Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году: беларуска-расейскія стасункі ў 2004 годзе


Юры Дракахруст, Прага Лютаўская “газавая вайна”, пэрыпэтыі пераходу на расейскі рубель і продажу “Белтрансгазу”, беларускі рэфэрэндум, абвешчаны на другі дзень жалобы па Бэслану, справа Марыніча, адстаўкі Латыпава і Ерына – усе гэтыя сюжэты беларуска-расейскіх адносінаў прыгадваюцца ў сёньняшняй перадачы “Вынікі году”. Гэтыя ключавыя пункты двухбаковых стасункаў ілюструюцца выступамі экспэртаў, якія гучалі на нашых хвалях на працягу году: зь Менску Аляксандра Класкоўскага і Ўладзімера Падгола, з Масквы – Андрэя Піянткоўскага і Вадзіма Дубнова. Перадачу падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) “Поўнае адключэньне падачы газу, хаця і працягвалася адзін дзень – 18 лютага, была калі не самай значнай, то самай гучнай падзеяй у двухбаковых адносінах у гэтым годзе”.

(Лукашэнка: ) “Я лічу, што гэта акт тэрарызму на самым высокім узроўні, калі ў 20-градусны мароз краіну пазбаўляюць, народ пазбаўляюць – не чужы народ, у жылах якога цячэ ў паловы насельніцтва расейскай кроў, – пазбаўляюць прыроднага газу”.

Так заявіў тады Аляксандар Лукашэнка, ня стрымліваючыся ў ацэнках.

Перадгісторыя гэтага крызысу была даволі працяглай. Яшчэ ў 2002 годзе Менск і Масква падпісалі пагадненьне, паводле якога, папросту кажучы, Расея пастаўляла Беларусі танны газ, а Беларусь абяцала прадаць “Белтрансгаз”.

Але ў 2003 годзе высьветлілася, што ўяўленьні пра цану беларускага газатранспартнага прадпрыемства ў бакоў розныя : “Газпром” быў гатовы заплаціць максімум 600 мільёнаў даляраў, Лукашэнка лічыў, што цана “Белтрансгазу” – 5 мільярдаў даляраў.

Танны газ між тым ў Беларусь ішоў. Ішоў да пачатку гэтага году. Потым спыніўся. У 2004 год Беларусь увайшла без дамовы на пастаўку газу, “Газпром” – без дамовы на транзыт. Месяц дзюркі затыкаліся пастаўкамі незалежных пастаўшчыкоў, у лютым Беларусь пачала адпампоўваць на свае патрэбы транзытны газ, і пастаўкі спыніліся наагул.

Формула “канфлікт гаспадарчых суб’ектаў” нікога не падманвала, усе разумелі, што подбіўка канфлікту – палітычная.

І калі разглядаць яго менавіта як палітычны, то варта прызнаць, што Крэмль па меншай меры не перамог. Вось што казаў тады ў перадачы нашага радыё палітоляг Уладзімер Падгол.

(Падгол: ) “Пакуль прэзыдэнцкая прапаганда робіць усё, каб выставіць і Пуціна, і "Газпром" і Расею ворагамі беларускага народу. Вынікам гэтага стане павелічэньне адмоўнага рэйтынгу інтэграцыі з Расеяй, пры гэтым можа павялічыцца станоўчы рэйтынг інтэграцыі з Эўразьвязам. Сытуацыя не на карысьць Расеі. Яна на карысьць перш наперш Лукашэнку, бо ўмацоўвае яго рэйтынг, і па-другое сытуацыя ўскосна ўмацоўвае незалежніцкі рэйтынг у сьвядомасьці беларусаў”.

(Дракахруст: ) “Наш экспэрт шмат ў чым меў рацыю : рэйтынг Лукашэнкі сапраўды падчас крызысу павысіўся, сымпатыі да Расеі – зьменшыліся.

На працягу ўсяго гэтага году адбывалася, так бы мовіць, “засыханьне” асноўных інтэграцыйных тэмаў. Пасьля лютаўскай газавай вайны Менск саступіў у пытаньні цаны на газ, але не ў пытаньні “Белтрансгазу”. Ішлі перамовы пра прызначэньне незалежнага ацэншчыка прадпрыемства, якія рабіліся ўсё больш кволымі і рытуальнымі.

Ці аддасьць Лукашэнка ўрэшце “Белтрансгаз” і іншыя смачныя кавалкі беларускай прамысловасьці расейцам? Вось меркаваньне намесьніка рэдактара расейскага часопісу “Новое время” Вадзіма Дубнова”.

(Дубноў: ) “Я мяркую, што не. Я мяркую, што зараз “сямейнае срэбра” спатрэбіцца Лукашэнку болей, чым калі-небудзь, таму што ягоны рэжым абсалютна стабілізаваўся. Ён стабілізаваўся ва ўсіх адносінах. Ён стабілізаваўся ў палітычным пляне. У нейкай пэрспэктыве ён стабілізаваўся нават у эканамічным пляне. Як заўважыў выбітны беларускі эканаміст Леанід Заіка, нават Лукашэнка ня можа нічога зрабіць з законамі эканомікі. Зараз Лукашэнка ўжо можа не аглядацца на Маскву. Масква ўжо ведае, што аніякіх кантрольных пакетаў Лукашэнка не аддасьць. Масква часам згаджаецца нават на 49%, як гэта зрабіў кіраўнік МТС Уладзімер Еўтушэнкаў. Гэта дапамагае Лукашэнку і адначасна дастаткова выгадна Еўтушэнкаву.

Захад нічога ня можа зрабіць зь Беларусьсю, бо “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” – крок, з майго гледзішча, дастаткова рытуальны. З апошняй рэдакцыі гэтага закону зьнікла нават згадка пра канкрэтную суму, якую выдаткоўвае Вашынгтон, там гаворыцца толькі пра сумы, якія палічыць патрэбным выдаткаваць прэзыдэнт ЗША.

Акрамя таго, наколькі я разумею, амэрыканцы ўжо ня вельмі вераць у апазыцыю. Пры ўсёй маёй павазе да беларускай апазыцыі, яна ўжо выклікае пачуцьцё прыкрасьці ў тых, хто ў Вашынгтоне прымае рашэньні па Беларусі. Лукашэнка гэта выдатна ведае. Ніякіх перадумоваў для таго, што ягонаму рэжыму можа нешта пагражаць, як гэта здавалася ў 2001 годзе, ужо няма. Іншая справа, што ёсьць нейкія прычыны, пра якія мы яшчэ ня ведаем”.

(Дракахруст: ) “У сваім сёлетнім штогадовым пасланьні парлямэнту Аляксандар Лукашэнка чарговы раз патлумачыў, што калі Расея ня выканае пэўны набор ўмоваў, то пра пераход Беларусі на расейскі рубель ня можа быць гаворкі.

Казалася гэта ў той момант, калі раней вызначаны тэрмін пераходу быў 1 студзеня 2005 году быў ужо тэхнічна недасягальны, да таго ж Масква раней катэгарычна адхіліла ўмовы Лукашэнкі.

“Ну а не, дык не”. Праўда летам, падчас сустрэчы ў Сочы кіраўнікі Беларусі і Расеі нібыта выцягнулі праект грашовай уніі з “даўгой скрыні”, быў прызначаны новы тэрмін – 1 студзеня 2006 году. Уладзімер Пуцін параіў Лукашэнку “пераспаць” з гэтай ідэяй. Ідэі гэта на карысьць не пайшло – ужо празь некалькі месяцаў, у разгар рэфэрэндумнай страды Лукашэнка ізноў вылучыў свае, непрымальныя для Масквы ўмовы.

Несумяшчальнасьць пазіцыяў бакоў у гэтым пытаньні выявілі й сьнежаньскія перамовы Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Расеі Міхаілам Фрадковым. Вось як камэнтаваў гэты бясконцы тупік расейскі палітоляг Андрэй П’янткоўскі”.

(П’янткоўскі: ) “Так, душа афіцыйнай Масквы якраз і прымірылася з гэтым. Так, аб’яднаньня ня будзе, але там ёсьць наш прасавецкі чалавек у Беларусі. А любая іншая няпэўнасьць Маскву жахліва палохае, бо калі не Лукашэнка, то гэта будуць іншыя фігуры, якія могуць падумаць пра іншы вэктар разьвіцьця. То бок Масква прымірылася, што яе імпэрскі праект не прайшоў, і цяпер мы павінны чакаць новага рэнэсансу расейска-беларускага супрацоўніцтва пасьля ахаладжэньня апошніх гадоў. Але Масква разумее, што ёсьць пэўныя межы – не навяжа яна рубель Лукашэнку, ня возьме ён рубель, не адмовіцца ад такога атрыбуту самастойнасьці, як нацыянальная валюта”.

(Дракахруст: ) “Дарэчы, у лістападаўскім апытаньні НІСЭПД упершыню больш за 50% рэспандэнтаў выказалі адмоўнае стаўленьне да пераходу на расейскі рубель.

У двухбаковых адносінах сёлета наагул шмат што было ўпершыню.

Вяртаючыся да тэмы газавых дужаньняў, варта сказаць, што толькі ў чэрвені бакі падпісалі доўгачаканы газавы кантракт на гэты год. Ужо цытаваны Андрэй Піянткоўскі заўважыў тады, што гэта першае чыста камэрцыйнае пагадненьне паміж Менскам і Масквой, не абцяжаранае інтэграцыйнай рыторыкай і трызьненьнем пра адзіную дзяржаву.

Праўда, як раз чыста камэрцыйныя адносіны атрымліваюцца ў бакоў даволі кепска: чарговы раунд газавай вайны разгарэўся акурат напрыканцы году, бакі ізноў не сышліся ў пытаньні газавых цэнаў, выглядае, што і ў новы 2005 год абедзьве краіны ўвойдуць без падпісаных кантрактаў.

Чарговым, пасьля газавай вайны сёлетнім момантам ісьціны ў двухбаковых адносінах быў, безумоўна, беларускі рэфэрэндум.

Важнымі тут былі і прысутнасьць Расеі і яе адсутнасьць.

Рэфэрэндум быў абвешчаны 7 верасьня, на другі дзень жалобы па бэсланскай трагедыі. У самім выступе Лукашэнкі Расея прыгадвалася двойчы – як бацькаўшчына хцівых алігархаў, якія без Лукашэнкі скупяць Беларусь, і як краіна, дзе віруюць забурэньні, тэрор і непарадак.

Да 7 верасьня шмат якія айчынныя і замежныя экспэрты прагназавалі, што Крэмль не дазволіць Лукашэнку праводзіць рэфэрэндум.

Але ў адрозьненьні ад украінскіх прэзыдэнцкіх выбараў, куды афіцыйная Масква ўлезла, як кажуць, з нагамі, у беларускіх прэдрэфэрэндумных баталіях яна не ўдзельнічала, шчыра скажам, аніяк.

Ужо пасьля рэфэрэндуму афіцыйная Масква праз МЗС прызнала вынікі рэфэрэндуму, а праз фэдэральныя тэлеканалы падрабязна распавядалі пра шматлікія парушэньні і пратэсты.

Што гэта азначала? Вось якое меркаваньне выказваў Вадзім Дубноў”.

(Дубноў: ) “Гэта азначае ранейшы падыход Масквы да беларускай праблемы. Лукашэнка, зразумела, ёй не падабаецца, але альтэрнатываў яна ня бачыць. Адсюль вынікаюць усе яе даволі супярэчлівыя рухі. Расея ўпершыню за ўсе 10 гадоў не аказвала аніякай падтрымкі Лукашэнку. З аднаго боку, праз падкантрольныя мэдыі яна яго асуджае. З другога боку, што тычыцца Думы, то Крэмль, відаць, працягвае лічыць, што яму неабходна ўлічваць інтарэсы тых слаёў насельніцтва, якім Лукашэнка падабаецца, дзе ён папулярны. Таму Дума, як псэўдапрадстаўнічы орган, атрымлівае загад прыняць тую пастанову, якую яна і прыняла.

Справа ў тым, што Масква па-ранейшаму ня ведае, дзе ёй шукаць альтэрнатыву. Альтэрнатываў у апазыцыі яна ня бачыць. Гэтым разам апазыцыі ў Маскве казалі прыкладна тое ж самае, што і 3 гады таму: “Вы ўсе вельмі сымпатычныя людзі, але мы разумеем, што справу прыйдзецца мець усё роўна зь ім”.

Што тычыцца альтэрнатывы намэнклятурнага кшталту, то тут варта прыгадаць спробу зь Міхаілам Марынічам. Па-першае, Масква гэтую спробу бяздарна праваліла, а па-другое, зусім непрыстойна кінула яго ў турме, не паварушыўшы і пальцам. Гэта паказала, што і тут Маскве шукаць няма чаго.

У прынцыпе, некаторая настойлівасьць у рэалізацыі “намэнклятурнага бунта” магла б прывесьці да нейкіх вынікаў – па меншай меры, разгойдаць “вэртыкаль” яна была б здольная. Але мы маем справу з той Масквой, якая па традыцыі не жадае прымаць рашэньні. Ёй прасьцей цярпець некаторыя нязручнасьці, якія стварае ёй Лукашэнка, чым нешта прынцыпова мяняць. Ну і, да слова, да Лукашэнкі яна ўжо прыцярпелася, і гэтыя нязручнасьці яна ўжо навучылася цярпець”.

