Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якога пакараньня запросіць для Міхаіла Марыніча пракурор?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 29 сьнежня пачынаецца заключная частка судовага працэсу над адным з лідэраў беларускай апазыцыі Міхаілам Марынічам – судовыя спрэчкі. Нагадаем, што паводле вылучаных супроць Марыніча абвінавачваньняў яму пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Ці можна разьлічваць на тое, што пракурор запросіць больш мяккае пакараньне?

Пачне сёньняшнія судовыя спрэчкі прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня Аляксандр Нікулін. Ён мусіць падтрымаць абвінавачваньне цалкам альбо часткова – ці ўвогуле адмовіцца ад абвінавачваньня. Апошні варыянт прадугледжаны законам, але здараецца зрэдку, а вось верагоднасьць таго, што пракурор сам адмовіцца ад часткі абвінавачваньня, усё ж існуе.

Усе прысутныя на працэсе пагаджаюцца, што найслабейшай часткай абвінавачваньня ёсьць эпізод пра пісталет, які нібыта знайшлі ў загарадным доме Міхаіла Марыніча. Акрамя непасрэдна самога пісталета ды паказаньняў супрацоўніка КГБ Тананайкі, які яго нібыта знайшоў, больш ніякімі доказамі гэты эпізод не падмацаваны. Адбіткаў пальцаў Марыніча на ім няма, ніхто суду не пацьвердзіў, што калісьці бачыў у былога міністра гэтую зброю.

На судзе высьветлілася, што тэлефоны Міхаіла Марыніча праслухоўваліся пачынаючы з ліпеня 2003 года, але ніякіх размоваў наконт зброі ці нават прыблізных плянаў, дзе б яна спатрэбілася, не зафіксавана.

Яшчэ адна важкая дэталь – на пісталеце зьнішчаныя завадзкія нумары. Як паказала экспэртыза, такое магчыма толькі празь хімічнае ці мэханічнае ўзьдзеяньне, але сьледзтва не адказала на пытаньне, дзе мог гэта зрабіць Міхаіл Марыніч. І нарэшце, гэта вельмі спэцыфічны пісталет, які выкарыстоўваюць адмысловыя службы. Дастаткова сказаць, што ў гэтага пісталета плясмасавы корпус. Здабыць такі пісталет вельмі праблематычна, і сьледзтва не дало суду ніякай вэрсіі наконт таго, як гэта нібыта зрабіў Міхаіл Марыніч.

Нагадаю вэрсію Міхаіла Марыніча адносна пісталета. Ён не выключае таго, што гэтую зброю яму падкінулі, каб была падстава для яго затрыманьня. Паводле Міхаіла Марыніча, гэта магло адбыцца падчас незаконнага пранікненьня на ягонае лецішча за некалькі тыдняў да арышту. У судзе выступілі сьведкі, якія пацьвердзілі, што незаконнае пранікненьне ў дом Марыніча сапраўды было.

Такім чынам, назіральнікі не выключаюць, што пракурор сам адмовіцца ад гэтага абвінавачаньня, паколькі на ягонай падставе суд наўрад ці прызнае Марыніча вінаватым.

А вось што да эпізоду з крадзяжом маёмасьці няўрадавай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, тут становішча больш заблытанае, лічаць назіральнікі. У справе ёсьць паказаньні сьведкаў, якія сьцьвярджаюць, што Марыніч мусіў вярнуць маёмасьць, але не зрабіў гэтага своечасова. Праўда, ані “Дзелавая ініцыятыва”, якая часова валодала гэтай маёмасьцю, ані амэрыканская амбасада, якой яна належыць, не выказалі матэрыяльных прэтэнзіяў да Марыніча, але мала хто сумняецца, што пракуратура выкарыстае фармальную магчымасьць падтрымаць абвінавачваньне.

Далейшае будзе вырашаць суд. Дарэчы, ня выключана, што сваё апошняе слова ў справе Марыніча суд скажа ўжо сёньня.

Вось што думае пра вынік працэсу старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Ня дзеля таго, каб апраўдваць Марыніча, яго пасадзілі за краты. Ёсьць палітычная задача – патрэбна выключыць Марыніча з палітычнага жыцьця. Розныя могуць быць прысуды. Яго могуць прызнаць вінаватым, але ён не застанецца за кратамі, гэта будзе ўмоўнае пакараньне. А самы жорсткі варыянт – пакараньне праз турэмныя нары. Але ў любым выпадку, вэрдыкт будзе – “вінаваты”, хаця насамрэч цалкам зразумела, што перад Марынічам мусілі папрасіць прабачэньні. Але гэта магчыма толькі ў прававой краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG