Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар фінансаў тлумачыць новы мэханізм спагнаньня падатку да даданую вартасьць


Міхал Стэльмак, Менск Галоўнай адметнасьцю бюджэту 2005 году ёсьць няпэўнасьць, выкліканая пераходам на спагнаньне падатку на даданую вартасьць у гандлі з Расеяй паводле прынцыпу краіны прызначэньня.

Напярэдадні новаўвядзеньня ўрад і гаспадарнікі Беларусі засталіся на супрацьлеглых пазыцыях у пытаньні зьмены падатковага прынцыпу ва ўзаемадачыненьнях з Расеяй. Міністар фінансаў Мікалай Корбут заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што мае рацыю ўрад, а ня кіраўнікі суб’ектаў гаспадараньня, што супрацоўнічаюць з Расеяй:

(Корбут: ) “Мэханізм спагнаньня падатку на даданую вартасьць адзіны і непахісны, ён існуе ва ўсім сьвеце. Тавар паступае да нас без падатку на даданую вартасьць, а ўжо тут мы спаганяем гэты падатак. Ставілася пытаньне перад усімі суб’ектамі гаспадараньня пра тое, што яны, калі заключалі дамовы пра цэны, мусілі пра гэта думаць. Калі яны “намалююць” сабе вышэйшыя цэны на 18%, то, вядома, што ў Расею мусіць пайсьці прадукцыя даражэйшая на 18%. Падатак на даданую вартасьць тут ня вінаваты. Тым больш, што падпісаная заява двух прэм’ераў пра тое, што гэта ня будзе ўплываць на цану. Гэта ўжо будзе віна і бяда таго прадпрыемства, якое заключыла кантракты з падвышэньнем цэнаў на 18%”.

Паводле міністра Корбута, за кошт падатку на даданую вартасьць фармуецца трэцяя частка беларускага бюджэту. Таму ўрад заклапочаны рэалізацыяй новаўвядзеньня, аднак адказнасьць за напаўненьне дзяржаўнай казны, як вынікае з тлумачэньня міністра фінансаў, мусяць несьці суб’екты гаспадараньня. Дарэчы, варта нагадаць, што менавіта ўрад ініцыяваў увядзеньне новага прынцыпу падатковых узаемадачыненьняў з Расеяй.

Пры гэтым ніякіх кансультацыяў зь дзелавымі коламі не праводзілася. Прадстаўнікі дырэктарскага корпусу і прадпрымальнікі ўстрывожаныя з прычыны магчымых нэгатыўных фінансавых наступстваў. У прыватнасьці, вось што заявіў на гэты конт вядомы ў мінулым гаспадарнік, а цяпер лідэр барысаўскай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:

(Марголін: ) “Гэта абавязкова адаб’ецца на суб’ектах гаспадараньня. Таму што яны атрымлівалі з Расеі тавары па высокіх коштах, якія тлумачыліся тым, што расейскія вытворцы мусілі плаціць падатак на даданую вартасьць. Зараз гэты цяжар будзе перакладзены на беларускіх прадпрымальнікаў. Але цэны ад гэтага ня зьнізяцца. Я гутарыў з тымі прадпрымальнікамі, якія працуюць з Расеяй. Расейцы сказалі адназначна: ніякага зьніжэньня коштаў ня будзе. Яны сказалі: “Будзеце вы плаціць гэты падатак ці не, але вы будзеце атрымліваць сыравіну ці іншыя тавары па тых самых коштах”. Кажуць: “Ня хочаце – не бярыце”. Такім чынам, рэальны кошт гэтых тавараў уздымецца на 18%.
XS
SM
MD
LG