Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ацэньваюць значнасьць сёлетняга рэфэрэндуму беларускія палітыкі?


Уладзімер Глод, Менск Напрыканцы года існуе традыцыя – падводзіць ягоныя вынікі, складаць рэйтынгі розных асобаў і падзеяў. Расейскае інфармацыйнае агенцтва “Новости” абвясьціла свой варыянт найбольш знакавых падзеяў 2004 году на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. У топ-дзесятцы першае месца адводзіцца выбарам прэзыдэнта Ўкраіны, другое – таксама прэзыдэнцкім выбарам у непрызнанай рэспубліцы Абхазія. А вось замыкае “прызавую тройку” сёлетніх падзеяў рэфэрэндум у Беларусі. Па свайму рэйтынгу ён абыйшоў, напрыклад, імпічмэнт цяпер ужо экс-прэзыдэнта Літвы Раландаса Паксаса і лёс аджарскага лідэра Аслана Абашыдзэ, які зьбег у Маскву. Ці пагаджаюцца з трэцім месцам беларускія палітыкі?

Я размаўляў на гэтую тэму амаль з тузінам беларускіх палітыкаў. І магу адзначыць, што выразна акрэсьліваюцца дзьве думкі. Прадстаўнікі першай лічаць, што Беларусь стаіць занадта высока ў гэтым сьпісе. Маўляў, рэфэрэндум – усё ж прамежкавая падзея. Так, Канстытуцыя зьмененая, Лукашэнка атрымаў дазвол удзельнічаць у трэціх для яго, а магчыма нават і ў далейшых прэзыдэнцкіх выбарах. Але ж рэфэрэндум не гарантуе яму перамогі ў 2006 годзе. Наадварот, такое абыходжаньне з Асноўным законам краіны выкліча адмоўныя адносіны выбаршчыкаў. Вось што кажа на гэты конт магчымы супернік Аляксандра Лукашэнкі на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах, былы міністар замежных справаў Беларусі Пётр Краўчанка:

(Краўчанка: ) “На мой погляд, гэта ўсё ж ня лёсавызначальная падзея. І я не думаю, што яна адыгрывае такую надзвычайную ролю. Мне здаецца, што тут крыху перабольшваецца значаньне гэтага рэфэрэндуму”.

Прадстаўнікі другой плыні лічаць, што беларускі рэфэрэндум можна ўзьняць у топ-рэйтынгу на адну прыступку. Іхная думка такая: Лукашэнка, калі пайшоў на рэфэрэндум, выйшаў за межы прававога поля. І гэты факт патрабуе куды больш жорсткай ацэнкі як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Яны лічаць, што большасьць палітыкаў, асабліва эўрапейскіх і расейскіх, яшчэ не асэнсавалі магчымыя нэгатыўныя наступствы гэтага рэфэрэндуму. І вось што кажа першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “На першае месца трэба ставіць. Таму што, па-першае, гэта была самая чаканая падзея, па-другое, гэта была самая моцная падзея з пункту гледжаньня яе інфармацыйнага забесьпячэньня. І самае галоўнае – яна самая моцная з пункту гледжаньня наступстваў для эўрапейскага кантынэнту”.
XS
SM
MD
LG