(Дракахруст: ) “Прыгаданая Дубновым справа Марыніча – сапраўды вельмі характэрная зьява. Шчыльныя сувязі ў Маскве, магчымая стаўка, якую Масква магла зрабіць на былога пасла, былі ці не галоўнымі прычынамі ягонага арышту.

Сёлета ўлада пазбаўлялася ня толькі ад апазыцыянераў з маскоўскімі сувязямі, але і ад сваіх з такімі ж сувязямі – менавіта гэты чыньнік шмат хто называў прычынай адстаўкі старшыні КГБ Леаніда Ерына і кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрала Латыпава.

На двухбаковых адносінах сёлета моцна адбіваліся і палітычная эвалюцыя ў самой Расеі. Слова Андрэю П’янткоўскаму”.

(П’янткоўскі: ) “Расея за апошнія пяць месяцаў вельмі моцна “лукашэнкізіравалася”, калі можна так выказацца – і адпаведна зьмяніліся ўстаноўкі Масквы да Лукашэнкі. Найгоршае ў стасунках з Масквой у Лукашэнкі ўжо ззаду. Дзесяць гадоў запар ён вадзіў за нос расейскіх палітыкаў, размахваючы рознымі паперкамі аб аб’яднаньні.

Калі Масква зразумела, што ніякага аб’яднаньня ня будзе, што Лукашэнка не памяняе сваё становішча дыктатара на сакратара абкаму альбо губэрнатара, Масква вельмі ахаладзела да Лукашэнкі і некалькі разоў нават выразна паказвала гэтае нездавальненьне.

Але цяпер у Маскве, відаць, запанаваў такі пункт гледжаньня: Лукашэнка, канечне, сукін сын (ня ў тым сэнсе, што задушыў дэмакратыю і пры ім зьнікаюць палітычныя апанэнты, а ў тым, што ён не пагаджаецца ўступаць у Расейскую Фэдэрацыю сям’ю суб’ектамі), але затое наколькі ж ён “наш сукін сын”. Бо ва ўсіх сваіх палітычных устаноўках Масква сямімільнымі крокамі рухаецца да стандартаў Лукашэнкі”.

(Дракахруст: ) “Напрыканцы вернемся напачатак нашай гутаркі, да прагнозу Ўладзімера Падгола пра тое, што ахалоджаньне да Расеі прывядзе да больш станоўчага стаўленьня да Захаду, да Эўропы. Прагноз гэты паводле апытаньняў ня спраўджваецца нават на ўзроўні грамадзкай сьвядомасьці, а на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі – тым болей.

Гэты год стаў годам незвычайнага абвастрэньня адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам, дастаткова прыгадаць амэрыканскі акт аб дэмакратыі і супольныя візавыя санкцыі ЗША і Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікам. Шлях ад Расеі стаў шляхам не ў Эўропу, а ў ізаляцыю. Гаворыць рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі:

(Класкоўскі: ) “Усё ж я думаю, што заходнія санкцыі наўрад ці настолькі прыціснуць беларускі рэжым да сьценкі, што ён, як некалі сказаў Аляксандар Лукашэнка, “папаўзе ў Расею на каленях”. Пра гэта сьведчыць увесь папярэдні досьвед санкцыяў адносна Беларусі. А зараз, я згодны з калегам Дубновым, беларускі рэжым перажывае ня горшыя часы ў эканамічным і іншых плянах. У той “фартэцыі”, якую збудаваў Лукашэнка, ён пачуваецца дастаткова ўпэўнена. У гэтай сытуацыі ён адчувае, што Расея пакуль ня будзе яго даціскаць, і ён з сытуацыі пэўнага абвастрэньня стасункаў з Захадам возьме роўна столькі, колькі яму трэба: лішні раз зробіць сабе піяр “абаронцы заходніх межаў”, можа, выгандлюе ў Расеі нейкія ўзбраеньні, можа, пару зэнітных комплексаў, можа – эканамічныя прэфэрэнцыі. Зь іншага боку, і Расея ўжо шмат даваць ня будзе, таму што там сапраўды збольшага зразумелі, што гэта ўсё як у прорву, і што Беларусь – гэта ўжо адрэзаная луста”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG