Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віктара Януковіча зноў не пусьцілі ў кабінэт


Валер Каліноўскі, Менск Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны, што прайграў выбары, Віктар Януковіч, які перад апошнім турам галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах паводзіў сябе як апанэнт Леаніда Кучмы, выйшаў з адпачынку і сёньня паспрабаваў вярнуцца да выкананьня абавязкаў прэм’ер-міністра. Аднак дэманстранты ад апазыцыі не далі яму нават прайсьці ў будынак Кабінэту міністраў.

Як у першыя дні аранжавай рэвалюцыі, паседжаньне ўкраінскага ўраду сёньня зноў прайшло бязь Віктара Януковіча, пад старшынёўствам першага віцэ-прэм’ера Міколы Азарава, і зноў па-за межамі будынку Кабінэту міністраў, які быў забляканы прыхільнікамі Віктара Юшчанкі. Урад праводзіў паседжаньне ў адным з памяшканьняў Міністэрства фінансаў. Пасьля таго, як Януковіч адмовіўся ісьці ў свой кабінэт, дэманстранты пагадзіліся разблякаваць будынак. Акрамя таго, яны не хацелі замінаць пахаваньню загінулага міністра транспарту Ўкраіны Георгія Кірпы. На пахаваньні Кірпы разам зь Леанідам Кучмам пабываў і Віктар Януковіч.

Сёньняшняе блякаваньне будынку ўраду справакавала спроба Януковіча вярнуцца на пасаду кіраўніка ўраду, зазначыў адзін зь лідэраў Сацпартыі Ўкраіны Юры Луцэнка. На ягоную думку, напружаньне можа зьняць толькі ўказ Леаніда Кучмы пра адстаўку Януковіча згодна зь лістападаўскай пастановай парлямэнту. Аднак Леанід Кучма па-ранейшаму не рэагуе ні на рашэньне Вярхоўнай Рады, ні на вынікі выбараў 26 сьнежня.

Тымчасам Віктар Януковіч падаў у Вярхоўны суд чатыры скаргі на хаду выбараў 26 сьнежня. У ЦВК ён абскардзіў вынікі перагаласаваньня другога туру выбараў па ўсіх 225 тэрытарыяльных акругах.

Віктар Януковіч, які перад апошнім турам галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах паводзіў сябе як адкрыты апанэнт Леаніда Кучмы, нечакана вырашыў вярнуцца да выкананьня прэм’ерскіх абавязкаў. Адначасова ён абскардзіў вынікі выбараў у ЦВК і Вярхоўным судзе. Чым тлумачацца гэтыя дзеяньні, якія шанцы на іх посьпех, на гэтыя пытаньні адказаў кіеўскі палітоляг, галоўны рэдактар тыднёвіка “Міг” Міхайла Білэцькі. На думку Міхаіла Білэцькага, спроба Віктара Януковіча пасьля выбараў вярнуцца да выкананьня прэм’ерскіх паўнамоцтваў фармальна нічога не парушае, аднак улічваючы ягоны пераход у апазыцыю адносна Вярхоўнай Рады і Леаніда Кучмы, выглядае нелягічным.

(Білэцькі: ) “Сумленна кажучы, гэта можна аднесьці да парадоксаў украінскай палітыкі, калі чалавек становіцца сам да сябе ў апазыцыю. Гэта сапраўды абсурд, калі дзейнічаць згодна з нармальнай палітычнай лёгікай”.

Ацэньваючы пазыцыю Леаніда Кучмы, які да гэтага часу ніяк не адрэагаваў на хаду і вынік выбараў 26 сьнежня, Міхаіл Білэцькі тлумачыць гэта палітычным характарам прэзыдэнта Ўкраіны, які сыходзіць у адстаўку.

(Білэцькі: ) “У гэтым увесь Кучма, ён уласна ніколі ня быў асабліва пасьлядоўным. Аднак ня буду сьцьвярджаць, што ён спалохаўся ці не спалохаўся. Ён проста вычэквае”.

Аднак чакаць асабліва няма чаго, лічыць кіеўскі палітоляг Міхайла Білэцькі, бо ніводная з прэтэнзіяў у скаргах Януковіча ў ЦВК і Вярхоўны суд ня мае падставаў для выяўленьня фактаў парушэньняў. Януковіч, на думку спадара Білэцькага, таксама разумее гэта, і проста імкнецца зацягнуць час, каб “падчысьціць хвасты”. Таямнічая сьмерць аднаго з арганізатараў выбарчай кампаніі Януковіча міністра транспарту Георгія Кірпы, на думку Білэцькага, пакуль мала паўплывала на палітычную сытуацыю.

Праблема Ўкраіны ў тым, што не адпрацаваная працэдура перадачы ўлады ад старога прэзыдэнта новаму. Тым ня менш, ужо ў сярэдзіне студзеня новага году адбудзецца інаўгурацыя Юшчанкі як новага прэзыдэнта, перакананы спадар Білэцькі.

(Білэцькі: ) “Чатырнаццатага чысла ёсьць абсалютна ўсе падставы для таго, каб была праведзеная інаўгурацыя Юшчанкі. Гэта адназначна”.

На думку кіеўскага палітоляга Міхайлы Білэцькага, узровень грамадзкага даверу да новаабранага прэзыдэнта Юшчанкі дае яму істотныя шанцы на пасьпяховы пачатак свайго кіраўніцтва Ўкраінай.
XS
SM
MD
LG