Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямнічыя сьмерці пасьля ўкраінскіх выбараў – міністар, алігарх і супрацоўнік спэцслужбаў


Валер Каліноўскі, Кіеў На дачы пад Кіевам ўчора было знойдзенае цела міністра транспарту Георгія Кірпы з агнястрэльным раненьнем галавы. Спадар Кірпа браў актыўны фінансавы і арганізацыйны ўдзел у кампаніі праўладнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Януковіча, які прайграў выбары 26 сьнежня. Раней у Львове гвалтоўнай сьмерцю загінуў палкоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны.

Па факце сьмерці Георгія Кірпы Генэральная пракуратура Ўкраіны завяла крымінальную справу паводле артыкула “давядзеньне да самагубства”. Сьледчую групу ўзначаліў намесьнік міністра ўнутраных справаў Міхаіл Манін.

Намесьнік Кірпы ў Мінтрансе Іван Салій ужо выказаў вэрсію, што сьмерць Кірпы магла быць зьвязаная з растратай ім значных сумаў дзяржаўных грошай.

Вядома, што перад сьмерцю да Кірпы прыходзіў высокапастаўлены чыноўнік, асоба якога пакуль не высьветленая. Дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксандар Гудыма, які добра ведаў Кірпу, ўжо выказаў сумнеў у вэрсіі самазабойства. Кіеўскі палітоляг Аляксандр Дзергачоў лічыць, што гэтая сьмерць можа быць зьвязаная з выбарчай кампаніяй Януковіча, у фінансаваньні якой Кірпа браў удзел, таксама па ягоным загадзе па ўсёй Украіне езьдзілі спэццягнікі з прыхільнікамі Януковіча, якія бралі ўдзел у фальсыфікацыях з адмацавальнымі талёнамі.

Давераная асоба пераможцы на прэзыдэнцкіх выбарах Віктара Юшчанкі Мікола Таменка ўжо заклікаў Леаніда Кучму неадкладна забясьпечыць аховай кіраўніка ягонай адміністрацыі Віктара Медзьведчука, ўчора звольненага кіраўніка справамі прэзыдэнта Ігара Бакая і намесьніка старшыні СБУ Ўладзіміра Сацюка.

Апошняга некаторыя падазраюць у арганізацыі атручваньня Юшчанкі. Гэтыя людзі павінны патлумачыць грамадзтву, што адбывалася ва Ўкраіне цягам апошніх гадоў, упэўнены Мікола Таменка. Ён заклікаў МЗС Украіны нікому не выдаваць дыпляматычныя пашпарты, каб потым не шукаць па сьвеце былых украінскіх палітыкаў, грошы і дакумэнты. У вэрсію самагубства Кірпы Мікола Таменка ня верыць.

Тым часам сёньня стала вядома, што раней у Львове быў павешаны палкоўнік СБУ 38-гадовы Ўладзімір Паўленка, цела знайшлі ў кватэры, перад сьмерцю ён быў моцна пабіты.

Генэральная пракуратура Ўкраіны сёньня ж завяла справу па артыкуле “давядзеньне да самагубства” і ў сувязі са сьмерцю прэзыдэнта "Укркрэдытбанка” Юрыя Ляха, які ўваходзіў да складу сямёркі аліграхаў, набліжаных да Леаніда Кучмы.

Лях зарэзаў сябе пасьля 21 лістапада на пачатку аранжавай рэвалюцыі. Ён таксама ўдзельнічаў у фінансаваньні выбарчай кампаніі Януковіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG