Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады зьняволеньня за перашкоду рабоце журналістам БТ – камэнтар прадстаўніка БАЖ


Ганна Соусь, Менск На просьбу Радыё Свабода судовы прэцэдэнт у Бабруйску камэнтуе намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. “Улады клапоцяцца не пра журналістаў, а пра дзяржаўную ідэалягічную машыну” – зазначае прадстаўнік БАЖ.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць празьмерна жорсткім пакараньне, вынесенае дырэктару бабруйскага рынку Ільлю Фамянку, які перашкаджаў журналістам магілёўскага тэлебачаньня выконваць прафэсійныя абавязкі.

(Бастунец: ) “Гаворка ідзе ўсё ж не пра тое, што беларускія ўлады заклапаціліся аб тым, каб журналісты маглі бесьперашкодна выконваць свае прафэсійныя абавязкі. Хутчэй улады клапоцяцца пра тое, каб дзяржаўная ідэалягічная прапагандысцкая машына магла працаваць безь перашкодаў. Але да журналістыкі гэта мае ўскоснае дачыненьне”.

Тым ня менш, Андрэй Бастунец вітае сам факт судовага прэцэдэнту ў справе абароны правоў журналістаў. Але ён адзначае, што ў дадзеным выпадку абараняліся правы гэтак званых “чэсных” журналістаў, у той час як перашкоды журналістам недзяржаўных выданьняў і замежных сродкаў масавай інфармацыі чыняцца ўвесь час.

Прадстаўнік БАЖ згадвае апошняе затрыманьне міліцыяй і пашкоджаньне камэры апэратара “Ren-TV”, а таксама зьбіцьцё апэратараў расейскіх тэлекампаніяў НТВ і ізноў жа “Ren-TV” падчас акцыяў апазыцыі пасьля кастрычніцкага рэфэрэндуму. І ва ўсіх гэтых выпадках ніхто ня быў пакараны за пашкоджаньне маёмасьці й перашкоду прафэсійнай дзейнасьці, адзначае Андрэй Бастунец. БАЖ ужо шмат гадоў вядзе маніторынг парушэньняў правоў журналістаў.

(Бастунец: ) “У 1996 годзе падчас “Чарнобыльскага шляху” міліцыянты зьбілі ў тым ліку і журналіста Радыё Свабода, і фотажурналістаў. У 2000 годзе былі затрыманыя каля сарака журналістаў падчас правядзеньня Дня Волі. БАЖ зьвяртаўся ў пракуратуру з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу, але быў атрыманы адказ, што дзеяньні міліцыі не выходзілі па-за межы іх паўнамоцтваў. У 2000 годзе міліцыянты зьбілі фатакора газэты “Наша свабода” Ўладзімера Шлапака і пашкодзілі яго фотаапарат. У 2001 годзе ў Горадні быў зьбіты фатакор газэты “Биржа информации”, яму пашкодзілі лічбавую фотакамэру. У завядзеньні крымінальнай справы было адмоўлена”.
XS
SM
MD
LG