта самае галоўнае”.

(Спадарыня: ) “Без камэнтарыяў. Перажылі дый перажылі. І на будучыню ніякіх добрых спадзяваньняў нешта няма”.

(Спадар: ) “На маю думку, у нашай краіне проста няма падзеяў на якія можна зьвярнуць увагу. Народ проста задушаны. Працэс мысьленьня ў грамадзтве цяпер зусім не на тым узроўні, на якім распачынаюцца нейкія падзеі”.

(Спадар: ) “У жыцьці дзяржавы — гэта выбары, а дакладней — правядзеньне рэфэрэндуму. Я сам быў у выбарчай камісіі, бачыў, як гэта ўсё рабілася, і мае ўражаньні самыя кепскія”.

(Юначка: ) “У гэтым годзе ў палітычнай сфэры найбольш значнай падзеяй было правядзеньне рэфэрэндуму. Я лічу гэта адмоўнай падзеяй, бо перад законам павінны быць роўныя ўсе. І калі паводле закону прэзыдэнт ва ўладзе мусіць быць толькі двойчы, то ён ня мусіць перарабляць законы паводле свайго густу. А ў культурнай сфэры, лічу, што Беларусь нашая квітнее. Станоўчым, да прыкладу, лічу сустрэчы беларускіх, польскіх, нямецкіх кінэматаграфістаў. У наступным годзе хацелася б, каб было больш свабоды ў кантактаваньні паміж студэнтамі розных краінаў, а ў адукацыйнай сфэры ўкараняліся перадавыя тэхналёгіі”.
XS
SM
MD
LG