Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распродажы ў Польшчы: некаторыя тавары патаньнелі на 50-60%


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 28 сьнежня ў Польшчы пачаліся сапраўдныя распродажы тавараў па зьніжаных цэнах. Калі ехаць у суседнюю краіну на закупы, дык цягам наступных некалькіх тыдняў – раіць наш карэспандэнт. Чаму гэта варта рабіць менавіта ў гэты час?

Учора ўвечары я прайшоўся па некалькіх гандлёвых цэнтрах у Варшаве, і выгляд вітрынаў і прылаўкаў ўражвае – перадусім коштамі. Патаньнела амаль усё, але найбольш кідаецца ў вочы адзеньне і абутак. Прыкладам, мужчынскія боты, якія яшчэ некалькі дзён таму, напярэдадні Калядаў, каштавалі 80 даляраў, каштуюць цяпер 40, некаторыя электратавары патаньнелі нават на 60%.

Гандлёвыя цэнтры заклікаюць адарвацца ад сьвяточных сталоў ды, карыстаючыся з нагоды, выгодна набыць неабходныя, а часам і ня вельмі неабходныя (прынамсі, у дадзены момант ці сэзон) рэчы. Гаворыць гандляр у адной з крамаў у варшаўскім гандлёвым цэнтры:

(Гандляр: ) “Мы хочам як мага хутчэй вызваліць склад а таксама вітрыны ад тавараў зімовага асартымэнту, каб было месца для новых калекцыяў на вясну і лета, таму ўсё таньней. Цяпер жа гэты асартымэнт уваходзіць у продаж значна раней, чым калісьці”.

Дадам, што цяпер у крамах значна менш людзей, чым перад каталіцкімі Калядамі, і гэта яшчэ адзін аргумэнт каб ехаць на закупы ў Польшчу менавіта цяпер.

Сэзон распродажаў у Польшчы працягнецца прынамсі да канца студзеня. Варта нагадаць, што ў некаторых гандлёвых цэнтрах на Беласточчыне пакупнікоў могуць чакаць дадатковыя распродажы з нагоды праваслаўнага Раства.

Напрыканцы дадам яшчэ дзьве інфармацыі для тых, хто зьбярэцца паехаць у суседнюю краіну на закупы: па-першае, апошнім часам польскі злоты вельмі ўзмацніўся – даляр, прыкладам, каштуе ўжо нават менш за тры злотых, – а па-другое, у гэтыя дні на памежных пераходах на польска-беларускай мяжы практычна няма чэргаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG