Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Улада да цяперашняга часу абараняе ўтопію камунізму”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 29 і 30 сьнежня 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Жарко Яўстафій Іосіфавіч: ) “Добры вечар! Я пэнсіянэр, пасьля інсульту трэці год. І вось недзе ў верасьні пайшоў да ўрача з просьбай, каб паклалі мяне ў шпіталь, нэрвы палячыць. А ўрач кажа: “З задавальненьнем, але загад Лукашэнкі – інсультнікаў-пэнсіянэраў у шпіталь ня класьці. Чакай дома сьмерці”. А я яшчэ жыць хачу! Гэта адбылося ў нашай 6-й паліклініцы, прозьвішча ўрача ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Добрай раніцы, Радыё Свабода! Я хачу павіншаваць украінскі народ зь перамогай дэмакратыі! Яны не згадзіліся з вынікамі папярэдняга галасаваньня, якія былі сфальсыфікаваныя, а выйшлі на вуліцы і плошчы, каб адстаяць сваю чалавечую годнасьць. Яны не пайшлі моўчкі, як беларусы, апусьціўшы галовы, па сваіх кватэрах, іх ніхто на вуліцах не зьбіваў аб асфальт галавою, калі невялікая кучка людзей выйшла на Кастрычніцкую плошчу ў Менску. Дзякуй вялікі гэтым людзям, што яны захавалі сваю чалавечую годнасьць! Дзякуй ім вялікі многа-многа разоў!”

(Юзаф Русакевіч, Літва: ) “Тэлефаную зь Літвы. Я родам зь беларускай зямлі, зь Іўеўшчыны. Я часта слухаю Свабоду, слухаю на ўсіх мовах, на якіх яна перадаецца, і хацеў бы па Свабодзе пачуць што-небудзь пра беларусаў, якія пражываюць у Літве, асабліва ў Віленскім раёне. Некалькі разоў пачуў, але толькі пра Статкевіча. А больш ні пра што не расказваюць! Абсалютна! Пра жыцьцё, пра гаспадарку людзей, чым яны займаюцца, якая сытуацыя. Трэба, каб людзі ведалі, што адбываецца тут у нас. Я, напрыклад, добра ведаю, бо я праплыў пяць рэк беларускіх, масу маёнтках, саўгасаў і калгасаў прайшоў. І Літву таксама добра ведаю. Так што без Свабоды, без газэт капітальна ведаю, якая сытуацыя, што ў нас робіцца. Вось таму і жадаю, каб Свабода перадала, якая сытуацыя ў беларускай гаспадарцы, якія жывуць тут, пра іх культуру і г.д. Усяго найлепшага Свабодзе!”

(Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч: ) “Добры дзень, паважаная Радыёстанцыя Свабода! Хачу зьвярнуцца да ўсіх кіраўнікоў дзяржаваў, да ўсіх разьведкаў цывілізаваных краінаў разгледзець вэрсію. Калі яшчэ стаяў Савецкі Саюз, народы Беларусі і Ўкраіны, як больш цывілізаваныя, пацягнуліся, сталі позіркі зварочваць да Захаду. Канешне, КГБ гэтага не маглі ня бачыць. Мне падаецца і думаецца, што мэдыцыне быў дадзены негалосны загад, каб зьнішчаць гэты рэгіён. Тут лягічна, каб схаваць гэтую жахліваю зьяву, быў узарваны Чарнобыль. Пад відам Чарнобыля сёньня разьвязаныя рукі. Мне падаецца, што страшныя злачынствы робяцца мэдыцынай. Гэта заражэньне ўсялякімі вакцынамі, гэта вакцынацыя, гэта хворыя дзеткі, гэта інваліды. Я, Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч, гатовы даць поўнасьцю паказаньні і прэс-канфэрэнцыю для журналістаў. Я лічу, што майго сына наўмысна загубілі ўрачы, другога зрабілі інвалідам. Цяпер, калі зрабілі плястычную апэрацыю, пакалечылі яму вушкі. Мяне заразілі вакцынай, якая выклікала гаўма-атаку, ад чаго прыйшлося рабіць апэрацыю на сэрца. Прагучаў мой верш:

Живой и мёртвый встань и кричи: Есть в медицине врачи-палачи, Есть коновалы, есть ловкачи! Где по призванию наши врачи? Живой и мёртвый встань и кричи!

