Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Тайляндзе: “Тэрыторыя іх гатэлю разбураная, але яны ходзяць купацца, загараць у суседні”


Ігар Карней, Менск Паводле афіцыйных зьвестак, у краінах Індыйскага акіяну, якія пацярпелі ад магутнага цунамі, знаходзіцца, як паведамлялася і напярэдадні, 24 беларусы. Аднак прадстаўнікі турыстычных кампаніяў па-ранейшаму цьвердзяць, што колькасьць грамадзянаў Беларусі ў гэтых краінах вымяраецца найменей сотнямі. Чаму бальшыня тых, хто едзе адпачываць зь Беларусі, не трапляе ў афіцыйныя сьпісы?

Сёньня ў Маскву авіярэйсам Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях Расеі з Каломба прыляцела віцеблянка Сьвятлана Драздова. Апроч гэтага факту, у амбасадзе Беларусі ў Расеі паведамілі, што апоўначы “Краснадарскімі авіялініямі” таксама ў Маскву прыляціць сям’я Караткевічаў, якая прыпыніла свой адпачынак на Мальдывах.

Аднак, паводле турыстычных кампаніяў, патэнцыйна найбольшая колькасьць беларусаў сярод краінаў таго рэгіёну адпачывае ў Тайляндзе. Паколькі Беларусь ня мае дыпляматычнага прадстаўніцтва ў гэтай краіне, я затэлефанаваў у амбасаду Расейскай Фэдэрацыі ў Бангкоку ў разьліку на тое, што, магчыма, беларусы маглі нагадаць пра сваё існаваньне.

(Супрацоўнік амбасады: ) “Няма нічога, ніякіх дадзеных. Нічога з гэтай нагоды сказаць вам не магу”.

Тым часам, прадстаўнікі турыстычных фірмаў цьвердзяць, што беларускіх турыстаў у пацярпелых ад цунамі краінах нашмат болей, чым лічыцца афіцыйна.

Адзін з дасьведчаных турыстаў перакананы: афіцыйныя зьвесткі грунтуюцца перадусім на дадзеных чартарнага рэйсу, які перад Новым годам звычайна фармуюць буйнейшыя беларускія турапэратары.

(Турыст: ) “Хутчэй за ўсё МЗС апэлюе дадзенымі вылетаў чартараў з Менску. Але ўсе нармалёвыя людзі праз Маскву едуць, і як, у такім разе, чыноўнікі могуць ведаць – дзе і хто знаходзіцца? Да таго ж, калі ў Тайлянд едзеш да двух тыдняў, то віза не патрэбная. А калі няма візы, то як яны могуць штосьці ведаць? І нават каб афармлялі візы, то сумняюся, што дадзеныя можна так хутка сабраць. Але народ наш там мусіць быць, адназначна”.

Адзін з тых, хто ў сьпісах МЗС ня значыцца, – менскі прадпрымальнік Уладзімер Макаловіч. Ягоны брат Ігар апавёў, што Уладзімер не патрапіў пад хвалі на высьпе Пхукет у пэўным сэнсе выпадкова.

(Макаловіч: ) “Расказвае, усё было, як у кіно, нават паверыць ва ўсё цяжка. Ён пайшоў у горы са сваёй сяброўкай фатаграфавацца ў той самы момант, як усё пачалося. І толькі гэта, кажа, выратавала. Гатэль, расказвае, разьнесла цалкам. Узяў напракат мапэд, дык яго таксама зьнесла… Мой брат ужо чацьверты раз у Тайляндзе, і ні ў каго пуцёўкі не купляе. Зараз квіток браў у Аўстрыі. Да Вены ляцеў адсюль, потым – у Куала-Лумпур. Езьдзіць сам па сабе, бо так абыходзіцца ў некалькі разоў таньней”.

Знаёмы Уладзімера Макаловіча, Уладзімер Кулікоў, які таксама скарыў нямала геаграфічных шыротаў, перакананы, што беларускія ўлады папросту ня могуць падлічыць колькасьць сваіх грамадзянаў за межамі краіны.

(Кулікоў: ) “Дадзеныя істотна разыходзяцца, і я гэтаму таксама дзіўлюся. Я быў у гэтых краінах – і ў Шры-Ланцы, у Тайляндзе, і там людзей значная колькасьць нават не ў сэзон. Прычым, афіцыйна прозьвішчы ніхто так і не называе. Я больш, чым перакананы: калі б зараз агучваліся прозьвішчы людзей, якія, паводле МЗС, знаходзяцца ў тым жа Тайляндзе, то Макаловіча там дакладна не было б. Ён нікому не паведамляў, што кудысьці едзе”.

Бальшыня турыстаў з былога СССР адмаўляецца датэрмінова ад’яжджаць дадому – маўляў, усё роўна значныя выдаткі ніхто не кампэнсуе. У турфірмах жа пераконваюць, што людзі нават у такіх умовах пачуваюць сябе “камфортна”. Вось што мне сказалі ў офісе фірмы “Сані Трэвэл”.

(Супрацоўніца фірмы: ) “Ад нас два чалавекі зараз на Шры-Ланцы. Яны вельмі добра там адпачываюць. Тэрыторыя іх гатэлю разбураная, але яны ходзяць купацца, загараць у суседні, які стаіць на гары. Іншымі словамі, яны не прасілі іх эвакуяваць”.

Тым часам, Усясьветная арганізацыя аховы здароўя настойліва папярэджвае: эпідэміі захворваньняў у сваіх наступствах могуць быць нават больш страшнымі, чым цунамі.
XS
SM
MD
LG