Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi у Менску: “Як зьменяцца дачыненьні Ўкраіны і Беларусі пасьля перамогі Віктара Юшчанкі?”


Галіна Абакунчык, Менск Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны паведаміла, што ў выніку апрацоўкі усіх выбарчых бюлетэняў Віктар Януковіч набраў крыху больш за 44% галасоў выбаршчыкаў і амаль 52% — Віктар Юшчанка. Як выбар украінскага народу паўплывае на дачыненьні паміж Беларусьсю і Ўкраінай? Гэтым пытаньнем у мінакоў на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Прэзыдэнтам Украіны стаў Віктар Юшчанка. Як гэта паўплывае на ўзаемаадносіны Ўкраіны і Беларусі?”

(Спадар: ) “Ніяк, бо Ўкраіна і Беларусь хоць і краіны-суседкі, але як наш прэзыдэнт ня можа ўплываць на Ўкраіну, так і ўкраінскі прэзыдэнт нічога ня будзе рабіць для Беларусі”.

(Юначка: ) “Вельмі хацелася б, каб нашыя краіны займелі сяброўскія стасункі”.

(Спадар: ) “Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а народы застаюцца. І як былі мы сваякамі й суседзямі, так і застанемся”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьменяць украінскія выбары дачыненьні Беларусі і Ўкраіны?”

(Спадарыня: ) “Я думаю, нічога ня зьменіцца. У нас цяпер ня тое становішча, каб зь некім яшчэ й сварыцца”.

(Юнак: ) “У нашай палітычнай сытуацыі ўплыў будзе адмоўны. Бо ў нашых краінаў цяпер розная арыентацыя: Украіна, я так разумею, будзе імкнуцца наладзіць больш плённыя стасункі з Захадам, а Беларусі пагражае ізаляцыя”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што будзе аддаляцца Ўкраіна ад Беларусі: зь Януковічам было збліжэньне. А з пазыцыяй Цімашэнкі й Юшчанкі нашыя краіны будуць аддаляцца”.

(Спадар: ) “У нашым становішчы цяпер нічога ня можа памяняцца, бо ці той прэзыдэнт ці гэты — мы ніяк, ні на што, нідзе не ўплываем. Але Юшчанка для нас усё ж лепшы варыянт”.

(Карэспандэнтка: ) “Як выбар украінскага народу паўплывае на дачыненьні Беларусі і Ўкраіны?”

(Спадар: ) “Лукашэнка трымаецца Расеі, а Украіна, выглядае, цяпер будзе трымацца Захаду, таму адносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай, натуральна ж, памяняюцца”.

(Юначка: ) “Я думаю, што мо складана будзе выехаць ва Ўкраіну. Як я ведаю, Юшчанка больш імкнецца да Захаду, таму межы паміж нашымі краінамі калі й не зачыніць, дык ускладніць працэдуру ўезду ва Ўкраіну”.

(Спадар: ) “Што можа зьмяніцца? Тое, што Юшчанка глядзіць у бок Захаду — дык гэта толькі дасьць штуршок для разьвіцьця Ўкраіны. Што ў гэтым дрэннага? А мы як былі ў цэнтры Эўропы — толькі на задворках — так і застанемся”.

(Юначка: ) “Я думаю, што, нягледзячы на ўсё, Юшчанка будзе імкнуцца і да Беларусі таксама. Захад — так, але й Беларусь ня можа застацца безь ягонай увагі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG