Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбная Гомелю пешаходная вуліца?


Казімір Яноўскі, Гомель Улады Гомелю ўсур’ёз заклапочаныя стварэньнем у горадзе пешаходнай вуліцы. Гэтае пытаньне разглядалася ў гарадзкім выканаўчым камітэце, а цяпер абмяркоўваецца ў мясцовым друку. Як тлумачыць гарвыканкам мэту стварэньня пешаходнай вуліцы: гэта нейкая даніна модзе, ці ў гэтым намеры ёсьць нейкая звышзадача?

Калі звышзадача і ёсьць, то гэта жаданьне гарадзкой “вэртыкалі” і новага старшыні выканкаму Аляксандра Бяляева неяк прыцягнуць увагу гараджанаў да таго, што робіць улада. Людзі цяпер ніяк не ўдзельнічаюць у фармаваньні выканаўчых структураў і, канешне, аддаляюцца ад іх у сваіх дачыненьнях.

Што да канкрэтнай задачы стварэньня пешаходнай вуліцы, то гарвыканкам тлумачыць, што хоча стварыць зону адпачынку, дзе гараджане могуць пачуваць сябе вальней – бяз гэтых штохвілінных сустрэчаў з аўтатранспартам. Паводле прынцыпу: а чым Гомель горшы за іншыя гарады – скажам, за Прагу, Вену ці Браціславу, дзе ёсьць пешаходныя вуліцы ды пляцы? Зрэшты, і бліжэй, у суседняй Маскве, ёсьць пешаходны Арбат. Гарадзкія ўлады і спасылаюцца часьцей за ўсё на суседзяў у сваім жаданьні стварыць гэткую вуліцу a la Арбат.

У эўрапейскіх гарадах пешаходныя вуліцы – гэта яшчэ і культурна-гістарычныя цэнтры. У Празе, у прыватнасьці – Старое Места, Карлаў Мост, Праскі Град. З чаго будуць радавацца гамельчукі ды госьці падчас шпацыру па пешаходнай вуліцы? З гісторыяй у Гомелі, канешне, складаней. Бажніцы і страдаўнія муры, што былі ў горадзе, зьнішчаны Саветамі. Шмат што разбурана ў вайну...

Памятлівыя гамельчукі прыгадваюць, што прыкладна паўтара дзесяцігодзьдзя таму гарадзкія ўлады ўжо спрабавалі стварыць пешаходную вуліцу. Пагаманілі – і заціхлі. На найбольш прыдатнай вуліцы Перамогі не змаглі пераарыентаваць гарадзкі транспарт.

Многія гараджане і цяпер лічаць, што праблема гэта – штучная. Паслухаем меркаваньні маладых гамельчукоў:

(Першы спадар: ) “Навошта грошы траціць на пешаходную вуліцу? Сацыяльныя праблемы трэба вырашаць, а не такія”.

(Другі спадар: ) “На мой погляд, лепей заняцца культураю ў нашым горадзе і падняць на іншы ўзровень гэтую культуру, а не займацца пешаходнымі вуліцамі. У нас для пешаходаў дастаткова ходнікаў”.

Паводле гамельчукоў, на нейкіх 300-500 мэтрах пешаходнай вуліцы не створыш зоны адпачынку для амаль паўмільёна чалавек. Калі ўжо думаць пра адпачынак, то лепей напаўняць зьместам, у тым ліку і архітэктурным, набярэжную ракі Сож з яе выдатным паркам і палацам. Тут, дарэчы, гарвыканкам зьбіраецца ўсталяваць помнік першаму гамельчуку – палешуку 10 стагодзьдзя. Ён стаіць у лодцы побач з рысьсю – цяперашнім сымбалем гораду. Можа, з устаноўкі помніка і пачнецца ўладкаваньне пешаходнай зоны ўздоўж ракі.
XS
SM
MD
LG