Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае надвор’е


Галіна Жарко, Менск Жыхарам сярэдняе паласы Эўропы, як бы яны ні наракалі на зьменлівасьць надвор’я, пашчасьціла бачыць і вясну ў росквіце, і лета, і сапраўдную зіму... На Захадзе надвор’е больш камфортнае, а беларусам варта быць гатовымі і да 30-ціградусных маразоў, і да раптоўных адлігаў. Прагнозы дый увогуле размовы пра надвор’е ніколі ня трацяць актуальнасьці. Тэма надвор’я – у матэрыяле Галіны Жарко.

Абмен думкамі кшталту: “Ізноў дождж!” – “Сапраўды. Як надакучыла!” – можа паспрыяць пачатку гутаркі на любую тэму. Але наракаць на надвор’е ў межах кароткае сьвецкае размовы таксама дазваляецца.

(фрагмэнт песьні “Я нарадзіўся тут – у краіне пад шэрым небам”)

(Парашчук: ) “Атлянтыка нам не дае нармальнае зімы, бо яна цяплейшая, чым суша. І не дае нармальнага лета, бо летам яна халаднейшая за сушу. Заходнія вятры псуюць нам зімою зіму, а летам лета”.

Расказвае сыноптык Белгідрамэтцэнтру Людміла Парашчук.

Беларусь – на раздарожжы і гандлёвых шляхоў, і вятроў. У глыбіні кантынэнту больш стабільнае надвор’е, бо антыцыклёны, што нараджаюцца дзесьці ў Манголіі, Сярэдняй Азіі, усталёўваюцца на некалькі месяцаў або нават на паўгоду. Неба яснае, ападкаў няма... А цыклёны могуць нападаць на Беларусь праз 3 – 4 дні.

(Парашчук: ) “Надвор’е мяняецца часам празь дзень. Калі сыноптык прагназуе дождж, дык гэта ж не 100-працэнтная ўпэўненасьць, што ён будзе. Спраўджальнасьць нашых прагнозаў ня нізкая – 90 %. Але ж 1 з 10 прагнозаў ня спраўджваецца. Колькі б мы ні казалі правільна, гэтага не заўважаюць. Але варта адзін раз сыноптыку зманіць, адразу сыноптыкі кепскія”.

Вельмі часта радыё ўключаюць толькі дзеля прагнозу надвор’я.

А вось раніцаю 11 верасьня 1973-га на вайсковай хвалі прагучала: “У Сант’яга ідзе дождж”, – і на вуліцах чылійскае сталіцы зьявіліся танкі. Быццам бяскрыўдны выраз “Над усёй Гішпаніяй бязвоблачнае неба” быў сыгналам на пачатак грамадзянскай вайны. У слоўнік палітычных тэрмінаў увайшло й слова адліга.

Ці задавальняе тэрміналёгія беларускіх прагнозаў надвор’я лінгвіста? Зьміцер Саўка:

(Саўка: ) “Збольшага так. Апошнім часам выправіліся такія відавочныя памылкі, як “метраў у секунду”, – на “метраў за секунду”.

(Карэспандэнтка: ) “А беларуская зіма задавальняе?”

(Саўка: ) “Ніколі ня ведаеш, колькі яна працягнецца. Калі яна пачнецца й калі скончыцца. Калі будзе глыбокая адліга... Ды задаволены я зь зімы! Як Божанька распарадзіўся... Якую зямлю нам даў”.

(Карэспандэнтка: ) “Сумуеце па сумётах?”

(Саўка: ) “Ды не сумую... Вядома, атрымліваць задавальненьне ад слаты цяжка. Згаджаюся. Але чым зіма мне не дагадзіла?! Як можа не дагадзіць дажджыстае лета? Ці занадта пякучае лета?.. Ці восень, калі ўвогуле ніводнага дня не бывае сонейка?.. Ці там вясна вельмі позьняя?.. А потым як гахне, і ўсё па калена ў вадзе. Думаю, выстаўляць прэтэнзіі да надвор’я – апошняя справа”.

На тэрыторыі Беларусі – 50 мэтэастанцыяў. Раней зь іх штодня выпускалі 4 зонды, але з эканоміі сталі выпускаць два, і тыя празь дзень, бо кожны апарат каштуе 100 даляраў. А прагнозы беларускія сыноптыкі складаюць на падставе тых самых мэтодык, якімі карыстаюцца ўва ўсім сьвеце. Бясплатная інфармацыя сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі даступная для ўсіх краін.

Ды праблема ў тым, што назапашана няшмат навуковых назіраньняў. Мэтэаралёгія не старэйшая за 150 гадоў. Касьмічную ж мэтэаралёгію сыноптыкі ўвогуле параўноўваюць зь дзіцячым лепятаньнем, бо выкарыстоўваць спадарожнікі пачалі толькі зь 1970-х.

А народныя прыкметы – яны спрадвеку. Васіль Ліцьвінка:

(Ліцьвінка: ) “Калі на Грамніцы, 14 лютага, певень нап’ецца вадзіцы, дык на Юр’я, 6 мая, вол наесца травіцы. Стрэчаньне-Грамніцы – першае веснавое сьвята. Певень нап’ецца вадзіцы з калюгі – значыць, зь ледзякоў, са стрэх пачало капаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы сачылі, ці спраўджваюцца народныя прыкметы?”

(Ліцьвінка: ) “Ня проста сачыў, я іх убіраў у сябе з маладосьці. У мяне мудрая бабуля Ульляна была. У яе на кожны дзень прыкметы. Яны жылі ў календары”.

(Карэспандэнтка: ) “Прыгожая была зіма ў Вашым дзяцінстве?”

(Ліцьвінка: ) “Прыгожая. Таму што былі маразы, калі рыпіць пад нагамі... Бо мароз, месяц ня так, як цяпер там – далёка недзе, а, здаецца, над галавой вісіць. У марозныя дні разьляталіся галасы далёка. Калі калядкі сьпявалі...

Па дварэ чорна хмара ўецца. Пад акном каляднік чаўпецца...”

Паляшук Васіль Ліцьвінка згадвае зімы, што былі некалі яшчэ да асушэньня балот.

(Парашчук: ) “Шмат зьмянілася з тае пары... Антрапагенны ўплыў. Людзі пачалі актыўна ўплываць на надвор’е. Доўгатэрміновых прагнозаў на год, на сэзон не існуе. Іх няма нідзе ў сьвеце. Я магу расказаць, якое надвор’е чакае нас у найбліжэйшыя 10 дзён. А замахнуцца на прагноз на зіму я не бяруся”.

23 сакавіка 1950 году была прынятая Канвэнцыя Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі. У гэты дзень сыноптыкі адзначаюць прафэсійнае сьвята.

Сёлетняе прайшло пад дэвізам “Надвор’е, клімат, вада ў інфармацыйную эпоху”. Стыхія стала больш агрэсіўнаю. Калі ў 1950-х страты ад стыхійных бедзтваў складалі штогод 4 мільярды даляраў, дык у 1990-х – ужо 40.

Беларускае Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях падае лічбу стратаў – 25 мільярдаў рублёў.

Паводле дырэктара “Аэракосмагеалёгіі” Івана Цяшкевіча, вывучэньне геадынамічных зонаў дазваляе прадказаць шлях урагану. 23 чэрвеня 1997 году...

(Цяшкевіч: ) “Мая бацькаўшчына была разбураная да фундамэнту. Я назаўтра прыехаў, стаў на гары, паглядзеў, укленчыў і перажагнаўся. Вайна прайшла, немцы, партызаны, легіёны... а тут стыхія. Ёсьць заканамернасьці геалягічнае будовы. Ураган зарадзіўся над Львовам, прайшоў над Целяханамі, потым – Стоўбцы, Валожын, Івянец, Маладэчна, і там заціх. З пазыцыяў геадынамікі мы даказалі: ёсьць актыўныя зоны”.

А магнітныя буры?.. Календары, што друкуюцца ў газэтах, падказваюць дні кепскага самаадчуваньня, выкліканага павышанай актыўнасьцю стыхіі. Дактары, праўда, ня надта згаджаюцца з такім лёгкім тлумачэньнем.

(Доктар: ) “Пра ўсе гэтыя актыўнасьці пачалі пісаць пасьля таго, як у моду ўвайшла астралёгія. Я адношуся да тых, хто ня верыць, што клімат моцна ўплывае... Так – мы дзеці космасу, дзеці прыроды. Але трэба быць наскрозь хворым чалавекам з абвостранай адчувальнасьцю, каб рэагаваць на адлівы й прылівы, на магнітныя анамаліі. Гэта можа быць 0,1 % насельніцтва. І дурыць усіх астатніх...”

Мастакі аднойчы дурылі галовы мытнікам. Яны везьлі свае палотны на міжнародную выставу і ўзялі некалькі чыстых. Потым тлумачылі: на палотнах – белы сьнег. Адзін з жартаўнікоў – Аляксей Марачкін.

(Марачкін: ) “Самая любімая пара – зіма. Чысьціня, прасьвятленьне. Для мастака гэта вельмі важна, бо зімовыя краявіды ачышчаюць палітру”.

(Карэспандэнтка: ) “Тая зіма, па якой мы сумуем...”

(Марачкін: ) “Для мяне прастора зімовая – гэта нешта філязофскае, нешта касьмічнае. Калі выходзіш на гэтыя прасторы й глядзіш у далячынь белага палатна, адбываецца духоўнае ачышчэньне”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія колеры ў зімы?”

(Марачкін: ) “Сказаць, што сьнег белы, няправільна. Яго колер настолькі тонкі й настолькі своеасаблівы, што адным белым не абыдзесься. Сіні сьнег, зеленаваты, шэры... Сьняжыначкі, пушыначкі, як матылькі...”

Дырэктар брытанскага музэю “Прырода й мастацтва”, убачыўшы зімовыя краявіды Аляксея Марачкіна, запрасіў яго паказаць сапраўдную зіму жыхарам туманнага Альбіёну.
XS
SM
MD
LG