Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Время”: украінскія падзеі – карысны ўрок для тых, што забясьпечвалі “элегантную” перамогу Лукашэнкі


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

Газэта “Время” аналізуе вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, якія, паводле выданьня, могуць стаць урокам для Беларусі. Масавая фальсыфікацыя другога туру галасаваньня ва Ўкраіне справакавала нэгатыўную рэакцыю ўкраінскага грамадзтва, якое запатрабавала пакараньня фальсыфікатараў. Зараз тут заведзена больш як 100 крымінальных спраў на кіраўнікоў і сяброў выбарчых камісіяў рознага ўзроўню. Як зазначае “Время”, гэта вельмі карысны ўрок для тых беларусаў, што забясьпечвалі так званую “элегантную” перамогу Лукашэнкі. Газэта раіць гэтым асобам зьезьдзіць ва Ўкраіну і папрысутнічаць там хаця б на адным судовым працэсе па факце фальсыфікацыі. Мае ўкраінскі досьвед вялікую каштоўнасьць і для змагароў за волю і дэмакратыю. Тыя зь беларусаў, хто быў на Майдане ў Кіеве, зразумелі, адчулі, як піша “Время”, што ў кожнага народа можа быць свой Майдан.

“Газэта Слонімская” інфармуе сваіх чытачоў пра нездавальняючае становішча ў гэтым рэгіёне ў сфэры працы. У Слонімскім і Зэльвенскім раёнах сёлета 2 чалавекі загінулі і 6 атрымалі цяжкія траўмы, знаходзячыся на працоўных месцах. Найбольшая колькасьць няшчасных выпадкаў адбываецца, паводле газэты, на мясцовых сельгаспрадпрыемствах. Што тычыцца прычынаў траўматызму, то, як сьцьвярджае выданьне, яны ёсьць наступствамі выкарыстаньня няспраўнага абсталяваньня, ігнараваньня мясцовымі кіраўнікамі і работнікамі правілаў бясьпекі працы.

Вілейская краязнаўчая газэта “Волат” зьвяртаецца да гісторыі Беларусі, зьвязанай зь яе ўваходжаньнем у склад Расейскай імпэрыі. У тыя часы ўсталёўваліся новыя законы й павіннасьці, ці ня самай горшай зь якіх, паводле выданьня, была рэкрутчына. Чалавек, якога аддавалі ў рэкруты, фактычна назаўжды пазбаўляўся сям’і, сваякоў, роднай хаты і радзімы. Паколькі тыя ж латышы, эстонцы, грузіны, украінцы, габрэі, фіны, іншыя народы, што ўваходзілі ў склад Расеі, былі вызваленыя ад рэкруцкай павіннасьці, то тагачасная расейская армія, як вынікае з публікацыі ў “Волаце”, камплектавалася галоўным чынам з расейцаў ды беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG