Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады пазбаўленьня волі — за разьбітую камэру БТ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў 29 сьнежня ўвечары ў судзе Першамайскага раёну Бабруйску завершыўся судовы працэс, у выніку якога ўпершыню ў юрыдычнай практыцы Беларусі чалавек быў асуджаны за перашкоду законнай прафэсійнай дзейнасьці журналістаў. Дырэктар бабруйскага рынку атрымаў тры гады.

Падставай для судовага разбору стаўся канфлікт кіраўніка бабруйскага рынку “Заходні” і здымачнай групы дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Магілёў”, якая ўваходзіць у склад Белтэлерадыёкампаніі.

Журналіст і апэратар прыехалі на рынак ААТ “Гандлёвы дом “Заходні”, каб зьняць сюжэт пра працу бабруйскіх рынкаў, якія былі скрытыкаваныя на паседжаньні гарвыканкаму. Аднак ім перашкодзіў дырэктар рынку Ільля Фамянок, гаворыць вядучы юрысконсульст тэлерадыёкампаніі “Магілёў” Алесь Дайнэка.

(Дайнэка: ) “Пасьля некалькіх слоўных перапалак, Ільля Фамянок нанёс удар па відэакамэры, якую трымаў апэратар. Гэтыя дзеяньні мы кваліфікавалі як перашкоду законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста”.

Тэлекамэру ў кампаніі адрамантавалі, яна працуе, аднак матэрыяльныя страты склалі больш за 1 мільён рублёў. І гэта лічба фігуравала ў судзе.

Ільля Фамянок прызнаны вінаватым ў перашкодзе законнай журналісцкай дзейнасьці, а таксама ў перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў. Прысуд нечакана жорсткі — 3 гады пазбаўленьня волі, былы дырэктар рынку быў узяты пад варту ў залі суду.

Трэба адзначыць, што яшчэ да судовага працэсу на непрыемны выпадак у Бабруйску зьвярнуў увагу Аляксандар Лукашэнка.

Ён згадаў пра яго на сустрэчы з супрацоўнікамі Белтэлерадыёкампаніі, якая адбылася перад рэфэрэндумам. Які гэта мела ўплыў на справу? Вось меркаваньне Алеся Дайнэкі:

(Дайнэка: ) “Безумоўна, гэта паўплывала на грамадзкі рэзананс гэтай справы, але ні ў якім выпадку нельга гэтую акалічнасьць трактаваць як наступства таго, што Ільля Фамянок апынуўся за кратамі”.

Кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі “Магілёў” лічыць, што працэс у Бабруйску паказаў: журналісты маюць ня толькі абавязкі, але і правы, якія бароніць закон.

(Дайнэка: ) “Гэты працэс — закід тым, хто лічыць, што аб журналістаў у нас можна выціраць ногі. Пасьля гэтага выпадку журналісты будуць адчуваць сябе больш абароненымі”.

Такое меркаваньне Алеся Дайнэкі, вядучага юрысконсульту дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Магілёў”.

Гл. таксама • Тры гады зьняволеньня за перашкоду рабоце журналістам БТ – камэнтар прадстаўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў
XS
SM
MD
LG