Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіная ў Менску адкрытая пераднавагодняя імпрэза для дзяцей пройдзе ў сядзібе Партыі БНФ


Севярын Квяткоўскі, Менск 29 сьнежня ў Менску зладзяць беларускамоўнае сьвята для дзяцей, прымеркаванае да Калядаў і Новага Году. Адметнасьць сьвята ў тым, што дзетак прывітаюць ня Дзед Мароз са Сьнягуркай, а Сьвяты Мікалай з Гаспадыняй Зімы. А яшчэ ў тым, што на імпрэзу змогуць патрапіць ня ўсе тыя, хто жадае.

Сьвяточная імпрэза па-беларуску адбудзецца ў памяшканьні сядзібы Партыі БНФ. Ад сямнаццатай на дваццатай гадзіны прысутныя патрапяць у кампанію калядных пэрсанажаў: Казы, Мядзьведзя, Зюзі ды іншых. Таксама змогуць пабачыць батлейку і павадзіць карагод са Сьвятым Мікалаем і Гаспадыняй Зімы. Падобныя імпрэзы ў беларускай мове ладзяцца прыватна, а таксама – у беларускамоўных садках. Але такая, адкрытая для ўсіх у цэнтры сталіцы толькі па адрасе сядзібы БНФ. Гаворыць арганізатарка імпрэзы Хрысьціна Вітушка:

(Вітушка: ) “Скардзіліся і крыўдзіліся, што мы ня зладзілі сьвята для іншых дзяцей, што памяшканьне малое, і ня ўсе змогуць патрапіць. Шкада, што нашае сьвята атрымалася адзінае ў гэтым годзе”.

Чаму паўстала такая праблема зь беларускамоўнымі сьвяточнымі імпрэзамі? Відаць, таму што зьмяншаецца колькасьць асяродкаў, дзе такія б сьвяты маглі ладзіцца. Прынамсі, да такой высновы прыводзяць словы намесьніка старшыні Таварыства Беларускай Мовы Сяргея Кручкова:

(Кручкоў: ) “Раней гэтае пытаньне нават не паўставала. Сьмела людзі ішлі ў Дом Літаратара. Там ладзіліся навагоднія вечарыны, не заангажаваныя ў палітыку. Так што фактычна ўжо не засталося месца, куды можна свайго дзіцёнка прывесьці”.

Нагадаю, што зусім нядаўна ўлады пакінулі ў карыстаньне літаратарам адно два пакоі і пазбавілі іх права ладзіць два разы на месяц свае культурніцкія імпрэзы. Выйсьце з сытуацыі мае суразмоўцы бачаць у прыватнай ініцыятыве, калі бацькі гуртуюцца, каапэруюцца, і ладзяць сьвяты сваім дзецям і сабе.
XS
SM
MD
LG