Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія назіральнікі лічаць, што галасаваньне ва Ўкраіне было празрыстым і дэмакратычным


Альгерд Невяроўскі, Менск Перагаласаваньне другога туру выбараў прэзыдэнта Ўкраіны было нашмат больш празрыстым і дэмакратычным,чым папярэдні тур выбараў. Так лічаць назіральнікі за ўкраінскімі выбарамі ад беларускіх няўрадавых арганізацыяў. На іх думку, перамога Віктара Юшчанкі значна паўплывае і на зьмены поглядаў у беларускім грамадзтве.

29 сьнежня ў Менск вярнуліся назіральнікі, якія сачылі за перагаласаваньнем другога туру выбараў прэзыдэнта Ўкраіны — актывісты грамадзкіх арганізацыяў “Вясна”, “Партнэрства” ды іншых няўрадавых аб’днаньняў. 120 беларусаў, у рамках эўрапейскай сеткі ENEMO, назіралі за хадой галасаваньня пераважна ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах Украіны. Гаворыць прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Лабковіч, які прысутнічаў на выбарах у Харкаўскай вобласьці:

(Лабковіч: ) “Хацелася б адзначыць вялікую розьніцу паміж тым, што адбывалася ў другім туры, і тым, што адбывалася ў трэцім туры выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Я магу абсалютна дакладна заявіць аб тым, што ў Харкаўскай вобласьці выбары прайшлі максымальна дэмакратычна, і максымальна адпавядалі і міжнародным стандартам, і заканадаўству Ўкраіны”.

Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што пасьля другога туру было зьмененае выбарчае заканадаўства, абмежаваны адміністрацыйны рэсурс, а выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў былі ў роўнай меры сфармаваныя з прыхільнікаў Віктара Юшчанкі й Віктара Януковіча. Праўда, беларускія назіральнікі адзначаюць і пэўныя недахопы, зьвязаныя з фармаваньнем сьпісаў выбарцаў. Але гавораць, што гэтыя недахопы не маглі паўплываць на канчатковыя вынікі галасаваньня. Беларускія назіральнікі таксама адзначаюць, што мелі паводле ўкраінскага заканадаўства вельмі вялікія правы, у тым ліку ў часе падліку галасоў.

Прадстаўнікі Партыі БНФ назіралі за галасаваньнем у Адэсе. Актывіст Партыі БНФ Юрась Зянковіч сказаў, што ніякіх канкрэтных парушэньняў выбарчага закону зафіксавана там не было, хаця сярод сябраў выбарчых камісіяў, што належаць да розных палітычных лягераў, назіраліся даволі жорсткія спрэчкі.

Старшыня цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі назіраў за выбарамі ў Данбасе, і таксама не заўважыў істотных парушэньняў закону.

Назіральнікі ад беларускіх няўрадавых арганізацыяў гавораць, што выбары ва Ўкраіне паўплываюць і на сьвядомасьць беларускіх грамадзянаў. Улады гэтага баяцца. Менавіта таму, на думку назіральнікаў, каля шасьцідзесяці іхных калегаў былі затрыманыя ў Менску міліцыяй і адпушчаныя з пастарунку толькі пасьля адыходу кіеўскага цягніка. Уладзімер Лабковіч сказаў, што цяпер яны рыхтуюць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыі, а таксама пададуць у суд пазоў аб кампэнсацыі міліцыянтамі матэрыяльных і маральных стратаў назіральнікаў.
XS
SM
MD
LG