Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На польска-беларускай мяжы мытнікі канфіскоўваюць у беларусаў харчы вагай звыш за 5 кг


RFE/RL На польска-беларускай мяжы беларускія мытнікі канфіскоўваюць у беларусаў харчы і падарункі, вага якіх складае больш за пяць кіляграмаў.

З-за гэтага на некаторых пераходах утварыліся чаргі, сотні беларусаў пазбаўленыя магчымасьці прывезьці з суседняй краіны, прыкладам, слоік кансэрваванай кукурузы ці некалькі кіляграмаў вэндлінаў.

Новыя мытныя правілы пачалі дзейнічаць у Беларусі зь 1 ліпеня гэтага году. Яны былі ўведзеныя ўказам прэзыдэнта №259 ад 1 чэрвеня 2004 году. Паводле гэтых новых правілаў бяз мыты ў краіну можна ўвесьці ня болей як 5 кіляграмаў харчоў і ня болей як 1 літар моцных сьпіртовых напояў. За кожны дадатковы (звыш пяці) кіляграм харчоў, якія ўвозяцца ў Беларусь, трэба плаціць мыту 2 эўра, за кожны дадатковы літар сьпіртнога напою – 20 эўра.

Таксама паводле новых мытных правілаў, грамадзянін Беларусі можа ўвесьці для ўласных патрэбаў прамысловых тавараў на суму ня болей як 1000 эўра вагай ня болей за 50 кіляграмаў. Бытавая тэхніка, што ўвозіцца на тэрыторыю краіны, з 1 ліпеня абкладаецца мытай у 30% вартасьці, імпартная мэбля – мытай у 50% вартасьці.
XS
SM
MD
LG