Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне развучыліся кахаць і ствараць сем’і?


Казімір Яноўскі, Гомель Сёлета на Гомельшчыне амаль на 13 адсоткаў скарацілася колькасьць шлюбаў. І гэта пры тым, што ў рэгіёне вось ужо каторы год захоўвацца адмоўная дэмаграфічная сытуацыя. Якія прычыны паўплывалі на зьмяньшэньне шлюбаў і на прыніжэньне ролі інстытуту сям’і?

У рэгіёне ў апошнія гады рэгістравалася крыху больш, як 10 тысячаў шлюбаў. Сёлета іх на тысячу зь лішкам меней. Было б, канешне, рызыкоўна сьцьвярджаць, што гамельчукі развучыліся кахаць. Але, відавочна, што інстытут сям’і церпіць нейкія сур’ёзныя зьмены. І, пэўна, ня ў лепшы бок.

Адзін з жыхароў Рэчыцы, які пакуль і ня думае заводзіць сям’ю, зьвяртае ўвагу на такую вось акалічнасьць у дачыненьнях мужчын і жанчын:

(Жыхар Рэчыцы: ) “Жывуць у асноўным усе, ці большасьць, грамадзянскім шлюбам”.

Іншыя лічаць, што апошнім часам надзвычай моцна прынізілася роля мужчынаў у грамадзтве, у сям’і. Яны не абцяжарваць сябе сем’ямі, не жадаюць несьці за іх адказнасьць. Паслухаем гэтае меркаваньне:

(Мужчына: ) “Ня хочуць адказваць ні за каго. Прывыклі, каб за іх хтосьці адказваў”.

Скажу адразу, што падобнае меркаваньне пра нежаданьне несьці адказнасьць за сям’ю зусім не дамінуе сярод тых, з кім мне давялося гутарыць. Хутчэй наадварот. Усьведамляючы адказнасьць, маладыя людзі нярэдка сутыкаюцца зь іншымі жыцьцёвымі праблемамі. У першую чаргу, з жыльлёвай:

(Мужчына: ) “Па-першае, трэба мець кватэру асобную ці дом. І нават калі малады чалавек мае працу, яму ў Гомелі цяжка пабудаваць кватэру. Кошт аднаго квадратнага мэтра перавысіў ужо 600 даляраў”.

Паводле майго суразмоўцы, з такімі цэнамі на жытло ня трэба чакаць нейкіх лепшых пераменаў у стаўленьні моладзі да стварэньня сям’і.

А наколькі трывалыя сем’і, якія ўсё-такі ствараюцца? Статыстыка прамаўляе не на карысьць трываласьці сям’і. Сёлета на 100 шлюбаў у рэгіёне зафіксавана 50 разводаў. У так званых чарнобыльскіх раёнах скасаваньне шлюбаў сустракаецца яшчэ часьцей. Да прыкладу, у Брагінскім раёне, на сотню шлюбаў прыпадае 85 разводаў, у Хойніках і Карме – амаль 70. Відавочна, што сытуацыя патрабуе адмысловага дасьледаваньня.

Ну, а дзе няма ці надзвычай мала шлюбаў, там і дзятвы нараджаецца меней. Існуе яшчэ, асабліва ў пацярпелых ад радыяцыі раёнах, трывога за лёс і здароўе дзяцей, што, зразумела, не прыбаўляе жаданьня мець вялікія сем’і, дзе шмат дзяцей.

Тым часам сьмяротнасьць сярод жыхароў высокая. У выніку, у рэгіёне апошнім часам колькасьць насельніцтва зьмяншаецца за год на 7-9 тысячаў чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG