Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новая “жалезная заслона”? Закрытыя межы ўскладняюць жыцьцё людзей у памежных рэгіёнах Беларусі


Вячаслаў Кулік, Менск Зь пяці суседніх зь Беларусьсю краінаў толькі Расея дазваляе цяпер беларусам вольны ўезд на сваю тэрыторыю. Пры ўезьдзе да іншых суседзяў беларусы абавязаныя праходзіць памежны й мытны кантроль, прычым Польшча, Літва й Латвія паступова закрываюць пункты спрошчанага пераходу. Паводле ацэнак экспэртаў, візавы рэжым ускладніў жыцьцё людзей на ўскраінах Беларусі. Рэаліі беларускага памежжа – у матэрыяле Вячаслава Куліка.

Неспакойна цяпер у Ашмянскім раёне на Гарадзеншчыне. Незадаволенасьць тамтэйшых жыхароў змушае мясцовую вэртыкаль ехаць з паклонамі да начальства ў Менску.

Людзі патрабуюць вырашэньня праблемаў, што ўзьніклі пасьля закрыцьця на беларуска-літоўскай мяжы пунктаў спрошчанага пропуску. Перадусім звароты адрасуюць кіраўніцтву Дзяржкамітэту памежных войскаў. Гаворыць адна з падпісантак, старшыня Мураванаашмянскага сельсавету Галіна Касьпяровіч:

(Касьпяровіч: ) “Праблема ў нас з гэтым спрошчаным пераходам. Каля 280 жыхароў сельсавету маюць радню ў Літве. Дзеці зь вёсак, што ляжаць на мяжы, таксама ў Літве”.

(Карэспандэнт: ) “А зь Менску адказу на зварот старшыняў сельсаветаў Ашмянскага раёну пакуль што няма?”

(Касьпяровіч: ) “Не. Асабіста мне ніякага распараджэньня, ніякага пісьма ніхто не дасылаў”.

Літоўскі бок закрыў сёлета на мяжы зь Беларусьсю 7 прапускных пунктаў для спрошчанага пераходу мяжы. Зроблена гэта пасьля ўваходу Літвы ў Эўразьвяз. Літоўскія грамадзяне цяпер вольныя перамяшчацца на кантынэнце праз адчыненыя суседзямі дзьверы. А для беларусаў – усё наадварот.

Раней, напрыклад, фэрмэр зь вёскі Лышчыцы Берасьцейскага раёну Аляксандар Давыдзюк меў своеасаблівае пачуцьцё далучанасьці да заходняга сьвету. У любы момант ён мог зьезьдзіць у Польшчу, перадусім – на рынак найлепшай сельскагаспадарчай тэхнікі.

(Давыдзюк: ) “Раскідальнік мінэральных угнаеньняў купіў у Польшчы. Акучнікі – у Польшчы. Апырсквальнік таксама з Польшчы прывёз. Там значна таньней. У нас усё вельмі дорага каштуе й зроблена абы-як”.

Не наведваецца цяпер у Польшчу фэрмэр Давыдзюк. Паводле дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, бяспошлінны ўвоз прамысловых тавараў з Захаду абмежаваны трыццацьцю кіляграмамі. Ня знойдзецца такой прылады да трактара, каб была лягчэйшая за трыццаць кіляў.

(Давыдзюк: ) “Быццам усё на шкоду робяць. Палякі гавораць: “Вязі, калі ласка, забірай”. А гэтыя рускія-беларускія мытнікі: “Стой! Ты – злачынца, чаго вязеш?”

У суседнюю Ўкраіну дарога для беларусаў нібыта вольная, але памежны й мытны кантроль не слабейшы за польскі. Жыхарка пінскае вёскі Жолкіна Ганна Ціханчук наракае, што празь мяжу не дазваляюць правозіць харчы, хаця яны ў суседзяў таньнейшыя.

(Ціханчук: ) “Там усё таньнейшае. Мука вышэйшага гатунку – 27 тысяч беларускіх рублёў, а ў нас у краме – 80 тысяч. Крупы розныя таньнейшыя, цукар – нашмат”.

Памежныя тэрыторыі Беларусі распасьціраюцца вакол 67 так званых “малых райцэнтраў і гарадкоў”. Доўгія вякі (апрача як у гады халоднай вайны) гэтыя паселішчы мелі з суседзямі даволі цесныя сувязі абменнага тыпу. Можна спаслацца на прыклад пасёлку Дамачава, што на Берасьцейшчыне. Пры заняпадзе ўнутранай эканомікі ён атрымаў з Польшчы дадатковыя імпульсы для свайго разьвіцьця. Гаворыць тамтэйшая жыхарка Вольга Агурцова:

(Агурцова: ) “У нас пазачынялася ўсё. Была свая пякарня, яшчэ тое-сёе. Усё пазачынялася. І людзі, вядома, выкарысталі паездкі ў Польшчу. Факт – тое, што пэўным чынам падтрымалі сябе. Аўтамабіляў стала болей. Калі датуль зусім нічога не будавалася, то пасьля людзі хоць колькі дамоў паставілі”.