Вялікае дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Падзеі ва Ўкраіне, безумоўна, станоўча адгукнуцца на Беларусі. Але ў адну варонку снарад не ляціць двойчы. Літаральна такое паўтарэньне немагчымае. Ды не таму, як сказаў адзін з кансультантаў у студыі Свабода: “У нас няма аранжавых атрыбутаў”. У нас ёсьць бел-чырвона-белыя, і яны павінны залунаць над Беларусьсю! Але ў нас розныя ўмовы, іншыя.

Аранжавая рэвалюцыя Ўкраіны – гэта сыгнал нам. Трэба яднацца пад нашым бел-чырвона-белым сьцягам. І апазыцыя не павінна паводзіць сябе, як тыя Лебедзь, Шчупак ды Рак – адзін воз у розныя бакі цягнуць. Ёсьць паданьне, што назва Ўкраіны пайшла ад беларусаў і літаральна азначае, што гэта зямля, якая разьмешчана на ўскраіне Вялікага Княства Літоўскага, каля краю, значыць, на мяжы. Дык давайце будзем вучыцца ў суседзяў!

У Менску ідзе суд над Міхаілам Марынічам. Спадзявацца, што беларуская Фэміда апраўдае яго, няма падставаў. Не для таго гэтая справа распачыналася. Дый напэўна я няправільна сказала. Фэміда – Багіня правасудзьдзя, а з правасудзьдзем на Беларусі ня ўсё гладка. Сюды гэтая Багіня сьцежкі не пратаптала.

Але хочацца падтрымаць гэтага мужнага чалавека. Свабода, калі ласка, дайце адрэсу, куды можна яму напісаць. Дзесяць год бяз права допісу, у нас пакуль, дзякуй Богу, не даюць, а Міхаіл Марыніч пакутуе за нас, за Беларусь”.

(Спадар: ) “Зараз гэтыя клоўны па радыё і тэлебачаньні, выконваючы загад галоўнага клоўна, паўсюль трубяць, як пэнсія падвысілася ў людзей, як заробкі падвышаюцца. Гэта ж хлусьня, якую сьвет ня бачыў! А індэкс коштаў, яго ж не падвысілі, а абабралі іншымі шляхамі, кампэнсавалі нешта, а потым у два-тры разы падвысілі кошты.

Яшчэ вельмі цікавая нарада была па сельскай гаспадарцы. Вось ужо клаўнада была! Дагаварыўся да таго, што кажа, што калі калгас возьме пазыку, але не пагасіць, то ён пасадзіць гэтага чалавека. То ён наручнікі надзяваў на кожнага, а цяпер – у турму, у турму. А зразумець ня можа, што не спрацоўвае такое ў калгасе, бо калектыўна бяруць гэтую пазыку, а адказваць аднаму прыходзіцца.

А наконт будучых заробкаў у 450 даляраў – гэта маяк… Замызгалі, замардавалі. Людзі жывуць у такой бядноце. А там такое прыдумляюць, што разумныя разабрацца ня могуць. Адзін прыдумляе, а сто разумных разабрацца ня могуць”.

(Спадар: ) “Слухачы! Утапічны камунізм так заблытаў народ, што мы ня ведаем, што рабіць і як жыць, у якім накірунку рухацца. Таму і разваліўся СССР, бо яго фундамэнт быў пабудаваны на пяску, а не на камяні, і нагадвае рабаўладальніцкую сыстэму, у якой чалавек быў незацікаўлены. І цяперашняя ўлада да цяперашняга часу абараняе ўтопію камунізму, а народ ёй не задаволены, бо няма добрага жыцьця.

Калі б прэзыдэнт Лукашэнка вывучыў мурашнік, ён мог бы пазьбегнуць украінскага варыянту, які ўжо сёньня насьпявае на Беларусі. Мы мірныя беларусы і павінны мірна вырашыць лад дзяржавы. А Лукашэнка, калі паважае свой народ, мог бы правесьці рэфэрэндум аб скасаваньні прэзыдэнцтва і стварэньні парлямэнцкай рэспублікі. І будзе спакой і мір у рэспубліцы!”
XS
SM
MD
LG