Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзвычайныя здарэньні й кур’ёзы мінулага году


Галіна Абакунчык, Менск Завяршэньне году – той пэрыяд, калі падводзіцца выніковасьць адбытага за год у палітыцы, эканоміцы, культуры, спорце й іншых галінах жыцьця. Беларускі інтэрнэт-сайт “tut.by” падрыхтаваў маніторынг самых кур’ёзных падзеяў, якія адбыліся сёлета ў краіне.

Паводле гэтага маніторынгу, самым недарэчным выпадкам было разбурэньне помніка Леніну ў Барысаве. Там, пры дапамозе кувалды, мясцовым прадпрымальнік, нібыта, выганяў з манумэнту д’ябла.

Узгадваецца гэтаксама надзвычайны выпадак, што здарыўся ў Гомелі: сярод белага дня з гарадзкой вуліцы зламысьнікі скралі біяпрыбіральню разам з наведнікам. Чалавек вызваліўся з палону, калі кабінку везьлі ў прычэпе трактара. Натуральна, што напалохаўся і, спрабуючы ратавацца саскочыў з прычэпа ды паламаў ключыцу.

Не застаўся без кур’ёзаў і Менск: тут дробны злодзей а чацьвёртай раніцы спрабаваў праз вакно залезьці ў віна-гарэлачную краму, але зашчаміўся ў фортцы. Мусіў чакаць да ранку, пакуль яго знайшлі міліцыянты, а затым з дапамогаю ратавальнікаў МНС вызвалялі з палону гідраўлічнымі нажніцамі.

А што мяркуюць пра кур’ёзныя падзеі вядомыя ў краіне людзі? Адзначу дзьве акалічнасьці: тыя, з кім я размаўляла, па-першае, узгадвалі кур’ёзныя выпадкі са свайго асабістага жыцьця, а па-другое – гэтыя выпадкі наўпрост былі зьвязаныя з іхнай прафэсіяй альбо родам заняткаў. Менавіта такі выпадак, да прыкладу, распавёў вядомы пэрформэр Зьміцер Вішнёў.

(Вішнёў: ) “Гэта здарылася падчас апошняй маёй паездкі ў Бэрлін. Там напярэдадні майго пэрформансу мы з мастакамі вельмі добра так адзначылі, і я зранку прачнуўся а 4-й раніцы ў кавярні “Кіно”, прычым мяне там зачынілі. Я так спалохаўся – ня мог зразумець, дзе я знаходжуся, я пачаў стукацца, грукацца. Прыехала паліцыя, высьвідравала ўсе замкі, мяне выкінулі адтуль як шахцёра. Пасьля таго, як я займеў такую двухсэнсоўную папулярнасьць, на пэрформанс прыйшло даволі шмат народа, таму што ў Бэрліне, у прынцыпе, сабраць людзей на мастацкую акцыю даволі цяжка”.

А вось які выпадак распавёў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. А менавіта – гаворка вядзецца пра абвестку-знаёмства, надрукаваную ў “Рэгіянальнай газэце”:

(Трусаў: ) “Жанчына, 57 год, 150 сантымэтраў рост, вага 65, пазнаёміцца з мужчынам, ад 58 да 70 гадоў – бяз шкодных звычак, ня прагны”. Справа ў тым, што аб’ява была па-расейску, і яны замест “ня сквапны” напісалі “ня прагны”. А “ня прагны” – гэта той, хто сэксу не жадае. Хай грошы дае, а да яе блізка не падыходзіць”.

Некаторыя мэдыі прыводзяць таксама прыклады недарэчных і сьмешных выпадкаў, якія здараліся ў іншых краінах сьвету. Так, Беларуская дзелавая газэта, спасылаючыся на агенцыю Reuters, адным з такіх прыкладаў называе выпадак, калі брытанскі вязень, які адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне, выйграў у лятэрэі сем мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Альбо як адзін амэрыканец стаўся закладнікам ва ўласным доме, калі туды забраўся мядзьведзь і цягам дзьвюх гадзінаў шукаў і еў шакаляд.

Таксама незвычайнае здарэньне было зафіксаванае на беларуска-літоўскім памежжы – маецца на ўвазе трохкілямэтровы падземны сьпіртаправод паміж дзьвюма краінамі, пракладзены пад зямлёй.

Пра адзін з падобных выпадкаў “міжнароднай значнасьці” ў інтэрвію Свабодзе распавёў вядомы палітык Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Запрасілі мяне на сэмінар у Маскву да Караганава. Сэмінар адбыўся, усе выступілі, а потым пайшлі на вячэру ў рэстарацыю. Прыйшоў нават адзін з дарадцаў Пуціна – усе пачалі расказваць розныя гісторыі, і я вырашыў расказаць свой любімы анэкдот. “У гуцульскую вёску з Масквы прыслалі маладзенькую настаўніцу рускай мовы. Настаўніца гаворыць: “Оксаночка, расскажи пожалуйста содержание рассказа великого русского писателя Тургенева “Му-му”, но только на русском языке”. “Так, пані настаўніца. Жыў-быў поганы москаль Герасім. І цій москаль бів, мучыв свайго цуцанятку. А потым взяв і втопыв яго. І перад сміртю воно сказало на вашей псячей москальской мове: “за что”?” Усе расейскія “таварышы” чамусьці не сьмяяліся – і пасьля гэтага мяне на сэмінары да Караганава больш не запрашаюць”.

І яшчэ адну гісторыю, нейкім чынам зьвязаную зь яшчэ адной нашай краінай-суседкай, распавёў мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Літаральна ўчора заходзіць да мяне ў майстэрню Міхась Чарняўскі, глядзіць на мой новы твор – а я апошнім часам захапляюся жаночай красою, жаночага цела: ляжыць дзяўчына, колерам як сьпелы апэльсін, на тле такога ж аранжавага палатна, яна сьпіць так цнатліва. Міхась глядзіць і кажа: што ты, братка, хочаш сказаць сваім творам? Што сьпіць наша аранжавая рэвалюцыя? Я кажу яму: сьпіць то сьпіць, але думаю, хутка прачнецца. Вось так аранжавы колер здабывае нейкую новую зьмястоўнасьць. Я так думаю, што і ў Беларусі трэба, каб як мага болей людзей хадзіла з гэтымі аранжавымі шалікамі, куплялі аранжавыя апэльсіны, любілі загарэлых, аранжавых беларускіх дзяўчат”.
XS
SM
MD
LG