Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На майдане Незалежнасьці ў Кіеве былі і нашы людзі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У сотнях тысяч беларускіх хатаў у сёньняшні вечар па-сьвяточнаму пахне яловымі галінкамі й смачнымі каляднымі стравамі. А ў нашай пошце апошніх дзён шмат маляўнічых навагодніх паштовак і цёплых словаў віншаваньня. Такіх, напрыклад, якія разам з паштоўкай адрасавала нам Эльжбета Ліберман з пасёлку Палескі Лунінецкага раёну. Яна піша:

“Мы з мужам і раней часта даводзілі родным і знаёмым пра тое, якія цікавыя праграмы ёсьць на вашым радыё. А цяпер робім гэта зь яшчэ большай ахвотай. Дзякуем, што вы ёсьць, што плённа працуеце. Мая асабістая падзяка спадарыні Судлянковай — за тое, што часта зранку можа ўзьняць настрой нейкай сьмешнай навіной, з чаго можна проста парагатаць. Цяпер увесь час гучаць словы з гімну “аранжавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне: “Мы — ня быдла, мы — не хахлы. Мы — Украіны донькі і сыны!” Вось бы дачакацца і нам свайго гімну! Няхай новы год паспрыяе гэтаму”.

А Галіна Сутула з Глыбокага павіншавала нас вершам, у якім ёсьць такія радкі:

“Народзіны Хрыста — сьвятла прамень, Каб не была душа пустэчай-лядам. Каб без грахоў прыйшлі мы ў новы дзень, Каб шчасьцем у жыцьці былі Каляды!”

Дзякуй вам, дарагія слухачы, за цёплыя словы і сардэчныя віншаваньні. Няхай беражэ вас Бог у жыцьцёвых выпрабаваньнях і адорыць ласкай у гэтыя сьветлыя дні.

Ліст ад Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Паўла і многіх яго аднавяскоўцаў і землякоў хвалююць падзеі ў суседняй Украіне. Тым больш, што ўкраінская мяжа побач з Маларытай, і ў жыхароў мясцовых вёсак шмат сваякоў і сяброў на тым баку мяжы. Павал Сац піша:

“У Кіеве на Майдане Незалежнасьці былі і нашы людзі — з Макранаў, Берасьця, Кобрыні і Маларыты. Натуральна, усе яны на баку Юшчанкі. Дзень 26 сьнежня большасьць нашага насельніцтва чакае са спадзяваньнямі на вызваленьне Ўкраіны ад несправядлівай улады, якая займаецца тым, што набівае ўласныя кішэні, не зважаючы на тое, што народ бядуе… Беларускі прэзыдэнт цяпер заклікае сваіх чыноўнікаў павярнуцца тварам да народу, каб беларусы, гэтак жа, як украінцы, ня выгналі трутняў з наседжаных мяккіх крэслаў.

У гісторыі так ня раз было: народ у адно імгненьне можа і ўзьняць цябе на вяршыню славы, і зрынуць у такую бездань, што згінеш бязь сьледу. Што сёньня мы і бачым ва Ўкраіне. Народ не падманеш, падман ня пройдзе”.

Тое, што народ не падманеш — спрэчнае сьцьвярджэньне, спадар Сац. Падмануць, відавочна, можна, чым многія палітыкі не бяз посьпеху і карыстаюцца. Але посьпех гэты часовы, падзеі і ва Ўкраіне, і ў Грузіі, і ў Югаславіі гэта доказна пацьвердзілі. Праўда, розным народам патрэбен розны час, каб упэўніцца ў падмане, пераадолець уласны страх, адважыцца на грамадзянскія ўчынкі, якія вымагаюць мужнасьці і цярплівасьці.

Настаўнік Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну ў сваім лісьце на Свабоду разважае пра тыповыя рысы сёньняшняй беларускай школы. Ён піша:

“Адседзеўшы 11 год на школьнай лаве, 5 — на студэнцкай і 2 гады ў казарме, я быў уражаны тым, якія падобныя школьныя і казармавыя парадкі. Наша школа заўжды працавала і працуе на выпуск сыравіны для таталітарызму. Цяпер гэтая тэндэнцыя набыла новае дыханьне: зноў гуртаваным статкам у піянэры/бээрсээмы (“Вы павінны ўступіць!”) — пад чырвоны штандар. Зноў ідыёцкі бабскі прымус у новы-стары хаўрус. Школа (прынамсі савецкая) заўсёды была месцам рэакцыйнай індактрынацыі і духоўным забойствам дзіцяці. Памятаю, камуністычны шаман-выкладчык наракаў, што, маўляў, нашая моладзь пісьменная, а вось у спрэчках заўжды прайграе заходнікам. “Няма чаго на люстра наракаць, калі морда крывая”, — кажуць у такіх выпадках расейцы. Што заклалі на ўваходзе, тое і атрымалі на выхадзе.

