Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць гадоў зьняволеньня запатрабаваў пракурор для Міхаіла Марыніча


Алег Грузьдзіловіч, Менск На працэсе над Міхаілам Марынічам пачаліся спрэчкі паміж прадстаўніком абвінавачваньня і адвакатамі. Бакі выказалі цалкам працілеглыя меркаваньні адносна віны Міхаіла Марыніча. Шэсьць гадоў зьняволеньня запатрабаваў пракурор для Міхаіла Марыніча.

Шэсьць гадоў турэмнага зьняволеньня з пазбаўленьнем цягам яшчэ 5 гадоў права займаць кіруючыя пасады – такое пакараньне запатрабаваў прадстаўнік абвінавачваньня Аляксандр Нікулін для Міхаіла Марыніча. Паводле пракурора, на карысьць дзяржавы таксама трэба канфіскаваць 90 тысяч даляраў, якія былі знойдзеныя ў былога міністра падчас затрыманьня, і 17 адзінак аргтэхнікі, якую знайшлі ў гаражы ягонага сына.

Пракурор Аляксандр Нікулін цалкам адверг падазрэньні ў палітычных прычынах гэтай справы.

(Нікулін: ) “Ад пачатку судовага разьбіральніцтва мае калегі з боку абароны спрабавалі назваць гэты працэс нейкім фарсам, палітычнай расправай над абвінавачаным. Аднак падчас працэсу, на мой погляд, знайшло пацьверджаньне тое, што абвінавачаны зьдзейсьніў звычайныя крымінальныя злачынствы”.

Пракурор падтрымаў абодва абвінавачваньні – у незаконным захоўваньні пісталета і крадзяжы аргтэхнікі.

У вэрсію Марыніча, што гэты пісталет яму падкінулі, Аляксандр Нікулін прапанаваў суду ня верыць. Пракурор спаслаўся на сьведку, які знайшоў гэты пісталет, а таксама на тое, што гэта дарагі пісталет і дзяржаве нявыгадна яго падкідваць.

Цалкам пацьверджанай сьведкамі і дакумэнтамі лічыць пракурор і віну Марыніча ў крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”.

Процілеглую пазыцыю занялі абаронцы Міхаіла Марыніча. Адвакат Валянціна Шыханцова зьвярнула ўвагу на тое, што сьледзтва не высьветліла, дзе і як Марыніч здабыў баявы пісталет, які ў яго нібыта захоўваўся.

Паводле закону, усе сумненьні мусяць быць на карысьць абвінавачанага, нагадала адвакат.

Абаронца Вера Страмкоўская назвала бяздоказнымі аргумэнты сьледзтва адносна нібыта скрадзенай аргтэхнікі арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. Яна абгрунтавала гэта тым, што ніхто не прад’явіў прэтэнзіі да Міхаіла Марыніча адносна аргтэхнікі.

(Страмкоўская: ) “Адсутнічае ў ягоных дзеяньня склад злачынства паводле артыкулу 210 частка 4, і таму яго трэба зараз жа ў судзе вызваліць з гэтай клеткі, яго трэба апраўдаць. І толькі гэта будзе адзіным правільным рашэньнем”.

Апошняе слова самога Міхаіла Марыніча прагучыць заўтра, 30 сьнежня. А вось як Міхаіл Марыніч пракамэнтаваў для Радыё Свабода патрабаваньне пракурора пакараць яго 6 гадамі турмы.

(Марыніч: ) “Гэта проста, як кажуць, замова, якую ён агучыў...”

Далей выказацца Міхаілу Марынічу не дазволілі ахоўнікі.

Шмат хто ў беларускім грамадзтве і за мяжой лічыць, што Міхаіла Марыніча перасьледуюць за ягоную апазыцыйную дзейнасьць, а таксама за намер вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года. Міхаіл Марыніч сябе вінаватым не прызнае і таксама заяўляе пра палітычныя прычыны перасьледу.
XS
SM
MD
LG