Адметна, што забаўленыя ў Польшчу так званымі “кантрабаснымі” прыбыткамі зь перапродажу пераважна алькаголю й тытуню, дамачаўцы не цураліся павучыцца ў суседзяў шляхетнасьці.

(Агурцова: ) “Там жа газончыкі ўсялякія й дрэвы цікавыя. Ну, і ў нас ужо пачалі думаць ня толькі пра жывот, як кажуць. Кветнікаў пабольшала. І такіх, ведаеце, з дызайнэрскім ухілам – прадумана”.

У памежным пасёлку, адгароджаным ад Польшчы візавай заслонаю, узровень жыцьця зноў паніжэў. Калгас “Дамачаўскі” разваліўся. Зямлю ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкай рэформаю перадалі прадпрыемству па агразабесьпячэньні. Цяпер і яно банкрут.

У глыбіні раёну, за 50 кілямэтраў ад найбліжэйшай берасьцейскай фабрыкі, учарашнія “чаўнакі” апынуліся закладнікамі беспрацоўя. Іх лёс нібыта неабыякавы мясцовай уладзе. Але, паводле сакратара пасялковага савету Ніны Герасімчук, цяпер кожны ратуецца сам па сабе:

(Герасімчук: ) “Раней я працавала старшынёй прафкаму, атрымлівала 260 рублёў, то ў мяне каўбаска ў лядоўні не пераводзілася. А цяпер у дзень заробку толькі й куплю селядца ці палачку каўбаскі. То я! Я атрымліваю быццам бы нядрэнна. А іншыя? Я дзіўлюся: як людзі астатнія жывуць?!”

Сёньня, бадай, найболей памежных беларусаў гняце разуменьне, веданьне, што бязь візаў перамяшчаюцца па зямным шары ня толькі амэрыканцы й эўрапейцы, а нават і прадстаўнікі краінаў трэцяга сьвету. Таму й нярэдка ігнаруюць памежныя беларусы цяперашнія абмежаваньні й забароны. Вось толькі некаторыя прызнаньні так званых “кантрабандыстаў”:

(Спадарыня: ) “У нас тут непадалёку ад літоўскай мяжы на хутары ў лазьні знайшлі 100 карабоў па 550 пачкаў цыгарэтаў. Гаспадыня адмовілася ад гэтага тавару, сказала, што не яе. Можа, і сапраўды не яе, але ж яна ня мае працы, а жыць хоча, як усе”.

(Спадар: ) “Ад нас рукой падаць да вёсак Ракітнянскага раёну. Там куб сасны цяпер можна прадаць за 100 грыўняў. За падводу дубовых дроў плацяць 50 –70 грыўняў. Для гэтага варта рызыкаваць”.

(Спадарыня: ) “Мой мужык быў арыштаваны пагранічным дазорам з Лоева на водным катэры. Ён уначы лавіў рыбу на Дняпры. Аштрафавалі як парушальніка граніцы, хаця днём у гэтым месцы ўсе вудзяць. Многіх рыбакоў затрымліваюць пагранічнікі, але нашая беднасьць вымушае людзей ісьці на ўсялякія парушэньні”.

Жыцьцё ў ізаляванасьці патрабуе дадатковых вушэй і зрэнак на ўнутраным кардоне. У дазор памежнікі залучаюць цывільных грамадзянаў.

(Грышчанкоў: ) “Можам стаяць уздоўж дарог і кантраляваць праезд пабочных аўтамашынаў, правяраць дакумэнты”.

Гаварыў Аляксандар Грышчанкоў, які адзначаны памежнікамі за пільнасьць. Паводле ягоных словаў, героям цяпер можа стаць кожны. Мясцовых агітуюць пільнаваць і дакладаць пра ўсіх падазроных. Чым больш зьвестак, тым вышэйшы ганарар.

(Грышчанкоў: ) “Калі парушальнік злоўлены пры дапамозе дружыньніка, то, натуральна, яму даюць каштоўны прыз, адмысловы падарунак. Ганаровыя граматы нашым хлопцам уручалі”.

“Новае памежжа” Беларусі, некалі абсалютна празрыстае, ужо ахоплівалі “хлебная кантрабанда”, “тытунёвы бум” і “сьпіртовая ліхаманка”. Сёлета, паводле афіцыйных зьвестак, за парушэньні памежнага заканадаўства адміністрацыйнае пакараньне панесьлі больш як 22 тысячы жыхароў краіны.
XS
SM
MD
LG