Многія падручнікі паганыя, напісаныя мовай-суконкай, не дастасаванай да дзіцячага ўспрыманьня. Пераклад падручнікаў на беларускую мову зроблены некваліфікаванымі людзьмі, якія часьцяком нармальнай тэрміналёгіі ня ведаюць, нават слоўнікамі не карыстаюцца. Мяркую, што пэўны адсотак вучняў ня варта вучыць адзінаццаць гадоў. Гэта пэўная частка хранічных лайдакоў, дзяцей з псыхічнымі паталёгіямі. Дзіцяці трэба спэцшкола для адсталых, яно не засвойвае нават простых дэфініцыяў, а яго ці яе “пераводзяць” у дзясятую клясу. Глядзіш, і атэстат дадуць. Ці гэта не дэвальвацыя школьнай сярэдняй адукацыі?”

Выснова, якую робіць у сваім лісьце настаўнік Мікалай Волчык, такая:

“У несвабоднай школе зь несвабодным настаўнікам і дзецям няма нічога добрага. Калі б у мяне быў выбар, я не аддаў бы дзіця ў савецка-беларускую школу. Стаўленьне да настаўніка ў грамадзтве крывадушнае. З аднаго боку, яго часам падхвальваюць (словы нічога не каштуюць), а з другога — яго вечна прыніжаюць, папракаюць у няздатнасьці. Пры саветах настаўнік — ануча камуністаў. Караўка караўкаю і засталася. Акрамя зьдзеку, папроку і кухталёў, за сваю працу нічога я ня меў ад начальства. (Граматы і дыплёмы мяне абсалютна не цікавяць, і мне іх, дзякаваць Богу, не давалі.) Я не люблю такую школу, у якой зарабляю сабе кавалак хлеба”.

Цяжка што-небудзь дадаць да вашых, спадар Волчык, словаў — каму як ня вам, дасьведчанаму настаўніку, відаць усе хібы і заганы цяперашняй сыстэмы адукацыі. Іншая рэч, што нават пры самай заганнай сыстэме аснова любой адукацыі — найперш асоба самога настаўніка. Калі гэтая асоба надзелена інтэлектам і талентам, усе іншыя неспрыяльныя фактары ня здольныя мець вырашальнага значэньня. І на шчасьце, такія настаўнікі ў беларускіх школах ёсьць — напэўна, кожны з нас можа згадаць дарагія сэрцы імёны з часу свайго школьнага дзяцінства.

Ліст ад Марыны Багушэвіч зь Менску — на тэму суду над Міхаілам Марынічам, што пачаўся ў Менску на мінулым тыдні. Слухачка піша:

“Чаму вы яшчэ да суду лічыце, што Марыніч не вінаваты? Увогуле, навошта столькі шуму вакол гэтай справы? У Беларусі ж арыштоўваюць ня толькі Марыніча, але і іншых вядомых начальнікаў, якія сталі на сьлізкі шлях. Вунь якія высокія пасады займалі Жураўкова, Рыбакоў, Лявонаў. Але Лукашэнка правільна робіць: ніякая пасада не павінна ўратаваць, калі ты пачаў красьці народныя грошы. Бярэш хабар, падманваеш прэзыдэнта, які даверыў табе высокае крэсла — сядай на турэмныя нары. Я ўпэўнена, што большасьць людзей у Беларусі цалкам падтрымлівае такія арышты. І вы не пераканаеце іх у іншым. Бо людзі бачаць, як жывуць начальнікі. Афіцыйна ён атрымлівае заробак 300 даляраў. А жыве ў катэджы коштам паўмільёна даляраў. Адкуль у яго такія грошы? Кожнаму зразумела”.

Вам, спадарыня Багушэвіч, варта было б больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй затрыманьня і арышту Міхаіла Марыніча, а таксама абвінавачаньнем, якое яму прад’яўлена. А абвінавачваюць яго ў тым, што нібыта захоўваў на лецішчы незарэгістраваны пісталет і што ня меў права трымаць у сваім гаражы аргтэхніку грамадзкай арганізацыі, якую сам узначальваў. Пры гэтым ні сама грамадзкая арганізацыя, ні заходнія грантадаўцы, якія тэхніку набывалі, прэтэнзіяў да Міхаіла Марыніча ня маюць. Гэтыя абвінавачаньні выклікаюць вельмі шмат пытаньняў. Каб адказаць на ўсе падазрэньні сьледзтва (нават калі дапусьціць, што гэтыя падазрэньні слушныя) зусім неабавязкова было трымаць вядомага ў краіне чалавека — былога міністра і амбасадара, аднаго зь лідэраў апазыцыі — у турме.

Параўноўваць гэтую справу са справамі Жураўковай ці Рыбакова прынамсі некарэктна. Там дзейных высокапастаўленых чыноўнікаў арыштавалі паводле падазрэньняў у буйных эканамічных злачынствах. Прытым, каб арыштаваць іх, былі патрэбныя вельмі важкія доказы і высокія санкцыі. І, натуральна, ні пра якую палітычную неляяльнасьць да рэжыму з боку Жураўковай ці Рыбакова размова не ішла.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алег Пракарына зь мястэчка Сноў Нясьвіжскага раёну, Мікалай Ільючык зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну, Валеры Страшчук і Ўладзімер Еўтух зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG