Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 году ў Менску бальшавікі разагналі Першы Ўсебеларускі зьезд


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 30 сьнежня

30 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Сьцяпан. Як заўважае этнограф Уладзімер Васілевіч, гэты дзень быў адметны тым, што сканчаўся тэрмін службы парабкаў: “На сьвяты Сьцяпан кожны сам сабе пан”, “На сьвятога Сьцяпана знайду другога пана”.

30 сьнежня 1842 году ў дачыненьні да Беларусі ўпершыню быў ужыты расейскі імпэрскі тэрмін “Северо-Западный край”. Дагэтуль землі, на якіх жылі нашыя продкі, называлі Літвой або Беларусяй. Аднак пасьля далучэньня гэтых земляў да Расеі спатрэбілася сьцерці з памяці народу веды пра колішнюю самастойнасьць і незалежнасьць Вялікага Княства Літоўскага. Таму і зьявілася назва “Северо-Западный край”. Новы тэрмін аб’ядноўваў Віленскую, Віцебскую, Гарадзенскую, Ковенскую, Магілёўскую і Менскую губэрні. Цікава, што з прыходам да ўлады бальшавікоў гэты тэрмін ператварыўся ў яшчэ больш заніжаны – “Северо-Западная область”.

У ноч з 30 на 31 сьнежня 1917 году ў Менску бальшавікі штыхамі і кулямётамі разагналі Першы Ўсебеларускі зьезд. Менавіта ў гэтую ноч Зьезд прыняў рэзалюцыю аб дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі. Адразу пасьля гэтага ў залю гарадзкога тэатру ўварваліся салдаты і пачалі разгон Зьезду.

30 сьнежня 1922 году БССР была ўключаная ў склад СССР. На працягу 70-ці гадоў Беларусь захоўвала толькі фармальныя прыкметы самастойнасьці, а фактычна была часткаю відазьмененай на савецкі лад Расейскай імпэрыі. І толькі ў 1991 годзе Беларусь абвясьціла пра сваю незалежнасьць, а СССР перастаў існаваць.

30 сьнежня 1966 году ўлады БССР прымаюць пастанову пра выданьне “Беларускай савецкай энцыкляпэдыі”. Тое 12-тамовае выданьне мела палітызаваны характар і мусіла выконваць перадусім ідэалягічныя задачы. Аднак пры падрыхтоўцы энцыкляпэдыі ўпершыню ў гісторыі Беларусі было створанае прафэсійнае выдавецтва і сабраны штат найлепшых у краіне спэцыялістаў. Сёньня энцыкляпэдычнае выдавецтва завяршае новае, 19-тамовае выданьне Беларускай энцыкляпэдыі, што пачалося ўжо ў незалежнай краіне.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 30 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня ангельскага пісьменьніка Рэдзьярда Кіплінга, які стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі, і расейскага кампазытара Дзьмітрыя Кабалеўскага.
XS
SM
MD
LG