Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька пра справы зьніклых: “Трэба, відаць, ствараць грамадзкі трыбунал”


Алесь Дашчынскі, Менск Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў гэтыя пераднавагоднія дні наведваюць сваякоў зьніклых апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Прайшло прыкладна пяць гадоў, а беларускія ўлады пакуль не далі адказу на пытаньне: дзе гэтыя людзі? Ці спадзяюцца сваякі на тое, што ў наступным годзе будуць хоць нейкія зрухі ў пошуку сьлядоў зьніклых?

Перадусім, сваякі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара й іншых спадзяюцца, што тэма палітычных зьнікненьняў у Беларусі патрапіць ў справаздачу, якую рыхтуе для Камісіі ААН па правох чалавека спэцыяльны дакладчык, прадстаўнік Румыніі Адрыян Севярын. Нагадаю, што спадара Севярына афіцыйны Менск не пусьціў на тэрыторыю краіны для збору інфармацыі.

Сваякі зьніклых станоўча ацэньваюць намаганьні эўрапейцаў і ЗША. А што тычыцца ўладаў Беларусі, то на нейкія зрухі, як цьвердзіць маці Зьмітра Завадзкага спадарыня Вольга, спадзяваньняў няма.

(Завадзкая: ) “Адміністрацыя рэспублікі зусім не зацікаўленая ў тым, каб нейкія сьледчыя дзеяньні праводзіліся. Я вось напісала заяву ў пракуратуру, каб мяне азнаёмілі, што зроблена, скажам, за апошні час. Вось чакаю адказу. Надзеі асаблівай ніякай няма, што будуць займацца гэтай справай, таму адзіная задача асабіста нас, каб не забывалася гэтая тэма. Адна надзея на перамену ва ўладзе”.

30 сьнежня актывісты АГП наведаюць маці Віктара Ганчара, якая жыве ў пасёлку Першамайскім Лідзкага раёна, а таксама маці Юрыя Захаранкі ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці. У пакоі, які раней належаў сыну Юрыю, Ульяна Захаранка стварыла невялікі музэй, дзе многа фотаздымкаў. Спадарыня Захаранка – пра свае клопаты.

(Захаранка: ) “Я лячылася ў шпіталі вайсковым у Гомелі, там было добра, бо там уколы, усё. Але дапамогі мне ніякай, прыехала дадому – і зноў мае перажываньні. Я не магу перажыць, што сына майго няма, гэта мне з галавы не выходзіць, я не ведаю, як гэта мне перажыць такое гора”.

Паводле сваякоў зьніклых, а таксама палітыкаў, адсутнасьць свабоды слова не дае магчымасьці для распаўсюду інфармацыі ў дзяржаўных СМІ. Адсюль акцэнт – на вулічныя акцыі. На палітсавеце Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыняты плян працы пад агульным брэндам “Хочам ведаць праўду”. У наступным годзе працягнуцца “Ланцугі неабыякавых людзей”, будуць актывізаваныя камунікацыі з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з адмысловай камісіяй Рады Эўропы. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Трэба, відаць, ствараць грамадзкі трыбунал, які б заняўся разглядам гэтым справаў з пункту гледжаньня юрыдычнага і прававога кантэксту. Сёньня вялізарная колькасьць сьведкаў, якія маглі б даць вельмі важкую інфармацыю, і гэтым мы б палегчылі справу сьледчых органаў у будучым, калі б гэтыя дакумэнты былі перададзены той уладзе, якая будзе зацікаўлена адказаць на пытаньне – што адбылося?”

Паводле актывістаў апазыцыі, пра зьніклых трэба ня толькі гаварыць, але і рэальна дапамагаць родным. У гэтым сэнсе можна казаць пра пераднавагоднія візыты. З дапамогай літоўскіх і нарвэскіх сяброў удалося ў чарговы раз знайсьці магчымасьць накіраваць чатырох чалавек на адпачынак у санаторый. Дадам, што сябры АГП наведаюць таксама маці Генадзя Карпенкі, якая жыве ў Менску, а таксама былога старшыню калгаса “Рассвет” Васіля Старавойтава ды іншых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG