Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Андрэя Клімава пракуратура завяла крымінальную справу


Міхал Стэльмак, Менск Менская гарадзкая пракуратура распачала крымінальную справу на вядомага палітыка Андрэя Клімава. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня падазраеццца ў абразе прэзыдэнта Беларусі.

Крымінальная справа была распачатая пасьля зьяўленьня кніг Андрэя Клімава “Відавочныя ісьціны”, “Я зрабіў свой выбар” і “Прагулкі з вампірам”. Як паведаміў аўтар, у іх гарадзкая пракуратура ўгледзела факты абразы прэзыдэнта:

(Клімаў: ) “Робіцца ўхіл на тое, што пад тэрмінам “шклоўскі гітлерок”, які я ўжываю, маецца на ўвазе Лукашэнка. Хаця я ў сваіх кнігах нідзе не дапускаў абразы прэзыдэнта. І на заўвагу наконт “шклоўскага гітлерка” сказаў, што і сярод вядомых людзей ёсьць асобы з прозьвішчам Шклоўскі. Напрыклад, акадэмік Расейскай Акадэміі навук Віктар Шклоўскі. У канцы 18 стагодзьдзя ў Расеі быў вядомы махляр з прозьвішчам Шклоўскі. Шмат можна прывесьці аналёгіяў. Але, відаць, экспэрты пры згадках у нашай краіне забойцаў, махляроў і рознага кшталту прайдзісьветаў ды дурняў бачаць толькі Лукашэнку”.

Паводле спадара Клімава, ён адмовіўся даваць паказаньні прадстаўніку пракуратуры. Што тычыцца сапраўднай нагоды завядзеньня крымінальнай справы, то, як лічыць экс-дэпутат, да гэтага спрычынілася ягоная цяперашняя палітычная актыўнасьць. Такая актыўнасьць у зьвязку з украінскімі падзеямі, як лічыць палітык, палохае беларускія ўлады. А вось як пракамэнтаваў рашэньне менскай пракуратуры вядомы актывіст дэмакратычнага руху Леанід Малахаў:

(Малахаў: ) “Я лічу, што гэта спроба запалохаць Андрэя і яго калегаў, простых грамадзянаў Беларусі, у сувязі з тым, што будзе адбывацца ў сакавіку, — 25 сакавіка. У гэты дзень будзе выстаўлены ўльтыматум Аляксандру Лукашэнку. І вось гэтыя спробы завядзеньня крымінальнай справы сьведчаць пра тое, што рэжым Лукашэнкі хвалюецца, ён ня ўпэўнены ў сваіх сілах, імкнецца такімі мэтадамі запалохаць тых людзей, якія прыкладаюць намаганьні, каб зьмяніць сытуацыю ў Беларусі ў лепшы бок”.

Палітычным лічыць рашэньне пракуратуры і намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “У сучасных беларускіх умовах гэтыя артыкулы выкарыстоўваюцца для барацьбы з тымі, хто не паклёпнічае, а крытыкуе рэжым, хто ня згодны з рэжымам. І для мяне няма нічога дзіўнага ў тым, што Клімава абвінавацілі ў абразе. Таму што ён актыўна крытыкуе цяперашнюю ўладу, актыўна крытыкуе палітыку прэзыдэнта, зьвязаную з адсутнасьцю ўсялякіх пераўтварэнняў у краіне”.
XS
SM
MD
LG