Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвестка пра 70-годзьдзе Рыгора Барадуліна ў календары выдавецтва “Беларусь” не патрапіла


Валянціна Аксак, Менск Праз дзень жыхары пераважнае бальшыні краінаў сьвету адгорнуць першыя старонкі новых календароў, у якіх знойдуць усю патрэбную інфармацыю пра свае нацыянальныя гістарычныя і культурныя падзеі. Аднак беларусы ў гэтым шэрагу – выключэньне.

Якія беларускія календары выдадзеныя на наступны год? У продажы зьявіліся насьценны адрыўны штодзённы каляндар “Родны край” і настольны перакідны каляндар “Асьветнікі Беларусі”. І гэта ўсё, калі не лічыць некаторых рэклямных аднааркушавых насьценных ды маленькіх кішанёвых каляндарыкаў, якія выпускае Таварыства беларускае мовы і зараз вось выпусьціў менскі інстытут нямецкае культуры імя Гётэ.

Чым гэта тлумачыцца? Здаецца, яшчэ колькі год таму апрача пералічаных вамі, у продажы быў даволі багаты выбар беларускіх календароў… Гэтае пытаньне я задала ўчора Алене Законьнікавай, галоўнай рэдактарцы дзяржаўнага выдавецтва “Беларусь”, якое выпускае календары. Яна патлумачыла зьмяншэньне назваў ды скарачэньне накладаў календароў адсутнасьцю попыту.

У гэта, праўда, цяжка паверыць, бо ад пачатку 1990-х, калі масава стала выпускацца ўсялякая даведачна-інфармацыйная беларуская літаратура, вялікімі накладамі разыходзіліся насьценныя адна- і 12-аркушавыя календары з выявамі гістарычных асобаў, помнікаў архітэктуры і культуры. Такія календары замаўлялі сабе і многія бізнэсовыя структуры. Яны былі вельмі прыгожа аформленыя і даволі дорага каштавалі, і лічыліся абавязковым калядным падарункам фірмаў сваім кліентам.

Цяпер такія замовы бізнэсоўцы робяць толькі на расейскай мове. Бізнэс-сфэра вельмі тонка адчувае палітычную кан’юнктуру дзяржавы і адразу рэагуе на яе. Агульная палітыка дзяржавы ў дачыненьні беларускае мовы і культуры адбілася на выдавецкай палітыцы нават у такіх выданьнях, як календары.

Зьніклі ня толькі папулярныя выданьні, але і ў зьмесьце ацалелых двух, пра якія я гаварыла напачатку – “Родны край” і “Асьветнікі Беларусі” – чытачы цяпер ня знойдуць зьвестак па гісторыі і культуры краіны. Ні згадкі пра дзень абвяшчэньня Беларускае Народнае рэспублікі, ні датаў жыцьця яе лідэраў, ні юбілейных датаў вядомых дзеячаў сучаснае культуры ў беларускіх календарах на наступны год няма. Нават 70-годзьдзе народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна не пазначанае на іхных старонках. Затое напісана пра 70-годзьдзе прэзыдэнцкага ідэоляга Эдуарда Скобелева.
XS
SM
MD
LG