Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Які ўплыў можа аказаць украінская “аранжавая рэвалюцыя” на палітычныя працэсы ў рэгіёне?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 27 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітолягі Аляксандр Дзергачоў зь Кіева і Ўладзімер Мацкевіч зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Украінская “аранжавая рэвалюцыя” — падзея ня толькі нацыянальнага, але і значнага міжнароднага маштабу. Маецца на ўвазе і памер, геапалітычнае становішча краіны, і актыўны ўдзел ва ўкраінскім супрацьстаяньні замежных дзяржаваў. Але існуе і іншая ацэнка гэтых падзеяў. Некаторыя экспэрты сьцьвярджаюць, што “аранжавая рэвалюцыя” — гэта пачатак новага этапу трансфармацыі на постсавецкай прасторы. У адрозьненьне ад краінаў Цэнтральнай Эўропы, на постсавецкай прасторы пасьля краху камуністычнай сыстэмы ўтварыліся алігархічныя аўтарытарныя рэжымы рознай ступені жорсткасьці. І краіны СНД стаяць напярэдадні новых “аксамітавых рэвалюцый”. І ўкраінская рэвалюцыя — другая, пасьля грузінскай “рэвалюцыі ружаў”, але значна больш уплывовая. Што вы думаеце наконт гэтай вэрсіі?”

(Аляксандар Дзергачоў: ) “Украіна вельмі вялікая краіна на постсавецкай прасторы. І падзеі, якія ў ёй адбываюцца, звычайна ўплываюць даволі значна на агульную сытуацыю. Але гэты ўплыў будзе, хутчэй, апасродкаваны. Ён дасьць пэўны прыклад, пакажа магчымасьць дэмакратычных зьменаў. Але непасрэдна ён наўрад ці стане штуршком для палітычнага, дэмакратычнага разьвіцьця іншых краін, калі ў іх няма сур’ёзных перадумоваў для зьменаў.

Думаю, што ў гэтым сэнсе, улады ці то ў Расеі, ці ў Беларусі гатовыя скарыстацца папярэджаньнем украінскай “памаранчавай рэвалюцыі” дзеля прыняцьця прэвэнтыўных захадаў, каб не было паўтарэньня. Гэта больш верагодна, чым тое, што апазыцыя, дэмакратычныя сілы ў гэтых краінах маглі б скарыстацца і паўтарыць штосьці падобнае. Яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў было відавочна, што ва Ўкраіне ёсьць больш магчымасьцяў для такога разьвіцьця падзеяў. Таму што ўзьніклі ўплывовыя, папулярныя сярод насельніцтва дэмакратычныя сілы, новая апазыцыя, якая арганізаваная і здольная рэальна змагацца за ўладу нават ва ўмовах недэмакратычных выбараў, выкарыстоўваць публічныя мэханізмы вядзеньня барацьбы, далучаць сотні тысяч грамадзян да актыўнага ўдзелу ў дэмакратычным працэсе. Я ня бачу сур’ёзных падобных працэсаў ні ў Расеі, ні ў Беларусі.

За кошт якіх чыньнікаў украінскі дэмакратычны рух змог выйсьці на другі этап адраджэньня пасьля пачатку 1990-х гадоў? Гэта зьвязана з тым, што тут у нас дэмакратычны рух абапіраўся на патрыятычную ідэю. Гэта нацыянальна-дэмакратычны рух. Знайшлося дастаткова прадстаўнікоў інтэлігенцыі, дробнага бізнэсу, якія заўжды былі ў апазыцыі да той алігархічнай улады буйнога капіталу і буйной бюракратыі. Актыўную ролю адыграла моладзь. Важнае значэньне мела агульная атмасфэра, зьвязаная з унутранай слабасьцю рэжыму, ягонымі унутранымі супярэчнасьцямі, міжнароднаю падтрымкаю, меншай міжнароднай ізаляванасьцю Ўкраіны. У Расеі й Беларусі, пра што варта казаць больш дэталёва, сытуацыя ўсё ж такі іншая”.

(Уладзімер Мацкевіч: ) “Па-першае, падзеі ва Ўкраіне досыць істотна зьмянілі сытуацыю ў рэгіёне. Так бы мовіць, Эўропа прасунулася значна далей на Ўсход, дзякуючы таму, што ва Ўкраіне цяпер перамагае дэмакратыя. Яшчэ адна вельмі істотная рэч: ва Ўкраіне моцна праявіла сябе адказная кляса. Частка грамадзтва ўсьвядоміла, што яна можа браць на сябе адказнасьць за краіну, нацыянальнае разьвіцьцё. Гэтая кляса здольная адказваць за лёс краіны уласнай маёмасьцю (алігархі, бізнэсоўцы), сваёй кар’ерай (чынавенства), нават сваім часам і жыцьцём”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што Расея вельмі актыўна ўдзельнічала ва ўкраінскіх прэзыдэнцкіх выбарах. Увогуле трэба адзначыць, што апошнімі гадамі Расея вельмі шчыльна заклапацілася дачыненьнямі з Украінаю. Гэты кірунак стаў галоўным вэктарам замежнай палітыкі Масквы на постсавецкай прасторы. Але праект “Януковіч”, на які Крэмль патраціў шмат рэсурсаў, пацярпеў крах. І што цяпер? Якія наступствы будзе мець перамога Юшчанкі на ўзаемадачыненьнях у трохкутніку Беларусь—Расея—Ўкраіна?”

(Дзергачоў: ) “Відавочна з гэтага тое, што Ўкраіна можа рэалізаваць свае нацыянальныя інтарэсы ў дачыненьнях з Расеяй і ўвогуле на постсавецкай прасторы. Да гэтага часу яны былі звужаныя, бо ўлада абараняла групавыя інтарэсы, інтарэсы буйнога бізнэсу. Гэтыя групы ў атачэньні прэзыдэнта Кучмы эксплюатавалі рэшткі савецкай культуры ва Ўкраіне, якія мы бачым дзесьці на ўсходзе і поўдні краіны, арыентаваліся на Расею.

Цяпер тут шмат што павінна зьмяніцца. Я ўпэўнены, што ўкраінская замежная палітыка будзе рэнацыяналізаваная, нарэшце будзе абараняць нацыянальныя інтарэсы. Мы будзем дамагацца роўнасьці й парытэтнасьці ў дачыненьнях з Расеяй, большай празрыстасьці гэтых зносінаў, падкантрольнасьці парлямэнту і грамадзкасьці. Думаю, што тут ня будуць адыгрываць значную ролю асабістыя стасункі паміж двума прэзыдэнтамі, а больш будуць працаваць дзяржаўныя мэханізмы і грамадзкасьць. Але разам з тым, думаю, Украіна будзе ініцыяваць паглыбленьне супрацоўніцтва, асабліва эканамічнага.

Адносіны з Расеяй і краінамі СНД будуць падпарадкованыя эўрапейскаму выбару Ўкраіны. У гэтым сэнсе ня будзе дзьвюх інтэграцый. Мы будзем набліжацца ў заканадаўстве, палітычнай практыцы, бізнэсе да эўрапейскіх стандартаў. І калі астатнія партнэры ў СНД будуць гатовыя рухацца да такіх стандартаў, Украіна будзе горача падтрымліваць такі варыянт.

Трэба вызваліць супрацоўніцтва ад каньюнктуры, зьвязанай з барацьбой за ўладу, узаемападтрымкай намэнклятурных груповак розных краін. І будуць зьнятыя гуманітарныя пытаньні. Для Ўкраіны вельмі важна арганічна інтэграваць расейскамоўных грамадзян ва ўкраінскае грамадзтва і пабудаваць кансалідаваную палітычную нацыю. І тут вельмі важны канструктыўны падыход з боку Расеі. Галоўная праблема ў разьвіцьці новай Украіны з Расеяй і іншымі партнэрамі — гэта гатоўнасьць партнэраў адэкватна ўспрыняць тое, што адбылося ва Ўкраіне. Для Крамля гэта вельмі ня проста. Але, спадзяюся, гэта будзе вырашана, і досыць хутка”.

(Мацкевіч: ) “Падзеі ва Ўкраіне вельмі небясьпечныя для тых падыходаў, якія Расея выцягвае зноў з старых сваіх куфраў, для ягонай імпэрскай эўразійскай палітыкі. Вельмі яскрава відаць, як увага Расеі перакінулася пасьля 1996 году зь Беларусі на Ўкраіну. Маскве здавалася, што на беларускім кірунку расейскія інтарэсы ўладкаваныя, і таму можна пераходзіць да Ўкраіны. Гэта выявілася ў шмат якіх дзеяньнях. І невыпадкова амбасадарам Расеі ва Ўкраіне быў прызначаны Чарнамырдзін. Масква моцна імкнулася ўплываць на ўкраінскія падзеі, не разумеючы, што яна мае справу з асобным народам, нацыяй.

Усе тры славянскія краіны выбіраюць розныя шляхі разьвіцьця і па-рознаму ўплываюць адна на адну. Відавочна, украінскія падзе адаб’юцца і на ўнутрыпалітычных беларускіх працэсах. Не думаю, што гэта паспрыяе новаму збліжэньню Расеі зь Беларусьсю. Не бяруся прагназаваць, ці зможа сёньняшні беларускі рэжым усталяваць добрыя адносіны з новай дэмакратычнай Украінай. Для інтарэсаў Беларусі было б добрае такое збліжэньне”.

(Карбалевіч: ) “Калі глядзець беларускія дзяржаўныя тэлеканалы, то там падзеі ва Ўкраіне падаюцца вельмі проста: усё гэта “праект Захаду”, там рэалізуюцца “заходнія паліттэхналёгіі” на “заходнія грошы”. Зразумела, беларуская апазыцыя глядзіць на гэтую сытуацыю зусім інакш. Калі тэлеканалы паказваюць Майдан Незалежнасьці, то беларускія бел-чырвона-белыя сьцягі адразу кідаюцца ў вочы. Моладзевыя апазыцыйныя арганізацыі плянуюць арганізаваць у менскім парку аранжавае сьвята. Ці можа “аранжавая рэвалюцыя” перакінуцца ў Беларусь?”

(Дзергачоў: ) “Калі аналізаваць адрозьненьні сытуацыі, а, на жаль, іх больш, мусіць, чым падабенства, то трэба казаць, што ў Беларусі не існавала ў апошнія гады дастатковай прасторы, каб магла адбыцца самаарганізацыя асяродкаў грамадзянскай супольнасьці, каб мог разьвівацца шырокі, арганізаваны апазыцыйны рух. Суадносіны сілаў паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам у Беларусі менш спрыяльныя, чым ва Ўкраіне. І наўрад ці існуе ў Беларусі такі настрой большасьці, каб разгарнуць рэвалюцыйны рух. Патрэбныя нейкія дадатковыя імпульсы, каб такое стала рэальным.

Таму трэба аналізаваць чыньнікі сацыяльна-эканамічнай стабільнасьці. А параўнаньні з Украінаю тут ёсьць. Вядома, што Расея падтрымлівае рэжым Лукашэнкі таннымі энэргарэсурсамі й іншымі прэфэрэнцыямі. Беларусь надта ізаляваная. У Беларусі значны уплыў Расеі. Тут больш моцная дэнацыяналізаваная бюракратычная ўлада. Таму цяжка сабе ўявіць, каб у найбліжэйшы час тут магла адбыцца такая рэвалюцыя.

Для нас гэта добра зразумела з гледзішча падзелу Ўкраіны на рэгіёны. Я не хацеў бы думаць, што Беларусь — гэта нашая сучасная Данеччына, дзе надзвычайны ўплыў набыло зрошчваньне ўлады, бізнэсу і крыміналітэту. Там няма альтэрнатыўнасьці для большасьці грамадзян, якія прыстасоўваюцца і сьвядома галасуюць за земляка Януковіча зь ягонымі аўтарытарнымі інтэнцыямі. Можа, бліжэй да сытуацыі Беларусі рэгіён Днепрапятроўскай ці Запароскай вобласьці.

Я вельмі спадзяюся, што Беларусь скарыстаецца досьведам украінскай рэвалюцыі. Але, безумоўна, трэба шукаць свой асаблівы шлях і не спадзявацца на капіяваньне”.

(Мацкевіч: ) “Уся сытуацыя ў сьвеце цяпер, агульнае паветра ставяць на парадак дня задачу дэмакратызацыі. Пытаньне толькі пра нагоду і штуршок”.
XS
SM
MD
LG