Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух актывістаў затрымалі за тое, што яны раздавалі каляндарыкі Радыё Свабода


Браніслава Станкевіч, Віцебск За распаўсюд улётак і каляндарыкаў ад Радыё Свабода ў Віцебску затрымалі двух сябраў партыі БНФ “Адраджэньне”. Кастусь Горны і Уладзіслаў Токараў былі затрыманыя міліцэйскім патрулём на пляцы Волі.

Паводле словаў старшыні Віцебскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ “Адраджэньне”, Улада Токарава, яны разам з яшчэ адным партыйцам, Кастусём Горным, а 18-й вечара распаўсюджвалі на віцебскім пляцы Волі адмысловыя ўлёткі. А таксама раздавалі каляндарыкі з раскладам праграмаў беларускай Свабоды.

(Токараў: ) “Мы выйшлі распаўсюджвалі ўлёткі “Праўда пра рэфэрэндум ды выбары на Беларусі” – пра тое, што адбывалася 17-га кастрычніка. Людзі цікавіліся, самі да нас падыходзілі, бралі па некалькі паасобнікаў улётак ды каляндарыкаў і вельмі дзякавалі”.

Як распавядае спадар Токараў, віцебскія мінакі вельмі актыўна размаўлялі пра падзеі ва Ўкраіне, згадвалі перамогу ўкраінскай апазыцыі. Вакол распаўсюднікаў увесь час быў невялічкі натоўп.

Недзе праз паўгадзіны да іх падышлі двое міліцыянтаў, і не назваўшы сябе, запатрабавалі, каб абодва хлопцы ехалі зь імі ў пастарунак. Прадставіліся міліцыянты толькі пасьля патрабаваньняў Уладзіслава Токарава, а свой загад паехаць зь імі ў Кастрычніцкі райадзьдзел міліцыі яны матывавалі тым, што спадары Токараў і Горны, на іхную думку, распаўсюджваюць незаконна выдадзеную друкаваную прадукцыю.

Такое самае абвінавачаньне ў пастарунку было запісанае і ў пратаколы, хаця хлопцы спрабавалі давесьці, што ўлёткі маюць выходныя дадзеныя і надрукаваныя ў Менску законным чынам. Міліцыянты забралі каля трох соцень улётак, а каляндарыкаў ад Радыё свабода ім дасталася ўжо няшмат – амаль усё разабралі мінакі на пляцы Волі.

Адміністрацыйнае парушэньне, якое, на думку віцебскіх міліцыянтаў, зьдзейсьнілі Кастусь Горны і Ўладзіслаў Токараў, будзе цяпер разглядаць камісія Кастрычніцкага раёну. Позвы выпісаныя на 12-га студзеня.
XS
SM
MD
LG